Разам дбаюць пра экалогію

- 11:26Навіны рэгіёнаў

У польскім Злотаве прайшоў маладзёжны экалагічны форум, у якім прымалі ўдзел юнакі і дзяўчаты з Польшчы, Германіі і Беларусі. Нашу краіну на форуме прадстаўлялі навучэнцы і педагогі сярэдняй школы № 1 Нясвіжа. Пазнаёміцца з аднадумцамі, знайсці сяброў, павысіць сваю экалагічную дасведчанасць, палепшыць моўныя навыкі — усё гэта змаглі зрабіць удзельнікі мерапрыемства.

— Нясвіж і Злотаў — гарады-пабрацімы, і ў рамках супрацоўніцтва гарадоў рэалізоўваецца шмат цікавых праектаў, — расказвае дырэктар сярэдняй школы № 1 Нясвіжа Таццяна Іванаўна Дубовік. — Мы з задавальненнем прынялі запрашэнне польскага боку ўзяць удзел у форуме, таму што экалагічная тэма надзвычай актуальная для любой краіны. Акрамя таго, такія мерапрыемствы — гэта новыя магчымасці для нашых дзяцей.

У Злотаў адправіліся 6 навучэнцаў і 2 педагогі школы. Мерапрыемства пачалося са знаёмства з горадам: юнакі і дзяўчаты даведаліся пра гісторыю Злотава падчас экскурсіі па ім, наведвання краязнаўчага музея і ўдзелу ў гарадскім квесце.

Экалагічнай тэматыцы былі прысвечаны майстар-класы і акцыі ў рамках форуму. Так, польскія педагогі правялі майстар-клас па дызайнерскім афармленні льняных сумак пры дапамозе экалагічных матэрыялаў. У памяць аб форуме ўдзельнікі пасадзілі ліпавую алею. Працягам форуму сталі турыстычныя прыгоды: сплаў на байдарках і спаборніцтвы ў арыентаванні на мясцовасці. Былі таксама арганізаваны тэматычныя інтэрактыўныя гульні, спартыўныя спаборніцтвы, дыскатэка. Сваімі ўражаннямі ўдзельнікі форуму дзяліліся, сабраўшыся ля вогнішча, тут было сказана шмат цёплых слоў пра ўзаемадзеянне, яднанне і сяброўства.

Форум — гэта не першае мерапрыемства экалагічнай накіраванасці ў рамках узаемадзеяння паміж гарадамі-пабрацімамі. Так, у маі гэтага года дэлегацыя педагогаў Нясвіжчыны прыняла ўдзел у праекце “Экалогія без меж” у Злотаве. Польскія калегі прэзентавалі сваю дзейнасць па экалагічным выхаванні. Беларускія педагогі пабывалі на адкрытых уроках геаграфіі, біялогіі, англійскай і нямецкай мовы, узялі ўдзел у мастацкай майстэрні на адкрытым паветры, здзейснілі пешую прагулку па экалагічнай сцежцы, а таксама наведалі лясніцтва.

Абодва бакі выказваюць шчырую зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве, бо адзначаюць, што разнастайныя сумесныя мерапрыемствы, праекты, сустрэчы даюць плён і дапамагаюць дасягнуць узаемаразумення паміж людзьмі розных краін.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 1 Нясвіжа.