Разам для дзяцей

Кожнае дзіця залежыць ад сям’і, у якой расце. Бацькі вызначаюць развіццё, выхаванне, здароўе, мысленне. Па шматлікіх прычынах, апынуўшыяся ў небяспечнай сітуацыі, дзеці сутыкаюцца з праблемамі, якія тычацца розных бакоў іх жыцця: сацыяльнага, прававога, матэрыяльнага, медыцынскага, псіхалагічнага…

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 г. № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” абавязвае падыходзіць да вырашэння праблем непаўналетніх больш адказна, у рамках сучасных патрабаванняў і магчымасцей. Для выяўлення дзяцей, якія апынуліся ў небяспечнай сітуацыі, выкарыстоўваецца інфармацыя ад зацікаўленых ведамстваў; абследаванне ўмоў жыцця і выхавання непаўналетніх; назіранні спецыялістаў; анкетаванне; аналіз дакументаў; аналіз прадуктаў дзіцячай творчасці ў рамках псіхалагічнай дыягностыкі; аналіз латэнтнага сіроцтва; збор інфармацыі па афармленні непаўналетніх ва ўстановы дашкольнай адукацыі; пратаколы камісіі па справах непаўналетніх; аналіз стану здароўя, развіцця, паспяховасці; аналіз прычын запазычанасці па камунальных плацяжах; паведамленні ад сваякоў і суседзяў; ананімныя званкі і іншае.

Эфектыўнасць работы з нядобранадзейнымі сем’ямі павышаецца за кошт уключэння ў працэс ранняга выяўлення розных ведамстваў для аб’ектыўнасці і правільнасці вызначэння ступені сямейнага няшчасця. “Метадычныя рэкамендацыі па міжведамасным узаемадзеянні суб’ектаў прафілактыкі ў пытаннях выяўлення дзяцей, якія апынуліся ў небяспечнай сітуацыі”, зацверджаныя міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь 14 снежня 2017 г., вызначаюць парадак дзеянняў суб’ектаў прафілактыкі па выяўленні дзяцей, якія апынуліся ў неспрыяльнай сітуацыі. На падставе рэкамендацый па міжведамасным узаемадзеянні намеснік дырэктара Смаргонскага СПЦ І.У.Гарлуковіч і педагог-псіхолаг цэнтра Н.М.Мікеня распрацавалі парадак дзеянняў спецыялістаў устаноў адукацыі па міжведамасным узаемадзеянні суб’ектаў прафілактыкі ў пытаннях выяўлення дзяцей у небяспечнай сітуацыі, які вельмі дапамагае спецыялістам устаноў адукацыі нашага раёна.

Кожны дзяржаўны орган, установа і арганізацыя, якія маюць на мэце абараняць правы дзяцей, законныя прадстаўнікі якіх неналежным чынам выконваюць абавязкі па іх выхаванні і ўтрыманні, сваім крылом накрывае дзіця ад бяды. З лапікаў ствараецца прыгожая і надзейная коўдра, якая клапатліва хавае кожнае дзіця. І толькі ад нас будзе залежаць, трывалая і цёплая яна ці “свеціцца” ад дзірак.

Ларыса ТАТАРЫНАВА,
дырэктар Смаргонскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.