Разам — для роднай школы

З арганізацыяй адукацыйнага працэсу, матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базай сярэдняй школы № 1 Новалукомля азнаёміліся ўдзельнікі выязной калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама. У пасяджэнні прынялі ўдзел памочнік прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч і старшыня Чашніцкага райвыканкама Леанід Пляшко.

Экскурсію па ўстанове адукацыі для гасцей правялі навучэнцы і педагогі, пра яе дзейнасць падрабязна расказала дырэктар Фаіна Вішнеўская. У школе праводзіцца мэтанакіраваная сістэмная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і добраўпарадкаванні. Сучасны выгляд і належнае тэхнічнае забеспячэнне пасля рамонту набылі вучэбныя класы і настаўніцкая, якая, дарэчы, актыўна выкарыстоўваецца не толькі для працы і адпачынку педагогаў — тут праходзяць кансультацыі, інструктыўна-метадычныя нарады, пасяджэнні папячыцельскага савета, бацькоўскага камітэта.

У адпаведнасці з патрабаваннямі да прафарыентацыйнай работы з мэтай арыентацыі школьнікаў на атрыманне рабочых прафесій, асаблівая ўвага была скіравана на рамонт і абсталяванне двух кабінетаў працоўнага навучання: набыты неабходныя інструменты і прыборы, створаны ўсе ўмовы для правядзення вучэбных заняткаў. Зроблены рамонт даху і адмостак, парапетаў, фасада будынка, на прышкольнай тэрыторыі пачалося планамернае аднаўленне асфальтавага пакрыцця. Адрамантаваны ўсе ўнутраныя памяшканні, у тым ліку гардэроб, спартыўныя залы і пляцоўкі, сталовая і харчаблок. У галоўным будынку цяпер кожны паверх мае сваю накіраванасць: першы — гульнявы, другі — выставачны, трэці — спартыўны. У рэкрэацыі ўстаноўлены мультыборд, сцены ўпрыгожылі карціны мясцовых мастакоў, дзясяткі новых, яркіх стэндаў і рол-апаў, дзе размешчана карысная і патрэбная інфармацыя. Варта адзначыць, што іх напаўненне педагогі распрацоўвалі самі.

— З верасня мінулага года мы рэалізоўваем рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры навучэнцаў у сферы энергетыкі ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі”, у рамках якога створаны раённы рэсурсны цэнтр “Энергазберажэнне пачні з сябе”, — праінфармавала Фаіна Аўсееўна. — Праведзена вялікая работа па яго абсталяванні. Мы набылі электрафікаваныя вучэбныя стэнды, фрагменты шклопакетаў, рол-апы. Асобныя экспанаты падарылі нашы шэфы з Лукомльскай ГРЭС. З’явілася ў школе і ўласная міні-электрастанцыя (яе па нашым заказе вырабілі ў Віцебскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 5 прыборабудавання), а цуда-веласіпед набыты за пазабюджэтныя сродкі. Сама ідэя ўстанавіць прыбор, здольны пераўтвараць механічную энергію ў электрычную, узнікла пасля экскурсіі ў філіял РІПА “Экатэхнапарк — Волма”. З гэтай установай мы плённа супрацоўнічаем. У мінулым годзе група нашых навучэнцаў на працягу некалькіх дзён выконвала там лабараторныя работы на спецыяльным абсталяванні, атрыманыя даныя сталі асновай для даследчай работы.

Запланавана аналагічная паездка для вывучэння работы геліякалектара ў ходзе рэалізацыі праекта “Сонечны геліякалектар для нагрэву вады як варыянт эканоміі энергарэсурсаў”. На базе рэсурснага цэнтра мы наладзілі цесныя сувязі з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства. Напрыклад, дзесяцікласніца Ксенія Казінец другі год займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “Генетыка і селекцыя”. Разам са школьным настаўнікам біялогіі і пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі інтэлектуальнага развіцця дзяцей і моладзі Івана Рускіх яна праводзіла даследаванні на базе цэнтра і цэнтральнай раённай бальніцы, удзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных праектаў, а сёлета рыхтуецца да ўдзелу ў Абласным конкурсе работ даследчага характару “Эўрыка-2019”.

З вясны пачалі супрацоўнічаць з інфармацыйным цэнтрам па атамнай энергіі і паспелі ўжо атрымаць спецыяльнае абсталяванне, распрацаваць праект, адпаведныя маршруты, правялі велапрабег, падчас якога зрабілі больш за 60 замераў радыяцыйнага фону ў самых масавых месцах Новалукомля і яго ваколіц. Мы вызначалі самы нізкі і самы высокі ўзровень радыяцыйнага фону ў горадзе, стварылі інтэрактыўную карту, размясціўшы яе на сайце школы ў раздзеле “Інавацыйная дзейнасць”, дзе аб’яднаны ўсе даныя (гэта пачатак новай даследчай работы).

На абласным конкурсе па выбары выканаўцаў мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы па энергазберажэнні на 2016—2020 гады наша школа вызначана выканаўцай мерапрыемстваў па ўкараненні энергаэфектыўных асвятляльных прылад і замене абсталявання на менш энергаёмістае ў харчаблоках з суфінансаваннем са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Дзякуючы сяброўству з калектывам Лукомльскай ГРЭС, мы першымі ў горадзе ўстанавілі падсвечванне на будынках.

Гонар установы адукацыі — экалагічны куток і музей, на базе якіх праводзяцца заняткі аб’яднанняў па інтарэсах і пазакласныя мерапрыемствы. Юныя жыхары Новалукомля пастаянна перамагаюць на раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Здароваму ладу жыцця, развіццю фізкультуры і спорту надаецца прыярытэтнае значэнне. Так, забяспечанасць спартыўным інвентаром для зімовых відаў спорту стапрацэнтная, а школьны зімовы каток з задавальненнем наведваюць як школьнікі і педагогі, так і мясцовыя жыхары.

З адкрытым на базе ўстановы адукацыі цэнтрам дапрызыўнай падрыхтоўкі чытачы газеты знаёмы па папярэдніх публікацыях. Абсталявана пры школе і новая пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху з вынаснымі дарожнымі знакамі і разметкай. Для апрацоўкі клумб і зялёных насаджэнняў за пазабюджэтныя сродкі набыты культыватар, прычэп і газонакасілка, а для агарода — дзве полікарбанатныя цяпліцы. Вясной у іх ужо вырошчвалі расаду кветак, таматаў і перцаў.

Па словах дырэктара школы, пазабюджэтныя сродкі, у тым ліку атрыманыя шляхам арганізацыі платных адукацыйных паслуг і здачы другаснай сыравіны, — адзін з важных рэсурсаў развіцця ўстановы адукацыі. Сіламі тэхперсаналу і настаўнікаў быў выкананы рамонт аднаго з паверхаў інтэрната — яго перавод у камерцыйнае жыллё даў магчымасць прадастаўляць пакоі для пражывання гасцям горада. Практычна кожныя канікулы ў школе працуе брыгада другаснай занятасці. У прыватнасці, гэта дазволіла ажыццявіць рамонтныя работы ў вучэбных класах, аднавіць мэблю.

Рупіцца калектыў і па добраўпарадкаванні саду. Часткова выдалены старыя і высаджаны маладыя пладовыя дрэвы, а мінулай вясной — яшчэ і ягаднае кустоўе; спецыяльна выраблены малыя архітэктурныя формы. Сад набыў новы статус парка школьных сяброў, ідэя развіцця якога лягла ў аснову новага гуманітарнага праекта. Распрацаваны будаўнічы праект па электразабеспячэнні парку дэкаратыўным падсвечваннем.

Па выніках 2018 года школа прызнана лепшай у раёне ўстановай адукацыі, размешчанай у гарадской мясцовасці, а сёлета заняла 1-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да навучальнага года і 1-е месца ў гарадскім аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні тэрыторый прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый Новалукомля.

Высокую ацэнку дзейнасці школы даў Анатоль Ліневіч. Памочнік прэзідэнта асабіста падзякаваў за эфектыўную работу Іне Сыроўчанка, папярэдняму дырэктару ўстановы адукацыі, зараз — намесніку старшыні райвыканкама, якая таксама прысутнічала на пасяджэнні калегіі.

— Ідэя выязной калегіі ў сярэдняй школе № 1 Новалукомля была выказана Анатолем Канстанцінавічам Ліневічам, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Неўзабаве пасля майго прызначэння на цяперашнюю пасаду мы правялі калегію ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы, які ўзначальвае Аляксандр Міхайлавіч Ласякін. Асноўнай мэтай было паказаць, што праз прыняцце дасведчаных кіраўніцкіх рашэнняў, пры рацыянальным прымяненні ўсіх наяўных рэсурсаў, пры жаданні і намаганнях усяго працоўнага калектыву ўстанова адукацыі можа за невялікі час дасягнуць значных поспехаў у рабоце, у тым ліку ў частцы аднаўлення і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сёння мы вярнуліся да гэтай тэмы на прыкладзе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Фаіна Аўсееўна Вішнеўская кіруе школай з лета бягучага года, да яе паўтара года дырэктарам была Іна Фёдараўна Сыроўчанка. Вы бачыце, наколькі змянілася як сама ўстанова адукацыі за гэты час, так і адносіны педагогаў, тэхнічнага персаналу, навучэнцаў да роднай школы. Змены не адбыліся ў адзін момант, яны з’яўляюцца плёнам добра спланаванай сістэмнай дзейнасці па ўсіх напрамках. Калі кіраўнік ініцыятыўны і дасведчаны, бачыць перспектыву, мае здаровыя амбіцыі, гарыць сваёй работай, вакол яго фарміруецца і пастаянна пашыраецца калектыў аднадумцаў, здольны працаваць эфектыўна і творча. На прыкладзе гэтай школы мы бачым выдатны варыянт арганізацыі работы, калі нават без вялікіх фінансавых укладанняў і капітальнага рамонту можна атрымаць сур’ёзны вынік.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.