Разам дзеля сям’і

- 15:36Нам пішуць

Паспяховае дзіця — гэта дзіця шчаслівае, упэўненае ў тым, што яго любяць, разумеюць і падтрымліваюць самыя блізкія і родныя. Бо, і гэта ні для каго не сакрэт, усё добрае і дрэннае, што ёсць у чалавеку, ідзе з сям’і. Добра, калі дзіцяці ўтульна сярод родных. А што, калі не вельмі, або, што яшчэ горш, небяспечна? Што, калі самі бацькі заблыталіся і не могуць выбрацца з павуціння ўласных памылак, няведання? 

Дзейнасць сучаснай школы ўключае ў сябе работу не толькі з дзецьмі, але і з бацькамі. Аднак ёсць выпадкі, калі адной школе не справіцца і патрабуецца дапамога іншых спецыялістаў. З гэтай мэтай наша ўстанова адукацыі, сярэдняя школа №2 Быхава, прымае ўдзел у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі сацыяльна-педагагічнай і псіхолага-педагагічнай падтрымкі дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, праз інтэграцыю ўзаемадзеяння: дзіцячы сад — школа — сацыяльна-педагагічны цэнтр”.

Інавацыйная каманда ўстановы адукацыі складаецца з сямі педагогаў. Спачатку ўвесь педагагічны калектыў, бацькоў праінфармавалі пра мэту праекта, ступені ўдзелу кожнага ў ім. На пачатковым, дыягнастычным, этапе педагог-псіхолаг правяла дыягностыку “Ацэнка гатоўнасці педагогаў да інавацыйнай дзейнасці”, “Кампетэнцыі педагогаў”. Дыягностыкі дапамаглі выбраць найбольш актыўных, гатовых да новага педагогаў, якія і сталі ўдзельнікамі праекта.

У перыяд з верасня 2015-га. па кастрычнік 2016-га года ўдзельнікі праекта наведалі шэраг семінараў у СПЦ Магілёва, інстытута развіцця адукацыі, а таксама семінараў, арганізаваных СПЦ Быхава.

Найбліжэйшай мэтай інавацыйнага праекта з’яўляецца не вывядзенне сям’і з сацыяльна небяспечнага становішча, а распрацоўка пэўных алгарытмаў, схем дзеянняў пры выяўленні нядобранадзейнасці ў сям’і, вядзенне дакументацыі (і ўсё гэта ў працэсе ўзаемадзеяння), якія могуць стаць агульнапрынятымі, каб дзейнасць у гэтым напрамку набыла пэўныя рамкі і палегчыла работу спецыялістам СППС, а, значыць дазволіла вызваліць час для непасрэдных зносін з бацькамі і дзецьмі.

На сённяшні дзень распрацаваны алгарытм узаемадзеяння СПЦ — школа пры здарэньне ў сям’і няшчасці; узоры зваротаў у iншыя арганiзацыi (напрыклад, у РАУС, ЦСАН, установы аховы здароўя); схема арганізацыі сацыяльнага расследавання; ўзоры справаздач класных кіраўнікоў, СППС; памяткі класным кіраўнікам па рабоце з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У рамках праекта ўзмацнілася ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі, у нашым выпадку — дззіцячага саду-ясляў №4 “Каласок”, сярэдняй школы №2, сацыяльна-педагагічнага цэнтра Быхава. У пералічаных установах праводзяцца сумесныя саветы прафілактыкі, семінары, распрацоўваюцца сумесныя індывідуальныя планы па абароне праў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, калі адзін з непаўналетніх навучаецца ў школе, а другі малы з гэтай сям’і наведвае дашкольную ўстанову. Вызначаюцца напрамкі работы для кожнай установы з узаемным абменам атрыманай інфармацыяй, размеркаваннем абавязкаў.

На аснове ўзаемадзеяння будуецца і работа з Быхаўскім сацыяльна-педагагічным цэнтрам. У індывідуальныя планы абароны праў і законных інтарэсаў непаўналетніх уключаюцца мерапрыемствы прафілактычнага ўздзеяння на бацькоў з прыцягненнем прадстаўнікоў СПЦ.У цэнтр перадаецца абагульненая інфармацыя па рэалізацыі індывідуальнага плана, інфармацыя аб ухіленні арганізацый-партнёраў ад выканання плана ці пра непрадстаўленне інфармацыі.

Спадзяёмся, што сумеснае вырашэнне праблем, дапаможа пазбегнуць жыццёвых трагедый, звязаных з сацыяльнай безнагляднасцю непаўналетніх.

Наталля БАРАНОЎСКАЯ і Зоя ПАСТАЯЛКА,
сацыяльныя педагогі сярэдняй школы №2 Быхава, Магилёўская вобласць.