Своеасаблівым імпульсам для развіцця інфармацыйнага супрацоўніцтва стала чарговая рабочая сустрэча прадстаўніцтва Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” з кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама.
Нагода для сустрэчы была прыемнай. Магілёўская вобласць стала пераможцай першага конкурсу выдавецкага дома па выніках падпісной кампаніі. У ходзе конкурсу ацэньваліся вынікі падпіскі на друкаваныя выданні за трэці квартал бягучага года. Магілёўшчына стала лідарам у сваёй намінацыі. У ліку лепшых аказаўся таксама шэраг райцэнтраў рэгіёна. Адным словам, колькасць падпісчыкаў на галіновыя выданні сярод настаўніцтва Прыдняпроўскага краю самая высокая па краіне.
Пераможны дыплом і каштоўныя падарункі начальніку галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэю Заблоцкаму ўручыла першы намеснік ВД “Педагагічная прэса” Святлана Грыб.
— “Настаўніцкая газета” і іншыя выданні сёння па праве маюць значны аўтарытэт. Кожнае адрозніваецца сваім стылем, разнастайнасцю меркаванняў і падыходаў да найважнейшых напрамкаў дзейнасці сферы адукацыі. Наша плённае ўзаемадзеянне паспрыяла асвятленню арганізацыі адукацыйнага працэсу ў навучальных установах рэгіёна, трансляцыі вопыту лепшых педагогаў, іх поспехаў і здабыткаў. Спадзяюся, што ў падобным ключы сумесная праца будзе будавацца і далей, — адзначыў Андрэй Барысавіч.
У сваю чаргу Святлана Грыб падкрэсліла, што Выдавецкі дом заўсёды адкрыты для прапаноў і гатовы падтрымаць усе дзейсныя ініцыятывы.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны надзённыя пытанні функцыянавання карэспандэнцкага пункта ў рэгіёне, праблемы і дасягненні ў сферы адукацыі краіны. Падрабязна пагутарылі і аб наступных кроках у інфармацыйным супрацоўніцтве, былі вызначаны канкрэтныя тэмы для публікацый. У цэнтры ўвагі аказаліся новыя рубрыкі “Настаўніцкай газеты”, асабліва актуальны ў сучасных рэаліях дадатак “Школа кіравання”.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.