Разам мы можам больш

- 11:01Людзі адукацыі

Імя Вольгі Жыхаркі, педагога-арганізатара Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, вядома многім яе землякам-педагогам. На яе рахунку — званне “Чалавек года — 2016” у галіне адукацыі, перамога на абласным конкурсе “Суперважаты-2017” у намінацыі “Вопыт і майстэрства”, 6 гадоў запар менавіта яе піянерская дружына і пярвічка БРСМ прызнаюцца лепшымі ў раёне. А днямі Вольга Аляксандраўна атрымала чарговую ўзнагароду — перамогу на Рэспубліканскім конкурсе “Валанцёр года — добрае сэрца” ў намінацыі “Асабісты ўклад сярод працоўнай моладзі” па выніках 2018 года.

Валанцёрскі шлях Вольгі Аляксандраўны пачаўся восем гадоў назад, калі ў яе школе цяжка захварэла дзіця і яна ініцыіравала збор сродкаў на яго лячэнне. Дзяўчынка перанесла некалькі аперацый, адолела хваробу і сёння паспяхова вучыцца ў 8 класе. Праз гады збор сродкаў для хворых дзяцей стаў толькі невялікай часткай работы валанцёрскага атрада “Рука ў руцэ”. “Лепш дарыць, чым мець патрэбу”, — гэта стала жыццёвым крэда В.Жыхаркі і яе атрада. Тэрапія пры дапамозе клоўнаў, лялек, тэатра, малявання, твістынгу — пад кіраўніцтвам Вольгі Аляксандраўны школьнікі навучыліся многаму. З канцэртнымі праграмамі, дабрачыннымі святамі яны ездзяць да дзяцей у Баранавічы, Пінск, Брэст і іншыя гарады.

У 2016 годзе школьны валанцёрскі атрад атрымаў перамогу не толькі на абласным этапе конкурсу “Валанцёр года — добрае сэрца” ў намінацыі “Разам мы можам больш”, але і на рэспубліканскім этапе ў намінацыі “Добрыя справы ў фотааб’ектыве”. Прымаючы тады віншаванні, хлопчыкі і дзяўчынкі вырашылі паказаць усіх, каму абавязаны гэтай перамогай. І ў бягучым годзе, наведваючы сваіх новых сяброў у сацыяльным прытулку Баранавіч, пацыентаў дзіцячай бальніцы, навучэнцаў ЦКРНіР Баранавіч і раёна, валанцёры бралі з сабой відэакамеру і час ад часу факусіравалі яе не толькі на дзецях і іх усмешках, але і на кіраўніку свайго атрада. Зманціраваны відэаролік, дапоўнены сурдаперакладам, не пакінуў раўнадушным журы згаданага конкурсу.

— Я на інтуітыўным узроўні адчуваю, што дзіця можа стаць добрым валанцёрам. І для гэтага яно не абавязкова павінна быць актывістам. У мой атрад прыходзяць розныя дзеці, але найчасцей — з сацыяльна нядобранадзейных сем’яў, замкнутыя. І таму калі яны раскрываюцца, мяне гэта па-сапраўднаму радуе. За 8 гадоў не было ні разу, каб дзеці прыйшлі да мяне ў атрад, а потым перадумалі і кінулі валанцёрства. Яны дапамагаюць іншым і па-за сценамі школы, без падліку выдзеленага часу і сваіх сіл. Цэлы год — і падчас вучобы, і падчас канікул — усе суботы мы разам. То заняткі праводзім, дзе я вучу дзяцей валанцёрскай справе, то едзем ва ўстановы да іншых дзетак.

А з нядаўняга часу, дзякуючы дачцэ Вольгі Жыхаркі, у поле зроку атрада трапілі яшчэ і бяздомныя жывёлы. Аляксандра з 7 класа валанцёрыць разам з мамай, сёлета заканчвае школу і, пакуль не здзейсніць сваю мару — стаць ветурачом, з сябрамі дапамагае жывёлам у раённым прытулку як валанцёр.

“Мама — прыклад для ўсіх дзяцей. У яе тысячы ідэй. Яна прыцягвае сваёй непасрэднасцю, энергіяй”, — гаворыць Аляксандра. Як вынік — многія вучні школы далучаюцца да дзейнасці атрада, але яго касцяк — 15 чалавек. І каб стаць яго часткай, трэба прайсці сапраўдны адбор.

— Самых упартых мы абавязкова запытаем, ці гатовы яны аддаваць свае суботы не на адпачынак, не на гульні ў футбол ці за камп’ютарам, а на паездкі ў дзіцячы дом, прытулак, дом састарэлых. І толькі калі мы бачым сур’ёзнасць намераў патэнцыяльных валанцёраў, бяром іх у нашу сям’ю, — гаворыць В.А.Жыхарка. — Дарэчы, менавіта візіты ў дом састарэлых заўсёды даюцца дзецям цяжка ў эмацыянальным плане. Праўда, менавіта за гэта нам дзякуюць іх бацькі. Кажуць, вяртаючыся адтуль, дзеці кардынальна мяняюцца: абдымаюць сваіх мам і татаў, становяцца больш уважлівымі да іх. Бацькі адзначаюць: “Мабыць, пасля гэтых паездак нашы дзеці нас у дом састарэлых не аддадуць”. А я адказваю: “І сваіх дзяцей ніколі не кінуць”. Была ў мяне выпускніца, якая пасля Пінскага дома малюткі настойвала, каб мама забрала адтуль маленькую дзяўчынку. І нягледзячы на тое, што ў іх было пяцёра сваіх дзяўчынак (дарэчы, усе былі маімі валанцёрамі), жанчына гатова была паслухаць дачку. Але не паспела — малечу забралі ў іншую сям’ю”.

“Вольга Аляксандраўна ўсюды, дзе ёсць бяда, — расказвае Ганна Іванаўна Багдановіч, таксама педагог-арганізатар Жамчужненскай сярэдняй школы. — У нашай школе два хлопчыкі хворыя на анкалогію. І для іх па ініцыятыве В.Жыхаркі збіраюцца сродкі на лячэнне. Напрыклад, у гэтым годзе нам удалося сабраць па 2000 рублёў для кожнага. Яна той валанцёр, які не будзе хваліцца сваімі добрымі справамі, а проста іх робіць. Ёй не трэба нагода, каб зрабіць дабро. А калі трэба, гэтую нагоду яна сама і прыдумвае. Напрыклад, адсвяткаваць у дзіцячай бальніцы Новы год яна вырашыла летам — Дзед Мароз засумаваў на Поўначы і прыехаў да дзяцей. Але, мабыць, нават не столькі Дзеда Мароза чакаюць дзеці, колькі Вольгу Аляксандраўну ў вобразе клоўна Ірыскі — і ў раёне, і ў вобласці”.

У гэтыя дні Вольга Аляксандраўна і яе атрад закружыліся ў кругавароце калядных і навагодніх мерапрыемстваў. Так, у суботу ў школе прайшоў абласны злёт валанцёрскіх і цімураўскіх атрадаў “Тэрыторыя дабра”, дзе ў фармаце квест-гульні Вольга Аляксандраўна і яе выхаванцы знаёмілі больш за 100 калег па добраахвотніцкім цэху з цікавымі творчымі формамі арганізацыі калядных і навагодніх сустрэч са сваімі падапечнымі — выхаванцамі дзіцячых дамоў і сацыяльных прытулкаў, дамоў сямейнага тыпу і рэабілітацыйных цэнтраў, дамоў-інтэрнатаў і дамоў ветэранаў, мнагадзетных і апякунскіх сем’яў. Падчас майстар-класаў валанцёры навучылі рабіць паштоўкі і цацкі, лялькі-матанкі, сувенірнае мыла і фігуры з паветраных шароў, на некаторы час ператварыліся ў клоўнаў і Дзядоў Марозаў. Адметнасцю фестывалю стала пляцоўка, дзе дзеці выраблялі для ветэранаў і адзінокіх пажылых людзей цёплыя пледы з яркіх вязаных кавалачкаў.

Дарэчы, ва ўсіх гэтых праграмах прымаюць удзел і выпускнікі В.Жыхаркі. Амаль усе яны сталі валанцёрамі ў сваіх УВА. Многія абралі педагагічныя спецыяльнасці, чаму паспрыяла менавіта валанцёрства.

Па прызнанні Вольгі Аляксандраўны, галоўнае для яе — не толькі падарыць усмешку тым, на чыіх вуснах яна рэдка бывае. “Я дакладна ведаю, што мае дзеці выходзяць са школы шчырымі, сумленнымі, добрымі. Яны ніколі нікога не пакінуць у бядзе”, — упэўнена педагог.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Ганны ПЯТРОЎСКАЙ.