Разам мы сіла

У Баравікоўскай сярэдняй школе Светлагорскага раёна падчас асенніх канікул быў рэалізаваны праект працоўнай дзейнасці для вучняў.

Працоўнае выхаванне, работа па прафесійнай арыентацыі вучняў ва ўсе часы з’яўляліся значнымі кірункамі адукацыйнага працэсу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У сучасных рэаліях гэтая дзейнасць становіцца асабліва эфектыўнай, калі разам са школай супрацоўнічаюць міжведамасныя структуры.

Адной з актуальных задач, над якой працуе педагагічны калектыў нашай установы адукацыі ў 2017/2018 навучальным годзе, з’яўляецца выхаванне ў вучняў павагі да працы, прывіццё імкнення працаваць, фарміраванне навыкаў самаабслугоўвання, дапамога ў прафесійным самавызначэнні. Праектная дзейнасць, арганізаваная пры фінансавай падтрымцы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Светлагорскага райвыканкама, — удалы спосаб вырашэння пастаўленай задачы.

Падчас асенніх канікул у праекце былі задзейнічаны 22 вучні ва ўзросце 14—17 гадоў. Дзякуючы рэкламе на сайце ўстановы, на старонцы школы ў сацыяльнай сетцы, акрамя вучняў Баравікоўскай сярэдняй школы, да работы далучыліся і вучні з чатырох устаноў Светлагорска: №№ 9, 10, 11 і гімназіі. З падлеткамі былі заключаны працоўныя дагаворы, а графік работы быў складзены з улікам узросту вучняў, з рэгламентаванымі перапынкамі на адпачынак, абед.

Праект складаўся з трох кірункаў: добраўпарадкаванне тэрыторыі, перасадка пакаёвых кветак, выраб стэндаў. Яшчэ да пачатку работы вучні прайшлі атэстацыю, па выніках якой ім была прысвоена кваліфікацыя: рабочы зялёнага будаўніцтва 2 разраду, кветкавод 2 разраду, сталяр 2 разраду.

Першыя два кірункі ўжо даўно сталі традыцыйнымі. А вось праект па вырабе стэндаў — унікальны для Светлагорскага раёна. Ажыццявіць такі від дзейнасці нашай установе ўдалося пры супрацоўніцтве як з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абороне насельніцтва, так і з прадпрыемствам “Вялікая літара” (прадпрыемства займаецца вытворчасцю знешняй рэкламы, шыльд, стэндаў і таблічак). Упершыню мы паспрабавалі такога роду дзейнасць яшчэ на летніх канікулах, калі школьнікамі за 10 працоўных дзён былі зроблены 22 сучасныя стэнды, 44 таблічкі на дзверы. Вынікам работы падчас асенніх канікул (5 працоўных дзён) стаў выраб 21 стэнда. Работа даволі карпатлівая, патрабуе ўвагі, а таксама асаблівых уменняў, якія набываліся падчас майстар-класаў, праведзеных работнікамі прадпрыемства “Вялікая літара” для вучняў і педагогаў.

Рэалізацыя міжведамасных працоўных праектаў — дзейсны спосаб прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх, эфектыўная форма іх занятасці, выхад на новы ўзровень атрымання вучнямі навыкаў прафесійнай дзейнасці, адкрыццё магчымасцей іх матэрыяльнага стымулявання.

Ані МХАЯН,
в.а. намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце
Баравікоўскай сярэдняй школы Светлагорскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *