Разам мы SUPERсіла!

- 11:08Выхаванне

У нядзелю на стыку граніц Беларусі, Латвіі і Расіі завяршыўся XXVIII Міжнародны маладзёжны лагер “Бе-La-Русь-2019”. Лясная паляна ля “Кургана Дружбы” ў Верхнядзвінскім раёне на 4 дні стала месцам сустрэчы больш як 500 самых актыўных у спорце, творчасці, адукацыі, камунікацыі, кіраванні, дружбе юнакоў і дзяўчат з вядучых маладзёжных арганізацый краін-суседак — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Саюза за прагрэс моладзі Латвіі і Расійскага саюза моладзі.

На агеньчык завіталі і ветэраны, і ганаровыя госці. Сёлета лагер праходзіў у фармаце форуму і пад дэвізам “Раскрый сваю SUPERсілу!”.

Тут асаблівая ахоўная зона: праз 150 метраў ужо Латвія, побач — расійскія рубяжы. Цішыню тут круглы год ахоўваюць пагранічнікі трох краін. Акрамя некалькіх дзён, калі ля самых межаў разбіваюць палаткі ўдзельнікі лагера “Бе-Lа-Русь” і гэтая паляна чатыры дні і тры ночы жыве пад папулярныя музычныя біты і гітарныя імправізацыі. Палаткі, дамы на колах, спартыўныя палі, канцэртная пляцоўка, нават адукацыйныя класы — вольнага месца на пяці гектарах няма.
Традыцыі — вось што тут галоўнае. Традыцыйна ўваходны білет на паляну, у палатачны гарадок — красоўкі, кацялок і ўсмешка. Традыцыйна сустрэча сяброў праходзіць толькі тут. Гэты курган быў насыпаны роўна 60 гадоў назад на мяжы трох краін у памяць аб баявой садружнасці партызан Беларусі, Латвіі і Расіі. Ад кургана пракладзены тры алеі: у бок Беларусі — бярозавая, Латвіі — ліпавая, Расіі — кляновая. На вяршыні кургана расце дуб як сімвал добрасуседскіх адносін трох нацый, і таму дубовы ліст стаў сімвалам Міжнароднага маладзёжнага лагера “Бе-La-Русь”. Па традыцыі падчас цырымоніі пасвячэння менавіта дубовымі венікамі старажылы лагера “параць” навічкоў і абліваюць вадой з прыгранічнай рэчкі Сіняй, якая з’яўляецца цяпер мяжой паміж Расіяй і Латвіяй.

На кожным баку ўстаноўлены партызанскія мемарыялы. На расійскім — помнік партызанскай падпольшчыцы Марыі Пынто, замучанай карнікамі. На беларускім — помнік маладзёжнай інтэрнацыянальнай падпольнай арганізацыі вёскі Прошкі. На латвійскім баку ўсталяваны помнік Герою Савецкага Саюза партызану-падпольшчыку Іманту Судмалісу. Па даўняй традыцыі ўдзельнікі лагера ўсклалі гірлянды і кветкі да манументаў камсамольцам прошкаўскага падполля і разведчыцы Марыі Пынто, а праз латвійскіх пагранічнікаў перадалі гірлянды для ўскладання да помніка Іманта Судмаліса.

— Маладое пакаленне захоўвае памяць пра подзвіг беларусаў, рускіх і латышоў, якія разам змагаліся супраць ворага ў час Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла сакратар ЦК БРСМ Аляксандра Ганчарова. — Міжнародны лагер “Бе-Lа-Русь” спрыяе ўмацаванню дружбы паміж нашымі народамі. Сваім прыкладам мы яшчэ раз паказваем, што ніякія падзеі ў свеце не могуць перашкодзіць моладзі мець зносіны і сябраваць.

Кожны год гаспадыняй лагера становіцца адна з трох краін-удзельніц. Сёлета прымаючым бокам і галоўным арганізатарам выступае Беларусь.

— Дэвіз сёлетняга лагера “Раскрый сваю SUPERсілу!” — гэта своеасаблівы зварот-заклік да маладых людзей, якія сабраліся ў лагеры, — зазначыла Аляксандра Ганчарова. — Моладзь — гэта вялікая рухаючая сіла. Мы годна праяўляем сябе ў спорце, творчасці, адукацыі, кіраванні і, што самае галоўнае, у дружбе! Суперсіла моладзі — у яе актыўнай жыццёвай пазіцыі і ініцыятыўнасці, у захаванні пераемнасці пакаленняў.

Сёлета ў “Бе-La-Русі” крыху зменены фармат. Удзельнікаў чакала не толькі чарада творчых і спартыўных спаборніцтваў — чэмпіянаты па валейболе і футболе, дартсе, спаборніцтвы па перацягванні каната, але і трэнінгі на камандаўтварэнне: маладзёжны дыялог, інтэлектуальная гульня “Аліяс”. Праграма лагера ўключала і адукацыйныя трэнінгі і дыскусіі. Так, расіяне расказалі пра адукацыю будучыні, латвійскі коўч павучыў афармляць сацыяльныя праекты, а беларусы завастрылі ўвагу на матывацыйных трэнінгах. Цікавай і насычанай была творчая праграма. Гэта вялікі канцэрт, конкурс візітовак, фестываль песні пад гітару “Супергерой “Бе-La-Русі”, конкурс бівуакаў “Сусвет “Бе-La-Русі”.

Сярод навінак — шоу-праграма Stand Up, гатаванне і дэгустацыя страў нацыянальнай кухні SUPER_FOOD, а таксама ўпершыню адбыўся жартоўны забег марафону SupeRun. Яго ўдзельнікамі сталі 137 чалавек. 1,5-кіламетровую дыстанцыю яны пераадольвалі альбо ў касцюмах міфалагічных персанажаў краін-удзельніц, альбо ў вобразах кіношных супергерояў сучаснасці.

Дзмітрый Варанюк, першы сакратар ЦК ГА “БРСМ”, упэўнены, што кожны валодае суперсілай, і лічыць, што прыстаўка “супер” больш падыходзіць не столькі да сучасных кіношных герояў, колькі да тых, чый талент жыве вякамі. У якасці прыкладу прыводзіць Францыска Скарыну ці Янку Купалу, якіх, кажа, папросту можна назваць беларускімі супергероямі.

Вячаслаў Хрол з Віцебска ідэю для свайго касцюма запазычыў з творчасці беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры”. Ён бег у касцюме Яся. Таго самага, што “касіў канюшыну”. Галоўнае, кажа Вячаслаў, гэты персанаж вядомы кожнаму на прасторах былога Савецкага Саюза.

Калі гаварыць пра сучасных кіношных герояў, то сярод удзельнікаў марафону было шмат жанчын-кошак. Адна з іх — Валерыя Мілаванава з Гомеля.

— Я захапляюся танцамі, а яны патрабуюць спрыту і грацыі. Жанчына-кошка такая ж грацыёзная. За гэта яна мне і падабаецца, — гаворыць Валерыя, з гордасцю дэманструючы медаль.
Юліі Яфрэмавай, актывістцы БРСМ з Шуміліна, дачка-першакласніца таксама раіла пераапрануцца ў кошку. Маўляў, дапамогуць яе спрыт і хітрасць, але Юлія на старт выйшла ў вобразе беларускай багіні ўраджаю і ўрадлівасці Цёткі:

— Звычайна яе малююць з вянком жытніх каласоў на галаве і караваем хлеба ў руках. Яшчэ Цётку называюць захавальніцай сямейнага ачага. Для мяне гэта важна. З мужам, напрыклад, мы любім выбірацца ў водныя і горныя паходы, наведваем трэнажорку, — дзеліцца Юлія.

Рыжанін Андрэй Лівенскі фінішаваў на плячах кіраўніка латвійскай дэлегацыі Міхаіла Васільева.

— У жыцці часта здараецца, што нехта на некім ездзіць, — жартуе Андрэй. — А калі сур’ёзна, то я выбраў касцюм нацыянальнага героя Спрыдзіціса, ён жа мужычок-з-кулачок. У латышскім фальклоры гэта падарожнік, які заўсёды вяртаецца дадому.

А вось сям’і Курзанавых з Яраслаўля над касцюмамі галаву ламаць не прыйшлося. А чым не героі — мнагадзетныя бацькі? У іх ажно 9 дзетак, і ўсе яны далучыліся да бацькоў і прынялі ўдзел у марафоне, значна павысіўшы шансы на перамогу. “Наша сям’я, — смяецца тата Аляксандр Курзанаў, — ужо даўно сама ператварылася ў славутасць гэтага лагера. З намі ў палатцы жывуць усе дзеткі. Падчас забегу малодшы Саша, якому ўсяго месяц, ехаў у калясцы, а старэйшы, 15-гадовы Сцяпан, можна сказаць, выйграў сямейнае першынство”.

А вось вынікі Бе-Lа-Рускага марафону фіксавала электронная сістэма хронаметражу. І абсалютнай пераможцай тут аказалася беларуская каманда: за намі ўсе тры прызавыя месцы — як сярод дзяўчат, так і сярод хлопцаў. Акрамя таго, беларусы атрымалі вышэйшыя ўзнагароды за перамогі ў спаборніцтвах па футболе, валейболе, па дартсе (сярод дзяўчат) і ў конкурсе бівуакаў.

Расійская дэлегацыя прымала ўзнагароды і віншаванні за перамогу ў спаборніцтвах па дартсе (сярод хлопцаў). Не было ім роўных і ў творчых выпрабаваннях: у конкурсе візітовак і ў Stand Up-шоу, дзе яны таксама перамаглі.

Сёлета пераўзышлі самі сябе латышы: “бронза” — у футболе, “серабро” і “бронза” — у валейболе і “золата” — у перацягванні каната. Перамога за латвійскімі ўдзельнікамі і ў конкурсе бівуакаў (падзялілі яе з беларусамі), і ў кулінарным конкурсе SUPER_FOOD.

Лагер завершаны. Пад дзяржаўныя гімны спушчаны дзяржаўныя сцягі трох краін. Але ўдзельнікі гэтага лагера ўжо плануюць наступны. І роўна праз год яны сустрэнуцца зноў. Тут, на “Кургане Дружбы”, на скрыжаванні трох алей.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Максіма КІСЯЛЯ.