Разам па жыцці і ў прафесіі

- 12:15Навіны рэгіёнаў

На Піншчыне не забываюць педагогаў, якія аддалі адукацыі не адзін дзясятак гадоў свайго жыцця. Асаблівай павагі заслугоўваюць сямейныя педагагічныя пары, бо многія з іх заклалі прафесійныя дынастыі. Нядаўна на базе Гарадзішчанскай сярэдняй школы адбылося мерапрыемства па іх ганараванні “Разам па жыцці і ў прафесіі”, арганізаванае раённым аддзелам па адукацыі і райкамам галіновага прафсаюза.

Васіль Аляксандравіч і Галіна Рыгораўна Палхоўскія.

Сёння на Піншчыне пражываюць 79 педагагічных сем’яў — 32 сям’і ветэранаў педагагічнай працы і 47 працуючых сем’яў. У актавай зале прысутнічалі 12 ветэранскіх сем’яў і 13 працуючых пар, адзін з членаў якіх з’яўляецца кіраўніком установы адукацыі.

Галіна Якаўлеўна і Мікалай Ігнатавіч Пяцёрка пачалі працоўную дзейнасць у Ласіцкай сярэдняй школе 48 гадоў назад. Пажаніліся яшчэ студэнтамі. Мікалай Ігнатавіч працаваў намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўнікам хіміі, а Галіна Якаўлеўна шчыравала настаўніцай біялогіі. Калегі памятаюць, што яны былі добрымі педагогамі з цудоўнымі чалавечымі якасцямі. Мікалай Ігнатавіч ніколі не павышаў голас ні на дзяцей, ні на падначаленых. Галіна Якаўлеўна навучыла ўсіх вяскоўцаў вырошчваць капусту, бо раней яны лічылі, што яна ў іх агародах не расце. Сямейная пара з радасцю ўспамінае настаўніцкія гады. Мікалай Ігнатавіч і Галіна Якаўлеўна любяць збіраць грыбы, разам ездзяць на рыбалку. Пара атрымала дыплом у намінацыі “За любоў і вернасць”.

Рыгор Пятровіч і Таісія Рыгораўна Бабіч працавалі ў Ладаражскай сярэдняй школе. Пачыналі педагагічную дзейнасць у далёкім 1961 годзе. Рыгор Пятровіч выкладаў матэматыку і фізіку, узначальваў школу. Таісія Рыгораўна працавала настаўніцай пачатковых класаў. Да гэтага часу многія памятаюць, якія незвычайныя электронныя прылады ўмеў вырабляць Рыгор Пятровіч. Яго жонка заўсёды вылучалася захопленасцю любімай справай, шырокім кругаглядам і высокай працаздольнасцю, дзякуючы чаму карысталася аўтарытэтам сярод вучняў, іх бацькоў і педагогаў. Сёння Рыгор Пятровіч займаецца пчалярствам. Яго смачны мёд ведаюць далёка за межамі Піншчыны. Сямейная пара атрымала дыплом у намінацыі “Бадзёрасць духу”.

Агульны працоўны стаж педагагічнай дынастыі Бахонка-Садоўскіх складае 127 гадоў. Яе заснавальнік — Леанід Іванавіч Бахонка. Ён працаваў настаўнікам матэматыкі ў Парахонскай і Сошненскай сярэдніх школах, з’яўляўся намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. За 44 гады добрасумленнай і паспяховай працы Леанід Іванавіч неаднаразова ўзнагароджваўся рознымі граматамі. Раіса Сцяпанаўна Садоўская 37 гадоў выкладала матэматыку ў Сошненскай сярэдняй школе. Прадаўжальнікамі педагагічнай дынастыі з’яўляюцца сын і дачка, якія працуюць у гэтай жа школе. Сямейная пара атрымала дыплом у намінацыі “На адной хвалі”.

Аляксандр Іванавіч і Зінаіда Міхайлаўна Войтавы.

Аляксандр Іванавіч і Зінаіда Міхайлаўна Войтавы — самыя актыўныя, творчыя і ініцыятыўныя ўдзельнікі розных раённых мерапрыемстваў, асабліва спартыўных. Выдатніка народнай адукацыі БССР Зінаіду Міхайлаўну, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў, добра ведаюць на Піншчыне. На рахунку былога настаўніка фізкультуры Аляксандра Іванавіча, выдатніка народнай адукацыі БССР, шмат грамат, дыпломаў і ганаровых званняў, якія пацвярджаюць яго высокі прафесіяналізм. Самыя дарагія ўзнагароды — званне старшага настаўніка, атрыманае другім па ліку на Брэстчыне, і званне настаўніка-метадыста. Больш за 30 яго выхаванцаў звязалі жыццё са спортам. Сярод іх — настаўнікі фізкультуры, чэмпіён СССР па лёгкай атлетыцы, майстры спорту па лёгкай атлетыцы і барацьбе. Сям’я Войтавых спартыўная. Унучка займаецца веславаннем. Зінаіда Міхайлаўна захаплялася ў маладосці гімнастыкай, а сёння з’яўляецца салісткай хору “Жураўлік” і членам клуба “Натхненне”. На пытанне “Як на ўсё хапае сіл?” пара ў адзін голас адказвае: “Добрая фізічная падрыхтоўка. Кожны дзень праводзім для душы — на спартыўных спаборніцтвах, рыбалцы ці ў лесе”. Аляксандр Іванавіч і Зінаіда Міхайлаўна атрымалі дыплом у намінацыі “Самая спартыўныя і актыўная пара”.

“Утульны дом — умова поспеху”, — лічаць Васіль Васільевіч і Ганна Ціханаўна Долмат. На працягу 27 гадоў ён працаваў у Пагост-Загародскай сярэдняй школе настаўнікам рускай мовы і літаратуры, сацыяльным педагогам, дырэктарам. Васіль Васільевіч заўсёды ставіў перад калектывам галоўную задачу — даваць вучням трывалыя веды. І з гэтай задачай педагогі паспяхова спраўляліся. Ганна Ціханаўна працавала ў Пагост-Загародскай сярэдняй школе бібліятэкарам. Разам з мужам выхавала траіх дзяцей, якія атрымалі педагагічную адукацыю. Васіль Васільевіч і Ганна Ціханаўна бачаць у сям’і надзейную апору, таму, пэўна, і былі адзначаны дыпломам у намінацыі “Сям’я — крыніца натхнення”.

Агульны педагагічны стаж Мікалая Мікалаевіча і Галіны Іванаўны Сідарук — 103 гады. Гэты час яны ўспамінаюць з асаблівай цеплынёй і любоўю. Сямейная пара атрымала дыплом у намінацыі “Вынікі і паказчыкі”.

Упершыню Павел Іванавіч і Алена Аляксееўна Кахавец сустрэліся ў 1963 годзе. Ён працаваў настаўнікам працоўнага навучання ў Чухаўскай сярэдняй школе, а яна тады яшчэ была старшакласніцай. Потым іх шляхі разышліся. Зноў сустрэліся амаль праз 20 гадоў на адной з педагагічных канферэнцый. Неўзабаве стварылі сям’ю. Больш за 30 гадоў Алена Аляксееўна адпрацавала настаўніцай матэматыкі і фізікі, намеснікам дырэктара ў Чухаўскай сярэдняй школе. Павел Іванавіч доўгі час выкладаў геаграфію ў Навадворскай базавай школе, з’яўляўся намеснікам дырэктара. Сын з жонкай працягваюць педагагічную дынастыю ў Чухаўскай сярэдняй школе. Сямейная пара атрымала дыплом у намінацыі “Сям’я — захавальніца традыцый”.

Віталь Рыгоравіч і Любоў Сяргееўна Дзікавіцкія — былыя настаўнікі матэматыкі з Ботаўскай сярэдняй школы. Ён аддаў педагогіцы 40 гадоў, яна — 38. Абодва неаднаразова ўзнагароджваліся граматамі рознага ўзроўню. Сямейная пара атрымала дыплом у намінацыі “Пазітыўны саюз”.

Намеснік начальніка раённага аддзела па адукацыі Людміла Іванаўна Двараніновіч і дырэктар Купяціцкай сярэдняй школы Алег Уладзіміравіч Двараніновіч.

Да выхаду на заслужаны адпачынак Васіль Аляксандравіч і Галіна Рыгораўна Палхоўскія працавалі ў Грыўковіцкай базавай школе. Ён — настаўнікам біялогіі і хіміі, яна — настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Васіль Аляксандравіч захапляецца паляваннем і рыбалкай, іграе на баяне, спявае. Галіна Рыгораўна вельмі любіць гатаваць. Сямейная пара атрымала дыплом у намінацыі “Гасцінная пара”.

Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас сем’яў кіраўнікоў аддзела па адукацыі — Фелікса Браніслававіча Хрушчалеўскага, Фёдара Пятровіча Каральчука і Віктара Цімафеевіча Кірыковіча. Фелікс Браніслававіч і Галіна Уладзіміраўна Хрушчалеўскія былі адзначаны ў намінацыі “Сямейнае майстэрства”, Фёдар Пятровіч і Алена Мікалаеўна Каральчук — у намінацыі “Удзячнасць і павага”, Віктар Цімафеевіч і Тамара Фёдараўна Кірыковіч — у намінацыі “Самая аптымістычная пара”.

Удзельнікі мерапрыемства ў цёплай і нязмушанай атмасферы ўспаміналі настаўніцкія гады, дзяліліся сакрэтамі прафесійнага, жыццёвага і сямейнага шчасця.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.