Разам працаваць на стабільнасць і мір

- 12:21Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 лютага на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром ЗША Майклам Пампеа назваў дзве прычыны, чаму рады яго прыезду.

“Дазвольце вас вітаць у Мінску. Я шчыра рады нашай сустрэчы. Прынамсі, па дзвюх прычынах. Па-першае, вы адзін з архітэктараў сучаснай палітыкі ЗША. Так у нас прынята лічыць. Па-другое, вельмі добра, што вы пасля розных недастатковых разуменняў у адносінах паміж Беларуссю і ЗША, абсалютна беспадстаўных недастатковых ра­зуменняў мінулых улад, рызыкнулі прыехаць у Мінск і пагля­дзець на гэтую краіну: што тут за народ, што за лю­дзі, што за дыктатура, якая тут дэмакратыя, шмат яе, мала і гэтак далей”, — сказаў прэзідэнт.

“Вядома, на працягу аднаго дня вы не вывучыце ўсе пытанні. Але ў першым прыбліжэнні вы пазнаёміцеся з Беларуссю”, — выказаў упэўне­насць беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што Беларусь — гэта абсалютна міралюбівая краіна з міралюбівым народам. “Да гэтага нас пабуджае не толькі менталітэт, але і тая гісторыя, якую беларускі народ перажыў. Асабліва ў час, дарэчы, нашай сумеснай барацьбы супраць фашызму. Кожны трэці беларус у гэтай вайне загінуў. Гэта сведчыць само за сябе. Уся краіна была пакрыта канцлагерамі, яўрэйскімі гета”.

Беларусь і яе народ гатовы працаваць на стабільнасць і мір, адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

“Я гатовы абмеркаваць усе пытанні, якія сёння на парадку дня нашых адносін. І шчыра і сумленна адказаць на ўсе пытанні, якія так ці інакш існуюць у істэблішменце ЗША”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Але вы павінны ведаць, што вы прыехалі ў нармальную краіну, дзе жыве нармальны народ. Народ і краіна, якія гатовы працаваць на стабіль­насць і мір. Прынамсі, у гэтым рэгіёне. Думаю, пра гэта мы яшчэ з вамі пагаворым. Я вітаю вас у Беларусі і рады нашай сустрэчы”, — дадаў Аляксандр ­Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што напярэдадні візіту ў Мінск Майкла Пампеа шмат пісалі пра беларуска-амерыканскія адносіны. “Ворагі і непрыяцелі жартавалі, здзекаваліся, юродствавалі. Шмат пісалі пра вас, пра мяне. Тэма была вельмі вострай. Думаю, і на Захадзе таксама”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, усё зводзілася да таго, што такая сустрэча праходзіць упершыню, і кіраўніцтва Беларусі, уключаючы кіраўніка дзяржавы, не знаёма з цяперашнім Дзяржсакратаром ЗША. “Павінен іх расчараваць, ды і вам нагадаць: мы з вамі вельмі даўно знаёмы. На жаль, завочна. У бытнасць вашай работы на былой пасадзе (узначальваў Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША. — Заўвага БелТА.), я гэта абсалютна не ўтойваю, мы разам з амерыканцамі праводзілі шэраг мерапрыемстваў па лініі нашых спецслужбаў”, —  адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён растлумачыў, што гэтыя мерапрыемствы тычыліся барацьбы з тэрарызмам, гандлю людзьмі. “Мы правялі некалькі вельмі сур’ёзных аперацый па процідзеянні распаўсюджванню ядзерных элементаў. І на граніцы з Беларуссю я помню некалькі выпадкаў — мы разам затрымалі злачынцаў, якія перамяшчалі праз граніцу ядзерныя матэрыялы ў бок Захаду”, — расказаў беларускі лідар.

“Таму ў нас ёсць хоць невялікая, але сумесная гісторыя работы ў імя міру на планеце і ў імя бараць­бы супраць распаўсюджвання ядзернай зброі, чаму вы сёння на пасадзе дзяржсакратара і ваш кіраўнік Дональд Трамп удзяляеце вялікую ўвагу. Як бачыце, ёсць у нас нешта агульнае, вельмі важнае для лю­дзей”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Як заявіў пасля перагавораў з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа, ён лічыць, што ўжо даўно было пара правесці візіт дзяржсакратара ЗША ў Беларусь. “Мы павінны помніць аб гісторыі: ЗША былі адной з першых краін, якія прызналі незалежнасць Беларусі ў 1991 годзе. Мы прытрымліваемся гэтай жа пазіцыі і спадзяёмся на больш глыбокія адносіны”, — заявіў ён.

Дзяржсакратар таксама адзначыў паспяховае супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы бяспекі, якое, паводле яго слоў, у найбліжэйшы час павінна яшчэ больш пашырыцца.

“Нашы вытворцы энергарэсурсаў гатовы забяспечыць вас неабходнай нафтай на 100 працэнтаў па канкурэнтных цэнах”, — падкрэсліў таксама дзяржсакратар.