Разам працаваць над пашырэннем супрацоўніцтва паміж Захадам і Усходам

Беларусь гатова развіваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Венгрыяй па ўсіх напрамках. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта.

“Можна гаварыць, што ў нас ёсць тавараабарот, па годзе ён вагаецца недзе ў межах $180—200 млн. Але давайце скажам шчыра, што гэта смешная лічба, улічваючы нашы патэнцыялы, улічваючы тое, як нашы эканомікі былі ў свой час каапераваны. Гэта толькі пачатак. Мы гатовы па ўсіх напрамках пашыраць наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым, адзначыў прэзідэнт, неабходна ўлічваць членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, яе добрыя адносіны з Кітаем і ўдзел у ініцыятыве “Адзін пояс і адзін шлях”. “Цягнік ужо (кантэйнерныя перавозкі. — Заўвага БелТА.) ходзіць паміж Кітаем і Еўропай, лагістыка выбудавана. Мы гатовы тут прадстаўляць вашы інтарэсы. У той жа час мы разлічваем, што вы як член Еўрапейскага саюза, прытым вельмі самастойны, які мае сваю пазіцыю, будзеце нас падтрымліваць. Спалучэнне гэтых інтарэсаў надасць большую гандлёва-эканамічную дынаміку паміж дзвюма краінамі”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Венгрыя і Беларусь развіваюць супрацоўніцтва ў многіх сферах, ёсць сумесныя праекты ў машынабудаванні, фармацэўтыцы, будаўніцтве, фінансавай галіне. “Па ўсіх напрамках у нас ёсць магчымасці працаваць. Вы хочаце (і правільна) аднавіць вытворчасць маіх любімых аўтобусаў “Ікарус” — мы гатовы прапанаваць вам практычна бясплатна падтрымку, таму што прайшлі вельмі сур’ёзны шлях у будаўніцтве падобных аўтобусаў, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Мы ведаем, чаму можна навучыцца ў Венгрыі, і паспяхова гэта робім”.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў удзячнасць венгерскаму боку за ўклад у нармалізацыю адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. “Мы пра гэта ведаем аж да літары і коскі. Мы гэта вельмі цэнім. Гэта адзін з краевугольных камянёў фундаменту нашых адносін”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Петэр Сіярта падкрэсліў, што Венгрыя як краіна Цэнтральнай Еўропы выступае за развіццё супрацоўніцтва паміж Захадам і Усходам. “Мы гэта гаворым не таму, што гэта цікавіць Расію або Злучаныя Штаты Амерыкі, а таму, што гэта з’яўляецца нацыянальным інтарэсам венгерскіх жыхароў. Мы хочам аб’яднаць свае намаганні з усімі, хто лічыць важным супрацоўніцтва паміж Захадам і Усходам. Таму мы працуем над тым, каб Беларусь магла больш цесна супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам”, — растлумачыў міністр.