“Разам прыдумляць, абмяркоўваць і ўкараняць”

Прыходзіць на работу з задавальненнем, радавацца поспехам вучняў і педагогаў, адчуваць зацікаўленасць бацькоў — важныя складнікі дзейнасці госці нашай сённяшняй “Суботняй планёркі” начальніка аддзела адукацыі Зэльвенскага райвыканкама Гродзенскай вобласці Святланы Анатольеўны Жабрак. Пра тое, што дазваляе сістэме адукацыі раёна дынамічна развівацца і рухацца наперад, — наша гутарка з ёй.

— Безумоўным прыярытэтам у сістэме адукацыі раёна з’яўляецца павышэнне якасці прадметнага выкладання і адукацыйнага ўзроўню навучэнцаў, якія непарыўна звязаны з выхаваўчай работай, — гаворыц­ь Святлана Анатольеўна. — На маю думку, выклікаць цікавасць да навучання — гэта 70 працэнтаў паспяховага засваення матэрыялу. Сучасныя дзеці развіваюцца вельмі хутка, яны дапытлівыя і цікаўныя. Ва ўстановах адукацыі раёна працуюць 2 абласныя рэсурсныя цэнтры (“Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы” і абласны рэсурсны цэнтр па прафесійнай арыентацыі моладзі) і 3 раённыя рэсурсныя цэнтры (“Укараненне мадэлі ўстойлівага развіцця ўстановы ў сістэму работы педагагічнага калектыву для павышэння якасці навучання і выхавання навучэнцаў”, “Прадпрымальны для краіны”, “Зялёная школа”).

Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца сёння школьныя бізнес-кампаніі, а іх у нас 4: АgroKids, “Цветок”, Znova, “НеФормат”. Бізнес-кампаніі займаюцца вырабам сувенірнай прадукцыі, нататнікаў, вырошчваннем хрызантэм і іншых кветак.

Работа па рэалізацыі інавацыйных праектаў таксама з’яўляецца вельмі каштоўнай і запатрабаванай. У Князеўскай сярэдняй школе рэалізуецца праект “Укараненне мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў: інтэграцыя вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці ўстановы адукацыі — сацыякультурнага цэнтра рэгіёна”. Ён накіраваны на фарміраванне ўсвядомленага разумення сваіх месца і ролі як прадстаўніка самабытнага беларускага народа з унікальнай культурай і неацэннай матэрыяльнай і духоўнай спадчынай.

Праект “Укараненне мадэлі індыві­дуальнай прафілактычнай работы з навучэнцамі на ранняй стадыі выяўлення прыкмет дэсацыялізацыі” (сярэдняя школа № 3 Зэльвы) ужо прыносіць вынікі і дазваляе своечасова карэгіраваць сітуацыю.

Асаблівую цікавасць выклікае экалагічны праект “Зялёная школа” ў Міжэрыцкім дзіцячым садзе — базавай школе. Падчас яго рэалізацыі ў навучэнцаў фарміруюцца асновы экалагічнай культуры, навыкі энергазберажэння, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Да іх у гэтым годзе актыўна падключаюцца дзіцячыя сады, школы раёна, бо важным з’яўляецца менавіта інфармаванне грамадскасці па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя.

Гонарам з’яўляецца праект ZNOVA гімназіі № 1 Зэльвы. У верасні мінулага года ён стаў пераможцам конкурсу эка-стартапаў Belarus Green Awards 2020, прызёрам (дыплом II ступені) Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў 2020 года ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект”. Прыцягнута больш за 40 тысяч рублёў і атрыманы сертыфікат на партнёрства праекта ZNOVA з праектам “Капітал месца”.

— Як арганізавана работа з адоранымі дзецьмі? Якіх вынікаў удалося дасягнуць?

— Для адораных навучэнцаў ва ўстановах адукацыі створана неабходнае адукацыйнае асяроддзе. У гімназіі № 1 Зэльвы дзейнічае раённы цэнтр па рабоце з адоранымі навучэнцамі. За апошнія два гады мерапрыемствы, якія праводзяцца цэнтрам, кардынальна змянілі накіраванасць. План работы ў большай ступені накіраваны на правядзенне майстар-класаў для педагогаў раёна, практыкумаў для навучэнцаў па падрыхтоўцы да алімпіяд. У­дзельнічаем у вэбінарах, якія праводзяцца факультэтам даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У раёне працуе 14 апорных прадметных кабінетаў, на базе якіх у гэтым навучальным годзе праведзена 28 заняткаў для педагогаў.

Для таго каб атрымаць станоўчы вынік у старшым звяне, неабходна правільна арганізаваць работу з пачатковай школы. У перыяд восеньскіх і зімовых аздараўленчых канікул 2020 года ў раёне праводзіліся анлайн-лагеры для высокаматываваных навучэнцаў 4—7-х класаў па беларускай, рускай, англійскай мове, матэматыцы. Прычым жадаючых знаходзіцца ўсё больш. Калі восенню гэта было 27 чалавек, то ўжо зімой іх стала больш у 2 разы. Штогод для навучэнцаў 5—8-х класаў праводзім раённую алімпіяду па вучэбных прадметах.

Сёлета ў нас 2 прызёры трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, матэматыцы, 1 навучэнец стаў дыпламантам рэспубліканскага конкурсу даследчых работ. Вынікова выступаюць нашы навучэнцы ў творчых конкурсах, спартыўных мерапрыемствах: у скарбонцы раёна 13 рэспубліканскіх дыпломаў, 108 — абласных.

— Якое развіццё атрымала профільнае навучанне ў раёне?

— Выбар прафесіі — адзін з галоўных жыццёвых выбараў, якія здзяйсняюцца чалавекам у юным узросце, бо, выбіраючы прафесію, ён выбірае і лад жыцця.

Профільнае навучанне ў школах Зэльвы арганізавана для 28 навучэнцаў 10-х класаў і 46 навучэнцаў 11-х класаў па 7 прадметах. Таксама ў гэтых установах адукацыі арганізавана дапрофільная падрыхтоўка для навучэнцаў 8 класа па біялогіі, англійскай мове, беларускай мове. Працуюць 2 профільныя групы аграрнай накіраванасці для 16 навучэнцаў, у сярэдняй школе № 3 Зэльвы — група ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

Прадмет “Працоўнае навучанне” 75 навучэнцаў старшых класаў вывучаюц­ь на базе Дзярэчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, дзе ўдалося захаваць вучэбную базу былога міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната. Навучанне арганізавана па 4 спецыяльнасцях: “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Рабочы зялёнага будаўніцтва”, “Швачка”, “Кухар”.

— Святлана Анатольеўна, што ў прыя­рытэце для сістэмы адукацыі раёна сёння?

— Ісці ў нагу з часам і быць канкурэнта­здольнымі ў соцыуме! А гэта, па-першае, павышэнне якасці прадметнага выкладання, выніковасці ўдзелу ў конкурсах па вучэбных дысцыплінах; па-другое, працяг работы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі (асаблівую ўвагу — вучэбнаму асяроддзю і арганізацыі бяспечнага функцыянавання); па-трэцяе, прыцягненне і замацаванне ў раёне маладых педагогаў; па-чацвёртае, падтрымка маладзёжных ініцыятыў і аказанне садзейнічання ў іх прасоўванні. Што тычыцца апошняга, то вельмі важна ўмець слухаць маладое пакаленне: педагогаў, поўных новых ідэй і падыходаў, навучэнцаў, якія імкнуцца быць у трэндзе. Акрамя таго, плануем працягваць развіваць бізнес-кампаніі (у перспектыве прадугледж­ваецца іх трансфармацыя ў “бізнес-хаб­экастартапы” з актыўным задзейнічаннем вучняў, у тым ліку аграрных класаў раёна), а таксама дадатковую школьную адукацыю: музычны і спартыўны кірункі.

У межах Года народнага адзінства наш дэвіз набыў новае гучанне — “Разам прыдумляць, абмяркоўваць і ўкараняць”, і я ўпэўнена, што ключавое слова “разам” да­зволіць нам рэалізаваць усё задуманае.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.