Разам у прафесіі і па жыцці

- 12:23Людзі адукацыі

У жыцці Леаніда Пятровіча і Надзеі Аляксандраўны Галушкіных педагогіка, сфера адукацыі адыгралі ключавую ролю. І не толькі таму, што выкладанне для іх — прафесія і любімая справа. У свой час менавіта імкненне да настаўніцкай працы паспрыяла стварэнню іх моцнай, згуртаванай сям’і.

— З Надзеяй Аляксандраўнай мы сустрэліся ў гады студэнцтва ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава. Улетку абое пайшлі працаваць выхавальнікамі ў піянерскі лагер. Там і пазнаёміліся. Пасля прыйшло каханне, а праз два гады мы ўжо сталі адной сям’ёй, — расказаў пра іх гісторыю Леанід Пятровіч.

— Калі атрымлівалі настаўніцкія дыпломы, у нас на руках ужо была маленькая дачушка, таму вырашылі ехаць працаваць на малую радзіму Леаніда Пятровіча. У яго роднай школе ў вёсцы Княжыцы Магілёўскага раёна вакантных месцаў не было. Нам прапанавалі ехаць у Нежкаўскую школу Бялыніцкага раёна. Згадзіліся, бо тады думалі, што гэта часова. А выйшла так, што затрымаліся ў гэтым куточку на ўсё жыццё. У 80-х у Вішове пабудавалі новую вялікую школу і мы, пасля аптымізацыі Нежкаўскай, перайшлі сюды на работу, — дадала Надзея Аляксандраўна.

У працоўных кніжках педагогаў Галушкіных фактычна адзін запіс. Яны настаўнічаюць ужо звыш сарака пяці гадоў. Леанід Пятровіч выкладае працоўнае навучанне ў вішоўскіх хлопчыкаў, Надзея Аляксандраўна — у дзяўчынак. Да таго ж яна выкладае біялогію ў профільным класе.

Сёння Леанід і Надзея Галушкіны лічаць сябе шчаслівымі людзьмі, бо займаюцца той справай, якую шчыра любяць, да якой у іх ляжыць душа. Леанід Пятровіч і Надзея Аляксандраўна ў літаральным сэнсе жывуць школай, сваімі вучнямі. За гады плённай педагагічнай дзейнасці яны выпрацавалі ўласную методыку далучэння вучняў да працы. У яе аснове — дысцыпліна і парадак на занятках, а таксама асабісты прыклад ва ўсім.

— Толькі асабістым прыкладам можна прывіць вучням павагу да працы, навучыць неабходным жыццёвым навыкам, выхавац­ь іх дастойнымі людзьмі і грамадзянамі, — упэўнены Леанід і Надзея Галушкіны.

Леанід Пятровіч на сваіх занятках імкнецца да таго, каб заўсёды весці дзяцей за сабой. І трэба сказаць, у яго гэта атрымліваецца. Гэты настаўнік умее захапіць вучняў прадметам. Ён пераконвае хлопчыкаў у тым, што ўрокі працы не менш значныя, чым заняткі па матэматыцы або біялогіі, бо ўменні, атрыманыя на іх, заўсёды спатрэбяцца ім у далейшым жыцці. Выкарыстоўваючы розныя творчыя метады, ён робіць больш простым для ўспрымання даволі складаны вучэбны матэрыял. Як вынік — навучэнцы з цікавасцю займаюцца працоўнай дзейнасцю. Пад кіраўніцтвам Леаніда Пятровіча яны добраўпарадкоўваюць школьную тэрыторыю, рамантуюць і вырабляюць школьную мэблю. Школьны двор упрыгожваюць малыя архітэктурныя формы, створаныя рукамі настаўніка і яго вучняў.

Творча арганізоўвае свае заняткі і На­дзея Аляксандраўна. Яна ўмела камбінуе сучасныя педагагічныя тэхналогіі і традыцыйныя методыкі. Заўсёды стараецца не проста растлумачыць тэму, а зрабіць гэта нестандартна і абавязкова вынікова. Урокі настаўніца будуе на супрацоўніцтве з вучнямі, арыентуючы дзяцей на самастойнае атрыманне ведаў.

Гэтым кіруецца ў сваёй працы і Леанід Пятровіч. Галушкіны вучаць дзяцей вучыцца, умець самастойна здабываць патрэбныя веды, бо гэта вельмі важна ў сучасным свеце, як і ўменне прымяняць веды на практыцы.

— Практычная накіраванасць заняткаў — зараз неабходнасць. Вывучаючы тую ці іншую тэму, навучэнцы павінны выразна ўсведамляць, для чаго яны гэта робяць, дзе ў далейшым ім спатрэбяцца атрыманыя веды, як іх можна будзе прымяніць у рэальным жыцці, — перакананы настаўнікі.

На погляд Леаніда Пятровіча і Надзеі Аляксандраўны, вельмі важныя і добрыя ўзаемаадносіны паміж вучнямі і настаўнікам. Са сваімі навучэнцамі яны імкнуцца наладжвац­ь даверлівыя адносіны, бо лічаць, што ўвага да жыцця і праблем дзяцей дапамагае ім у вучобе.

Асаблівае значэнне Леанід Пятровіч і На­дзея Аляксандраўна Галушкіны надаюць рабоце з адоранымі вучнямі. Іх работа ў гэтым кірунку скіравана ў асноўным на ўдзел у алімпіядным руху. Настаўнікі сустракаюцца з таленавітымі дзецьмі на індывідуальных занятках, распрацоўваюць для іх заданні для самастойнага вывучэння, не забываюць і аб маральнай падтрымцы, матывацыі. І вучні не падводзяц­ь сваіх настаўнікаў. Яны ўпэўнена становяцца пераможцамі розных алімпіяд і конкурсаў. Навучэнцы Леаніда Пятровіча часта ўваходзяць у лік пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Захопленасць працай і добрасумлен­насц­ь педагогаў Галушкіных прыносяць адпаведны вынік. Яны неаднаразова ўзнагароджваліся шматлікімі ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі. Леанід Пятровіч і Надзея Аляксандраўна не проста раскрываюць здольнасці вучняў, але і дапамагаюць ім знайсці сябе, вызначыцца з прафесіяй.

Поспехі вучняў Леанід Пятровіч і Надзея Аляксандраўна лічаць сваім галоўным педагагічным дасягненнем. Яны заўсёды бязмерна рады любой заваяванай дзецьмі вучэбнай ці працоўнай вышыні. Бо гэта гаворыць пра тое, што гады іх працы не прайшлі дарма, што яны пакінулі ў сэрцах вучняў пэўны след.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.