Разам вялікай сям’ёй

- 15:11Нам пішуць

Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і, трэці год запар, у двары школы № 3 Ашмян збіраецца вялікая сям’я — настаўнікі, вучні і іх бацькі.

Дырэктар школы Уладзімір Віктаравіч Войнюш павіншаваў прысутных з Днём сям’і, а таксама ўручыў лепшым сем’ям падзячныя лісты за добрасумленнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, годнае выхаванне дзяцей, актыўную жыццёвую пазіцыю, супрацоўніцтва са школай і добры прыклад пазітыўнага бацькоўства.

А потым пачаліся спартыўныя спаборніцтвы. Адзінаццаць сямейных каманд выйшлі на старт. Пераадольваючы паласу перашкод, паказалі згуртаванасць, вытрымку, уменне прыйсці на дапамогу. Разгарнуць палатку, прайсці навясную пераправу, пераадолець бар’еры падчас бегу — гэта толькі малая частка таго, што давялося пераадолець камандам падчас спаборніцтваў. Але больш за ўсё ўдзельнікам спадабалася стральба з пнеўматычнай вінтоўкі па паветраных шарыках.

Пакуль адны каманды спаборнічалі ў хуткасці і спрыце, іншыя паказвалі майстэрства ў малюнках на асфальце.

Напярэдадні летняга адпачынку старшы інспектар ДАІ Дзмітрый Валянцінавіч Сакалоўскі нагадаў аб правілах паводзін на дарогах, а школьная каманда юных інспектараў дарожнага руху ў вясёлай форме паказала, як не трэба паводзіць сябе на вуліцах. Супрацоўнікі МНС завяршылі свята дэманстрацыяй пажарнай тэхнікі і паказальнымі выступленнямі.

Дыпломы пераможцаў, салодкія прызы, а таксама зарад бадзёрасці, пазітыву і добрага настрою атрымалі не толькі каманды-ўдзельнікі, але і ўсе прысутныя.

Данута ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.