Разам выхоўваюць беларусаў

- 12:28Навіны рэгіёнаў

Нацыянальная культура — неабсяжны скарб, які пры ўмелым выкарыстанні адкрывае новыя магчымасці ў выхаванні дзяцей. Выхаванне на аснове народных традыцый забяспечвае фарміраванне нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай годнасці падрастаючага пакалення, развівае ў яго патрыятычныя пачуцці да Радзімы. У гэтым перакананы педагагічны калектыў Яноўскага дзіцячага сада — базавай школы Краснапольскага раёна.

— Самасвядомасць, грамадзянска-патрыятычныя пачуцці лепш за ўсё фарміруюцца праз выкарыстанне народнай культуры. У гэтым кірунку наша навучальная ўстанова даўно і плённа супрацоўнічае з мясцовымі Домам культуры і бібліятэкай. Здаец­ца, што гэта выхаваўчая работа сельскай школы з’яўляецца стандартнай і формы яе рэалізацыі ўсім вядомыя. Але мы ўпэўнены: у традыцыйную работу заўсёды можна прыўнесці нешта новае і цікавае, — паведаміла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці А.А.Герасімава.

Па яе словах, у Яноўскім сельскім Доме культуры і бібліятэцы працуюць людзі, якія валодаюць і выканаўчым талентам, і залатымі рукамі, і выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі. Яны ніколі не адмаўляюцца ад удзелу ў школьных справах. Настаўнікі і вучні таксама заўсёды з задавальненнем прымаюць прапановы супрацоўнікаў СДК і бібліятэкі.

— Нашы навучэнцы і педагогі актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, арганізатарамі якіх выступаюць Дом культуры і бібліятэка. Ужо традыцыяй для аграгарадка стала сумеснае правядзенне фальклорных свят: “Калядкі”, “Саракі”, “Масленіца”, “Сёмуха”,  “Купалле”, “Вячоркі”. Аднаўленне гэтых народных традыцый мае вялікі выхаваўчы эфект. Навучэнцы дасканала знаёмяцца з жыццём сваіх продкаў, што дазваляе дасягнуць своеасаблівай сувязі пакаленняў, — адзначыла Алена Аляксандраўна.

Шматлікія яноўскія школьнікі з энтузіязмам наведваюць аматарскае фарміраванне “Этнограф” пры СДК. Яны ўдзель­нічалі ў стварэнні этнаграфічнага кутка ў Доме культуры. Хлопцы і дзяўчаты збіралі прадметы побыту аднавяскоўцаў, тэматычна афармлялі куток. Зараз у экспазіцыі прадстаўлены разнастайныя экспанаты, сярод якіх багатая калекцыя вышываных ручнікоў.

— Этнаграфічны куток шырока выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе. Там праводзяцца тэматычныя ўрокі па гісторыі Беларусі,  беларускай мове і літаратуры, пазакласныя мерапрыем­ствы, — падкрэсліла А.А.Герасімава.

Яноўскі сад-школа даўно супрацоўнічае і з мясцовай сельскай бібліятэкай. Новы кірунак у ажыццяўленні гэтай сумеснай выхаваўчай работы з’явіўся два гады назад, калі пачалася рэалізацыя пазнаваўча-творчай праграмы “Народная лялька”. Бібліятэкар В.П.Падалякіна рэгулярна праводзіць майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў для дзяцей і дарослых. А сваімі рукамі Вольга Пятроўна стварыла цэлую экспазіцыю народных лялек. Дарэчы, натхніў яе на гэтую работу праект сына Арцёма, які з’яўляецца навучэнцам вучэбна-педагагічнага комплексу. Хлопчык займаўся даследчай работай аб традыцыях беларускага народа, Вольга Пятроўна яму дапамагала і сама захапілася выбранай тэмай. Гэта яшчэ адзін яскравы прыклад плённага ўзаемадзеяння.

Педагагічны калектыў Яноўскага сада-школы лічыць асабліва важным супрацоўніцтва з людзьмі, якія імкнуцца захоўваць і перадаваць  нашчадкам багатыя народныя традыцыі, якія з’яўляюцца транслятарам нацыянальнай спадчыны і адвечных духоўных каштоўнасцей, бо разам можна вынікова рабіць агульную справу — выхоўваць беларусаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота  прадастаўлена ўстановай адукацыі.