Разам з аднадумцамі

Дасягаць Мэт устойлівага развіцця лепш за ўсё разам, у супрацоўніцтве з аднадумцамі, зацікаўленымі ўстановамі, арганізацыямі. Тады абавязкова будзе плён і высокія вынікі. У гэтым пераконвае вопыт Мсціслаўскага раёна, дзе створана і паспяхова функцыянуе партнёрская сетка ў складзе 11 устаноў адукацыі, што ўваходзяць у Асацыяцыю “Адукацыя дзеля ўстойлівага развіцця”. Сувязным звяном сеткі з’яўляецца гімназія Мсціслава, на базе якой дзейнічае “Інтэлектуальная майстэрня ўстойлівых перамен”.

У кожнай установы партнёр­скай сеткі адметны напрамак дзейнасці — важны і, безумоўна, актуальны. Так, гімназія Мсціслава некалькі гадоў працуе ў напрамку рацыянальнага энерга- і рэсурса­спажывання. Пра багаты вопыт сведчыць, у прыватнасці, паспяховы ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”. “Калі ў 2015 го­дзе мы заваявалі дыплом ІІІ ступені, то ў 2018 годзе — дыплом І ступені, а таксама грашовае заахвочванне ў памеры 70 тысяч рублёў, якія былі асвоены па праграме энергазберажэння. Была праве­дзена замена аконных блокаў, дзвяр­ных груп, асвятленне заменена на энерга­зберагальнае. Накоплены вопыт дазволіў нам з 1 верасня стац­ь абласным рэсурсным цэнтрам па арганізацыі інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы рацыянальных энерга-, рэсурсапаводзін навучэнцаў”, — падзяліўся дырэктар гімназіі Андрэй Валер’евіч Казакоў.

Дыпломы “Энергамарафона” — не адзінае дасягненне. Ужо некалькі гадоў мсціслаўскія гімназісты ўдзельнічаюць у інтэрнэт-праектах “Захаваем энергію Зямлі”, праводзяць акцыі “Экалагічны след”, “Другое жыццё адходаў”, “Энергазберажэнне і я”, “Цуды для дзяцей з непатрэбных рэчаў”. А ў лістападзе 2019 года адбыўся першы тур інтэрнэт-турніру знаўцаў экалогіі і энергазберажэння “ЭКАдартс”, прысвечаны Міжнароднаму дню энергазберажэння. Навучэнцам Мсціслаўскага раёна на працягу га­дзіны прапаноўвалася выканаць 10 заданняў, звязаных з Мэтамі ўстойлівага развіцця. Запамінальным быў шэраг турніраў для выхаванцаў дашкольных устаноў. Наогул, турніры і творчыя конкурсы педагогі гімназіі праводзяць кожны месяц. Падрабязна з іх графікам можна азнаёміцца на сайце sites.google.com/view/ekodarts/.

Рухавіком любой справы, як вядома, з’яўляюцца зацікаўленыя, не­абыякавыя людзі. У дачыненні да гімназіі Мсціслава ў першую чаргу варта адзначыць настаўніка інфарматыкі Сяргея Аляксандравіча Кальцова. Гэта ён кіруе “Інтэлектуальнай майстэрняй устойлівых перамен”. Гэта ён стварыў інфармацыйна насычаны і прываблівы сайт майстэрні. І гэта ён энергічна, захапляльна знаёміў удзельнікаў прэс-туру з работай сваіх калег і вучняў. Дзейнасць “Інтэлектуальнай майстэрні ўстойлівых перамен” надзвычай насычаная, расказваць пра яе можна вельмі доўга. Аднак, як кажуць, лепш адзін раз убачыць. Таму прапануем прайсці вось па гэтай спасылцы sites.google.com/site/akciasledceloveka/  і ўжо тут грунтоўна азнаёміцца з дзейнасцю мсціслаўскіх педагогаў і навучэнцаў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

Яшчэ аднымі педагогамі, без якіх немагчыма ўявіць паспяховую дзейнасць гімназіі ў выхаванні маладога пакалення, з’яўляюцца стваральнікі маладзёжнага праекта “Міжшкольнае тэлебачанне ў інтарэсах устойлівага развіцця інфармацыйна-адукацыйнай прасторы Мсціслаўскага раёна” настаўніца нямецкай мовы Наталля Мікалаеўна Пратасевіч і настаўнік гісторыі Уладзімір Уладзіміравіч Страха. Ёмістая, лёгкая, крэатыўная назва маладзёжнага медыяцэнтра MTVM аб’ядноўвае ўсе ўстановы адукацыі раёна. Гэта сапраўдная школа тэле­творчасці, у якой хлопчыкі і дзяўчынкі спрабуюць сябе ў ролі дыктараў, карэспандэнтаў, аператараў, мантажораў, рэдактараў выпускаў навін.

Для супрацоўнікаў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” наведванне гімназіі Мсціслава запомніцца не толькі ўнікальным вопытам работы ў напрамку ўстойлівага развіцця, але і знаёмствам з работай юнкараў. Журналісты “Настаўніцкай газеты” толькі і паспявалі пераводзіць свой позірк то на настаўнікаў, то на юных аператараў, то на інфармацыйныя стэнды, то на юных карэспандэнтаў, якія напрыканцы нашай сустрэчы вырашылі ўзяць у старэйшых калег інтэрв’ю. Карэспандэнты бралі інтэрв’ю ў журналістаў — гучыць крыху дзіўна, але ў гэтым і заключаецца асаблівасць прэс-тураў. Яны заўсёды до­раць нечаканыя, яркія моманты. Дарэчы, з вынікамі работы мсціслаўскіх юнкараў можна азнаёміцца вось тут: youtube.com/channel/UCDz9ZKswzPt3r9S_gErWcag/.

“Усяго толькі год працуе міжшкольнае тэлебачанне, аднак юныя рэпарцёры гімназіі падрыхтавалі мноства выпускаў навін. Яны трансліруюцца на школьных перапынках і інфармацыйных гадзінах ва ўстановах адукацыі раёна. Памятным стаў для нас удзел у красавіку мінулага года ў заключным этапе маладзёжнага медыяфестывалю “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё”. Медыяпраект “Па-за ўрокам” быў прызнаны пераможцам у намінацыі “Мы — агенты ўстойлівых перамен у мясцовых супольнасцях”. Каманда мсціслаўскага міжшкольнага тэлебачання заняла 1-е месца і ў рэспубліканскім конкурсе “Ты ў эфіры” ў намінацыі “Сацыяльная сетка”, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Міхайлаўна Сокал.

Устойлівае развіццё рэгіёнаў немагчыма без ведання яе жыхарамі гісторыі малой радзімы, яе слаўнага мінулага. Дзеля дасягнення гэтых задач калектывам гімназіі быў створаны сайт “Я помню і ганаруся”, дзе кожны можа размясціць інфармацыю пра сваіх родных, якія змагаліся за нашу светлую будучыню ў гады Вялікай Айчын­най вайны. Спасылка на праект — на сайце гімназіі. Мсціслаў слаўны сваёй гісторыяй, і адной з візітовак горада з’яўляецца фестываль рамёстваў і сярэдневяковай культуры “Рыцарскі фэст”. Невыпадкова на базе гімназіі дзейнічае клуб гістарычнай рэканструкцыі “Кліч продкаў”. Кіраўнік клуба Сяргей Аляксандравіч Кудзікаў — яшчэ адзін чалавек, без прафесіяналізму якога немагчыма ўявіць паўнацэннае выхаванне маладога пакалення.

Наведванне гімназіі Мсціслава не толькі падарыла нам, удзель­нікам прэс-туру, мноства яркіх уражанняў, але і пераканала, што паспяховая дзейнасць любой установы адукацыі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця магчыма толькі дзякуючы каманднай рабоце аднадумцаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.