Разам з “Азбукай падарожжаў”

- 11:54Выхаваўчая прастора

Старонкі гісторыі і жыцця роднага краю вывучаюць юныя жыхары Віцебскай вобласці, іх бацькі і настаўнікі ў рамках рэгіянальнага інавацыйнага праекта “Азбука падарожжаў”.

Экскурсійная дзейнасць — не асноўны, але неад’емны складнік адукацыйнага працэсу. Праз засваенне новых ведаў шляхам камунікацыі з экскурсаводам і непасрэдных назіранняў за аб’ектамі, з’явамі навакольнага свету экскурсія дазваляе задаволіць і развіць індывідуальныя, сацыякультурныя, адукацыйныя патрэбнасці навучэнца, актывізаваць пазнавальныя інтарэсы, пашырыць кругагляд, удасканаліць даследчыя навыкі. Экскурсія з’яўляецца дзейсным сродкам выхавання, фарміруе асабістае стаўленне да падзей гісторыі, культуры і грамадскага жыцця, ідэалы і маральна-этычныя прынцыпы, пачуццё патрыятызму і нацыянальнага гонару, мастацкі густ, самастойнае творчае мысленне. Разам з тым эфектыўнасць любой экскурсіі залежыць ад адпаведнасці прапанаванай інфармацыі і формы яе падачы запытам мэтавай аўдыторыі. У дачыненні да школьнікаў абавязковае патрабаванне — адпаведнасць узроставым асаблівасцям.

— Настаўнікі старэйшага пакалення памятаюць, што ў савецкі перыяд быў спецыяльны цыкл экскурсій для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, — адзначае аўтар і куратар праекта “Азбука падарожжаў” Алена Паднябеснава. — Трэба сказаць, што я падтрымліваю цесныя кантакты з калегамі-педагогамі, захавалася і практыка пастаянна чытаць сайт Міністэрства адукацыі, наша профільнае педагагічнае выданне. У 2015 годзе Міністэрства адукацыі выдала шэраг нарматыўна-прававых дакументаў, якія тычацца экскурсійнай работы з дзецьмі, пры гэтым прагучалі заўвагі адносна сістэмы арганізацыі экскурсійнай дзейнасці. У мяне ўзнікла ідэя стварыць штосьці новае і цікавае, увасобіць у ім тое карыснае, што існавала раней, але каб у новых умовах яно набыло сучасныя змест і форму. Сутнасц­ь нашай “Азбукі” ў тым, каб навучыць дзяцей падарожнічаць, даследаваць і вучыцца ў падарожжах з самага ранняга ўзросту. Інавацыйны праект, узгоднены з галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, накіраваны на інтэграцыю турыстычнай дзейнасці ў адукацыйны працэс, удасканаленне грамадзянска-патрыятычнага выхавання і духоўна-маральнага развіцця дзяцей і падлеткаў. Ініцыятыву мы ажыццяўляем сумесна з установамі культуры, агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Жыццё маёй суразмоўніцы непарыўна звязана са сферай адукацыі. Выкладчык гісторыі і грамадазнаўства па прафесіі, яна прайшла шлях ад настаўніка ў школе да галоўнага спецыяліста ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама; на цяперашні час курыруе работу аддзела ўязнога і ўнутранага турызму ў адной з вядучых айчынных турыстычных фірм. Алена Паднябеснава з’яўляецца аўтарам сцэнарыя і тэксту відэафільма “Віцебск — культурная сталіца Беларусі”, яркіх анімацыйных праграм і шэрага паспяховых праектаў у галіне культурна-адукацыйнага турызму. Гэта “Скарб­ніца”, “Педагагічны турызм”, “Фестываль без меж”, “Батлейка”, міжнародны фестываль дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам”, пленэр “Віцебск — горад Марка Шагала”, фестываль хароў і калектываў інструментальнай музыкі “Каляднае сугучча”. У 2013 годзе Алена Генадзьеўна стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Беларусь!” у намінацыі “Экскурсавод года”, у 2016 го­дзе — лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.

Праект “Азбука падарожжаў” грунтуецца на пакрокавым знаёмстве навучэнцаў з асноўнымі відамі экскурсій, увядзенні ў практыку нестандартных прыёмаў, што даюць магчымасць стымуляваць пазнавальныя і даследчыя інтарэсы. У рамках праек­та падрыхтаваны і рэалізуецца шырокі спектр інтэрактыўных праграм, якія дазваля­юць пазнаваць навакольны свет з цікавасцю, фарміруюць камунікатыўныя навыкі.

— У аснову праекта мы заклалі адукацыйны кампанент, ён прысутнічае ў кожным экскурсійным блоку, — працягвае Алена Генадзьеўна. — Безумоўна, у рабоце абапіраемся на строгае выкананне ўсіх неабходных норм і правіл. Для навучэнцаў “Азбука падарожжаў” — адначасова актыўны адпачынак і сур’ёзная работа, насычаная вучоба і цікавая гульня. Усе дзеці і педагогі, якія пачынаюць удзельнічаць у праекце, атрымліваюць “Дзённік падарожніка”, дзе кожная экскурсія занатоўваецца і набірае пэўную колькасць балаў. Мэта першага экскурсійнага блока — навучыць дзяцей падарожнічаць па сваім родным горадзе, роднай зямлі. Мы яго назвалі “Горад дае ўрокі”. Калі глыбока пачалі займацца гэтым напрамкам, зразумелі: неабходна ці не ў першую чаргу прыўнесці формы работы, якія будуць цікавыя менавіта дзецям малодшага школьнага ўзросту. Пастараліся ўвасобіць у праекце ўсе навыкі, якія мы ўжо мелі па арганізацыі квестаў, экскурсій-заданняў, экскурсій з выкарыстаннем інтэрактыўных і анімацыйных элементаў. Так пабачыў свет цыкл экскурсій, у прыватнасці, па Віцебску. Наш горад — сусветна вядомы гісторыка-культурны цэнтр. Акрамя таго, тут вельмі кампактна размешчана гістарычная частка, што лёгка ўпісваецца ў рамкі арганізацыі экскурсійнай работы для малодшых школьнікаў. За аптымальны для экскурсій час (30—40 хвілін) мы паспяваем здзейсніць падарожжа па гістарычных мясцінах, атрымаць заданні, каб затым сабрацца ў нашым турыстычна-інфармацыйным цэнтры і ў спаборніцтве праверыць веды, вызначыць і ўзнагародзіць самых дапытлівых і дасведчаных падарожнікаў.

Дарэчы, сучасны турыстычна-інфармацыйны цэнтр многа працуе ў напрамку інфармавання педагогаў пра новыя аб’екты і музеі, якія адкрываюцца ў вобласці і краіне. Гэта пляцоўка, дзе Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі арганізуе семінары і курсы павышэння кваліфікацыі для педагогаў, метадыстаў, бібліятэкараў. Спецыяльна для “Азбукі падарожжаў” запрошаным мастаком была распрацавана і створана магнітная карта Віцебска, дзе пазначаны памятныя мясціны горада.

— Карта — загадка, на ёй трэба размясціць магніцікі з выявамі памятных знакаў і мясцін, з якімі ўдзельнікі праекта пазнаёміліся ў ходзе экскурсіі, — акцэнтуе ўвагу куратар праекта. — Існуе некалькі модуляў, ад гістарычнага да літаратурнага. Такім чынам, мы для любога ўзросту, узроўню падрыхтоўкі і запыту ў адпаведнасці з адукацыйнай мэтай можам прапанаваць розныя віды заданняў. Між іншым, з задавальненнем спаборнічаюць не толькі дзеці. Падчас прэзентацыі праекта на метадычных аб’яднаннях настаўнікаў рознага профілю мы былі сведкамі, як педагогі з імпэтам правяраюць свае веды. Хацелася б вярнуцца да практыкі сямейнага наведвання. На жаль, прыходзіцца канстата­ваць: не так часта сем’і па выхадных збіраюцца ў музей. Па нашай прось­бе навуковыя супрацоўнікі музея-ся­дзібы Ільі Рэпіна “Здраўнёва” распрацавалі квест-экс­курсію (мы затым выступілі ў ролі экспертаў) — і яна зараз актыўна выкарыстоўваецца, знахо­дзіць жывы водгук у дзяцей, бацькоў і педагогаў. Падобная экскурсія была распрацавана ў доме-музеі Марка Шагала.

Праект прадугледжвае сістэму заахвочванняў. У верасні балы ў “Дзённіках падарожнікаў” збіраюцца, падводзяцца вынікі — і самыя актыўныя класы, навучэнцаў, іх бацькоў чакаюць узнагароды. Не застаюцца без заахвочвання і педагогі. У якасці прызоў — бонусныя экскурсіі, запрашэнні на майстар-класы, тэатральныя пастаноўкі і навагоднія паказы Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, гадавыя абанементы на сямейнае наведванне музеяў.

Наступны блок экскурсій у межах праекта — “Урок-экспедыцыя”. Як патлумачыла яго агульную канцэпцыю Алена Паднябеснава, сучасныя дзеці не заўсёды ўяўля­юць, як вырабляюцца незаменныя і звыклыя ў побыце прадукты і рэчы. І арганізатары праекта звярнуліся да ідэі правядзення вытворчых экскурсій. Былі вывучаны запыты ўстаноў адукацыі, сабрана (і пастаянна папаўняецца) база прадпрыемстваў, гатовых расчыніць свае дзверы для наведвання дзецьмі, распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс, у фармат экскурсіі ўключаны інтэрактыўныя формы работы. Характэрны прыклад — экскурсія на Віцебскі карданажна-паліграфічны камбінат: удалая падача матэрыялу ў спалучэнні з наведваннем вытворчасці, здавалася б, звычайных кардону і ўпакоўкі, мела поспех. Жыхары невялікай вулачкі, дзе размя­шчаецца камбінат, напачатку часта дзівіліся, што ў іх мясцінах з’явілася прыцягальнага для сотняў дзяцей і бацькоў? Чаму нават знешні выгляд прадпрыемства змяніўся, стаў больш дагледжаным і прывабным? Потым прывыклі. Аналагічна развіваліся падзеі і на “Віцебскіх дыванах” — прадпрыемстве, што стаіць ля вытокаў прамысловай гісторыі Віцебска. Яго кіраўніцтва падтрымала праект, і цяпер навучэнцы могуць не толькі пабачыць, як ствараюцца дывановыя вырабы, але і паспраба­ваць сябе ў ролі дызайнера, стварыць просты дыва­новы малюнак. Сёння ў актыве “Азбукі падарожжаў” практычна ўся краіна. Побач з гігантамі накшталт “БелАЗа” і “Камунаркі” не так шырока вядомыя, але не менш цікавыя прадпрыемствы — напрыклад, магілёўская булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”.

— Удалося наведаць нават Смаленскую АЭС, — дзеліцца Алена Паднябеснава. — Найперш таму, што Смаленск — наш найбліжэйшы сусед, і дзецям важна пазнаёміцца з атамнай энергетыкай, каб у іх былі веды з першых вуснаў, а не выпадкова пачутыя ці ўзятыя з інтэрнэту домыслы. І тым больш, у сувязі з развіццём атамнай энергетыкі ў нашай краіне і будаўніцтвам БелАЭС. Калі вярнуцца да агульнай канцэпцыі, то любая вытворчая экскурсія — гэта адукацыйны працэс з моцным выхаваўчым і праф­арыентацыйным складнікамі. Лічбы красамоўныя: у нас за гэты час у сярэднім утрая павялічылася колькасць экскурсій для навучэнцаў па родным краі. Праект развіваўся па ўзыходзячай: з азоў, вывучэння роднага горада, затым вобласці, краіны. Велізарную ўвагу ўдзяляем аб’ектам патрыятычнага характару, у тым ліку сучасным музеям і мемарыяльным комплексам у Мінску, Магілёве, Брэсце. Успамінаецца здзіўленне дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамары Джумантаевай: “Дзякуючы праекту, у нас незвычайны ўсплеск наведвальнікаў школьнага ўзросту. Як атрымалася іх прывабіць?” Запыт ёсць і ён расце. Толькі ў рабоце з любым аб’ектам трэба знайсці такое інтэрактыўнае зерне, якое б зацікавіла, падарыла мора эмоцый, уражанняў і выклікала гонар за радзіму, матывацыю даведацца больш, а значыць — падарожнічаць часцей. Саюзнікамі дзяцей становяцца настаўнікі і бацькі.

Заключны экскурсійны блок для вопытных падарожнікаў называецца “Адкрыты свет”. Гэта экскурсіі ў суседнія краіны. У рамках праекта мы ўжо некалькі гадоў разам з Віцебскім абкамам БРСМ арганізуем тэматычныя паязды ў мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”. Мітынг-рэквіем праводзім сумесна з Брэсцкім гаркамам БРСМ на тэрыторыі крэпасці. Практыка паказвае, што спалучэнне экскурсійнай работы і магутнага патэнцыялу выхаваўчай работы — надзвычай каштоўна. Зараз рыхтуемся да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі і плануем арганізацыю поезда памяці ў Брэст і аўтапоезда “Сёстры Хатыні” па Віцебшчыне. Гэта цікава не толькі беларусам: у нас вялікая колькасць заявак на ўдзел ад расійскіх школьнікаў. Думаю, усё павінна атрымацца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і з архіва Алены Паднябеснавай.