Разам з чэмпіёнкай

Старт навагодняй дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды” піянеры Гродна далі разам з вядомай беларускай спартсменкай, алімпійскай чэмпіёнкай, заслужаным майстрам спорту Рэспублікі Беларусь Янінай Правалінскай-Карольчык.

Адбылася сустрэча з Янінай Дзіславаўнай у рамках праекта Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі “Сустрэчы на ўсе 100”.

— Сустрэчы з вядомымі дзеячамі культуры і мастацтва, навукоўцамі, спартсменамі, грамадскімі дзеячамі і вядомымі асобамі сучаснай Беларусі дазволяць юным грамадзянам узбагаціць сябе новымі ведамі, яны атрымаюць магчымасць задаць пытанні аб усім, што іх цікавіць. Такія сустрэчы будуць праходзіць у піянерскіх дружынах ва ўстановах адукацыі, на раённым і абласным узроўні, — расказвае старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі БРПА Ганна Саросек. — Першай госцяй гродзенскіх піянераў стала вядомая спартсменка Яніна Правалінская-Карольчык.

Дзеці сур’ёзна рыхтаваліся да размовы з алімпійскай чэмпіёнкай Сіднея 2000 года — пытанні тычыліся і спорту, і дзяцінства, любімых месцаў у Гродне, дзе Яніна вучылася ў школе алімпійскага рэзерву, сямейных традыцый. А паколькі размова праходзіла ў форме дыялогу, то і піянеры расказвалі аб сваіх дасягненнях, навагодніх марах.

Сустрэча адбылася ў рэсурсным цэнтры маладзёжных ініцыятыў Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Адна з задач цэнтра — уключэнне ў актыўнае грамадскае і сацыяльнае жыццё дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І не выпадкова асаблівыя дзеткі прысутнічалі на сустрэчы. Як і ўсе іншыя маглі задаць пытанне, атрымаць аўтограф і перадсвяточныя пажаданні ад алімпійскай чэмпіёнкі. І ўсе разам зрабілі папяровыя бутаньеркі, паклалі туды цукеркі і перадалі гэтыя падарункі цэнтрам рэабілітацыі і карэкцыі дзяцей-інвалідаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.