Разам з камандай — на стадыёне і ў падарожжы

- 15:04Навіны рэгіёнаў

Па выніках спартыўных спаборніцтваў узнагароды могуць атрымаць не толькі спартсмены, але і балельшчыкі. Менавіта так адбылося са школьнікамі Мінскай вобласці, якія горача падтрымлівалі юных біятланістаў на спаборніцтвах “Снежны спайпер”.

Для кожнага спартсмена падтрымка балельшчыкаў — ад зін са складнікаў поспеху. Тым больш калі спартсмен пачынаючы. У юных біятланістаў Міншчыны ў Раўбічах, дзе праходзіў “Снежны снайпер”, каманда падтрымкі была моцная, бадзёрая і гучная. Падчас абласнога этапу спаборніцтваў быў дадзены старт абласной акцыі “Разам з камандай”, якая заклікана актывізаваць балельшчыкаў, выхоўваць камандны дух і прапагандаваць здаровы лад жыцця. Школьнікі так горача падтрымлівалі сваіх сяброў, што кіраўніцтва Мінскай вобласці вырашыла ўзнагародзіць іх за гэта паездкай у Брэсцкую крэпасць.

Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” сустракаў 66 юнакоў і дзяўчат з Вілейскага, Мінскага, Маладзечанскага, Нясвіжскага, Старадарожскага і Чэрвеньскага раёнаў. Менавіта яны былі найбольш актыўнымі на трыбунах. Для дзяцей гэта стала прыемным сюрпрызам і цудоўным падарункам — большасць яшчэ не бывала ў гэтым знакавым месцы. Трагічная гісторыя гераізму разгортвалася перад іх вачыма. Яны пабывалі на экскурсіі па тэрыторыі мемарыяла, наведалі музей і даведаліся яшчэ больш пра мужнасць абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

Атрымліваецца, што балельшчыкі з трыбун дарылі свае эмоцыі спартсменам і самі атрымалі эмоцыі ў падарунак. Такая форма заахвочвання школьнікаў прымяняецца на Міншчыне першы, але, відавочна, не апошні раз.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама.