Разам з прафесіяналамі — студэнты-медыкі

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце ўручылі ўзнагароды студэнтам, якія прынялі ўдзел у стабілізацыі эпідэмічнай сітуацыі ў вобласці, стрымліванні распаўсюджвання Covid-19.

М.Кудрацоў і А.Краткова.

Ва ўрачыстай атмасферы 44 студэнты атрымалі падзячныя лісты міністра аховы здароўя, граматы галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, галіновага прафсаюза, медыцынскага ўніверсітэта.

Змагацца з каранавіруснай інфекцыяй урачам сёння дапамагаюць звыш 2500 студэнтаў старшых курсаў медыцынскіх універсітэтаў і каледжаў краіны. Яны працу­юць у якасці санітараў, медсясцёр, фельчараў, у тым ліку і ў чырвонай зоне. Яны там, дзе патрэбны іх веды, рукі і энергія. Таленавітыя, уважлівыя і вельмі працавітыя — так характарызуюць вопытныя ўрачы студэнтаў-медыкаў. Самаадданасць моладзі ацэньваюць і пацыенты, станоўчых водгукаў і падзяк не злічыць.

Студэнт 6 курса лячэбнага факультэта Марцін Кудраўцаў ужо чатыры гады працуе ў брыгадзе хуткай дапамогі на адной з гродзенскіх гарадскіх падстанцый, у апошнія тры гады выязджае на выклікі самастойна і выконвае работу ўрача. Яшчэ ў школе гродзенец сур’ёзна займаўся фізікай, заваяваў дыпломы III ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і на Усерасійскай алімпіядзе. Сёння пра тое, што выбраў медыцынскую спецыяльнасць, не шкадуе, і мама падтрымлівае выбар сына, яна працуе рэнтгеналабарантам. Падзяка міністра аховы здароўя стала для яго нечаканасцю. Марцін упэўнены, што проста выконваў сваю работу, як і многія іншыя студэнты. Аднак у складзе брыгады хуткай дапамогі ён быў адным з першых, хто сутыкнуўся з кавіднымі хворымі.

— Калі ў Гродна прыляцеў першы хворы, днём яго сустракалі нашы брыгады, а ўначы я ўжо развозіў кантактных. Было страшна, калі пацвердзіўся першы Covid-19, апраналіся ў спецыяльныя касцюмы, спрабавалі цалкам сябе засцерагчы. Потым прывыклі. Цяпер гэта радавы выезд. Калі цябе ставяць у кавідную брыгаду, адпраўляешся па выкліку і спакойна робіш сваю справу. Работа ў брыгадзе хуткай дапамогі дала мне неацэнны вопыт, які спатрэбіцца ў будучай рабоце ўрача, — расказаў Марцін Кудраўцаў.

Сярод узнагароджаных — студэнтка 3 курса медыка-псіхалагічнага факультэта Ганна Жук, лідар валанцёрскага цэнтра “Кардзіс”. Разам з іншымі студэнтамі яна дапамагае адзінокім, пажылым людзям, разносіць ім рэцэпты з паліклінік. Нядаўна валанцёры знялі відэаканцэрт для сваіх падапечных, збіраюць настольныя гульні для тых, хто ў самаізаляцыі.

— У практычнай ахове здароўя ў перыяд другой хвалі Covid-19 працавалі і працягваюць працаваць звыш 300 студэнтаў нашага ўніверсітэта, — расказала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Алена Краткова. — Яны выконваюць работу санітарак, медыцынскіх сясцёр, фельчараў, памочнікаў урача, а таксама валанцёраў. Студэнты не толькі ўно­сяць свой пасільны ўклад у вылечванне пацыентаў, але і паказалі прыхільнасць выбранай прафесіі і сістэме аховы здароўя. У нашай дзяржаве ні адна добрая справа не застаецца без увагі, і сённяшняе мерапрыемства таму пацвярджэнне. Універсітэт ганарыцца сваімі студэнтамі, і мы з задавальненнем уручаем падзякі лепшым, хто змог паспяхова працаваць і пры гэтым добра вучыцца.

М.Пронька і Л.Кеда.

Рэктар універсітэта дадала, што з пачатку пандэміі ў медыцынскіх установах, непасрэдна ў чырвонай зоне, працуюць 98 супрацоўнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта, штодня кансультуючы, аглядаючы, пры неабходнасці аперыруючы пацыентаў.

Сёння студэнты, асабліва медыцынскіх профіляў, апынуліся ў даволі складанай сітуацыі. Дыстанцыйнае навучанне для іх не зусім прымальнае. А працуючы непасрэдна з урачамі, прафесарамі, дацэнтамі ў чырвонай зоне, яны набываюць навыкі, якія спатрэбяцца ў наступнай рабоце. Гэта бясцэнны вопыт зносін з пацыентамі, прычым ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі, калі, акрамя выканання сваіх абавязкаў, медыцынскія работнікі павінны выконваць усе меры супрацьэпідэмічнага рэжыму, у першую чаргу, каб засцерагчы сябе і навакольных. Усе студэнты працуюць на добраахвотнай аснове, гэта была іх ініцыятыва. Акрамя таго, ёсць каля 100 чалавек у спісе рэзерву. Калі спатрэбіцца дадатковая дапамога, то яны гатовы прыступіць да працы.

— Для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з каранавірусам на Гро­дзеншчыне было задзейнічана больш за 2300 урачоў, каля 4700 медыцынскіх работнікаў сярэдняга звяна. І вельмі добра, што разам з прафесіяналамі ў аказанні дапамогі прынялі ўдзел студэнты медыцынскага ўніверсітэта і навучэнцы Гродзенскага медыцынскага каледжа, — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Кеда. — Вельмі добра, што наша маладое пакаленне працуе побач з калегамі-прафесіяналамі, гэта пэўны вопыт для іх. Важна і тое, што яны сумяшчаюць работу і вучобу, гэта таксама вопыт на будучыню.

Звярнуўшы ўвагу на тэндэнцыю да зніжэння колькасці захворванняў Covid-19 і вяртання да звычайнага рэжыму шэрага бальніц абласнога цэнтра, Людміла Кеда паведаміла, што ў найбліжэйшыя дні паступіць другая партыя вакцыны і будзе працягнута вакцынацыя медыцынскіх работнікаў і супрацоўнікаў сферы адукацыі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.