Разам з сям’ёй

- 12:08Навіны рэгіёнаў

Узаемадзеянне з сям’ёй — адзін з самых актуальных і складаных кірункаў работы ўстановы адукацыі. Сем’і розныя, у кожнай свае праблемы, таму немагчыма даць гатовыя шаблоны для іх вырашэння. Вельмі многае залежыць ад прафесійнага майстэрства педагогаў, якія павінны прааналізаваць шмат розных акалічнасцей, перш чым выбраць найбольш эфектыўны спосаб узаемадзеяння з бацькамі.

Настаўніца пачатковых класаў Святлана Мікалаеўна Распопава назапасіла вялікі вопыт работы па фарміраванні традыцый у сем’ях выхаванцаў. “Чым мацнейшая традыцыя, тым мацнейшая сям’я. Дзецям неабходны яркія ўражанні, якія застануцца ў памяці і дапамогуць сфарміра­ваць жыццёвыя каштоўнасці”, — лічыць педагог.

С.М.Распопава выхоўвае ў вучняў культуру карыстання інтэрнэтам. Уменне выкладваць сэлфі ў Instagram, ставіць лайкі ў TikTok, мець зносіны ва “УКантакце” і Viber яшчэ ні пра што не гаворыць. Святлана Мікалаеўна вучыць дзяцей правільна падбіраць інфармацыйны кантэнт, з якім яны працуюць у гімназіі і дома (напрыклад, з яндэкс-падручнікам, LearningApps і іншымі карыснымі дадаткамі).

Бацькі і вучні з задавальненнем падхапілі ідэю анлайн-чытання. Так, выкарыстанне Padlet-дошкі дазваляе праслухаць выразнае чытанне аднакласнікаў, пачуць сябе збоку, прааналізаваць свае няўдачы і вылучыць удалыя інтанацыі.

Вялікую ўвагу настаўніца ўдзяляе арганізацыі сямейнай культурна-адпачынкавай дзейнасці. У сваёй рабоце С.М.Распопава звяртаецца да розных яе відаў, форм і метадаў, якія дапамагаюць дзецям засвойваць культурныя нормы і каштоўнасці, фарміруюць адказныя адносіны да здаровага ладу жыцця, выпрацоўваюць правільныя сацыяльныя паводзіны.

Класны кіраўнік 11 “Б” класа настаўніца абслуговай працы Наталля Мікалаеўна Міхаевіч актыўна далучае бацькоў і вучняў да розных відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці. З гэтай мэтай педагог распрацавала праект “Мастацтва з мясцовым каларытам”, у рамках якога праводзяцца майстар-класы, творчыя майстэрні і інтэрактыўныя заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах “Рукадзелле”.

Н.М.Міхаевіч сцвярджае, што любоў да ра­дзімы пачынаецца ў сям’і, таму вельмі важна на аснове рэгіянальнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці фарміраваць сямейныя традыцыі. Падчас сумеснай дзейнасці гімназісты вывучаюць рамесніцкае майстэрства, ствараюць прадметы народнай творчасці. Такім чынам забяспечваецца пераемнасць ведаў, навыкаў і мастацкіх прыёмаў пры выкананні прыгожых вырабаў і абрадавых атрыбутаў.

Вопыт настаўніц адзначаны дыпломамі І ступені ў адпаведных намінацыях на мінулагодніх раённых бацькоўска-педагагічных чытаннях, прысвечаных выхаванню патрыятычных кампетэнцый моладзі ва ўзаемадзеянні сям’і і ўстановы адукацыі.

Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ганцавіч.