Разам з татам

- 11:34Авторские колонки, Мнение
Ігар ГРЭЧКА

Заўтра — Дзень бацькі. Па добрай традыцыі 21 кастрычніка беларускія таты будуць прымаць віншаванні, падарункі. І самым лепшым падарункам, як для татаў, так і для дзяцей, будзе сумесна праведзены час.

У гэтым, напэўна, і хаваецца сакрэт паспяховага бацькоўскага выхавання: удзя­ляць сваім дзецям як мага больш часу і ўвагі. Часцей хадзіць на прыроду, гуляць у парку, катацца на веласіпедах, наведваць музеі, нарэшце, часцей падарожнічаць па родным краі. У кожнага з нас свае захапленні, але як важна праводзіць вольны час разам з сям’ёй!

Мне і цяпер з асаблівай цеплынёй прыгадваецца дзяцінства, летнія канікулы, калі мы з братам прачыналіся задоўга да світанку, хуценька збіраліся, сядалі на веласіпеды і следам за татам ехалі сярод ранішняга туману па пойме Гарыні да рыбных мясцін, як потым з першымі промнямі сонца выцягвалі з вады падлешчыкаў, акунёў. Колькі мінула гадоў, а тыя моманты помняцца да драбніц, быццам усё было ўчора.

Бязмерна ўдзячны тату за тое, што ён часта браў мяне ў дзяцінстве на рыбалку, у грыбы і такім чынам напаўняў вольны час карыснымі справамі, прывіваў любоў да прыроды, роднай зямлі. У яго як настаўніка былі правільныя педагагічныя падыходы.

Спадзяюся, мой сын таксама некалі прыгадае нашы сумесныя велапрагулкі па беразе Мінскага мора, а тыя верхаводкі, якіх мы налавілі летам на Гарыні, назаўсёды застануцца для яго найлепшым уловам.

На жаль, сярод штодзённай мітусні мы не заўсёды можам удзяляць сваім дзецям дастаткова ўвагі. Але, якімі б ні былі жыццёвыя абставіны, пры кожнай нагодзе варта знаходзіць час, каб быць разам. Пры гэтым трэба не проста гуляць, адпачываць, а гутарыць, абмяркоўваць розныя пытанні. Дзіцяці, асабліва хлопчыку, важна ўсведамляць, што яго праблемамі цікавіцца не толькі мама, але і тата.

Для падтрымання даверлівых адносін варта размаўляць пра яго ўзаемаадносіны з аднакласнікамі, сябрамі, поспехі або няўдачы ў вучобе, інтарэсы. Наогул, паводзіны, характар, захапленні дзяцей — амаль на 100 працэнтаў копія бацькоў. Нездарма кажуць, што яблык ад яблыні далёка не адкочваецца. Калі мы не хочам, каб дзеці захапляліся віртуальнымі гульнямі, нам самім трэба перастаць па вечарах завісаць у гаджэтах. Калі хочам, каб дзеці любілі чытаць кнігі, трэба паказ­ваць ім прыклад. Калі хочам, каб яны не хлусілі нам, трэба самім быць шчырымі.

Менавіта па тваіх учынках у сына або дачкі фарміруецца ўяўленне пра тое, якім павінен быць мужчына. І яшчэ: як тата, мужчына ты ў адказе за кожнае сваё слова. Калі яно разыходзіцца з тваім ладам жыцця, справамі, то не здзіўляйся, калі страціш давер і аўтарытэт у вачах дзіцяці. А зноў заваяваць яго будзе вельмі няпроста.

Сёлета Дзень бацькі выпаў на суботу. І гэта цудоўна. Можна выхадны правесці з карысцю, прысвяціць свайму дзіцяці. Я, напрыклад, збіраюся схадзіць з сынам у музей. А вы?