Разам з вучнямі — хутчэй, вышэй, мацней

Кожны працоўны дзень настаўніка фізічнай культуры і здароўя Забялышынскай сярэдняй школы Хоцімскага раёна Аляксандра Мікалаевіча Сцепчанкі распісаны літаральна па хвілінах. Урокі, пазакласныя заняткі, трэніроўкі… А яшчэ ён рэгулярна арганізуе ў школе спартыўныя мерапрыемствы, мэтанакіравана рыхтуе вучняў да ўдзелу ў разнастайных спаборніцтвах. І ўсюды Аляксандр Мікалаевіч паспявае, бо ён з тых педагогаў, якія цалкам адданыя сваёй працы.

Прафесійны выбар А.М.Сцепчанка зрабіў у свой час свядома. Да заняткаў фізкультурай і спортам ён далучыўся ў дзяцінстве. У школьныя гады паспяхова ўдзельнічаў у розных спартыўных стартах.

— Напэўна, тады і вызначыўся з жыццёвым шляхам. Калі атрымліваў школьны атэстат, цвёрда ведаў: буду настаўнікам фізкультуры. На гэтае імкненне паўплываў у тым ліку і прыклад майго педагога — Аляксандра Рыгоравіча Петушкова, які шмат у чым стаў для мяне прыкладам, — расказаў Аляксандр Мікалаевіч.

Намечаныя прафесійныя планы ён ажыццявіў. Адслужыў у войску, паступіў у сённяшні МДУ імя А.А.Куляшова.

— Вучыўся з энтузіязмам і жаданнем. А калі на 4 курсе паступіла прапанова паспрабаваць пачаць педагагічную дзейнасць, адразу згадзіўся. Тым больш што ехаць трэба было на малую радзіму — у Хоцімскі раён. Забялышынская школа знаходзіцца зусім побач з маёй роднай вёскай, — паведаміў А.М.Сцепчанка.

У Забялышынскай школе Аляксандр Мікалаевіч некалі пачаў настаўнічаць, ды так тут і застаўся. Вось ужо 32 гады далучае мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак да фізкультуры і спорту. 

На ўрокі да А.М.Сцепчанкі навучэнцы заўсёды ідуць з задавальненнем, бо ведаюць, што кожныя заняткі будуц­ь цікавымі і захапляючымі. У аснове ўрокаў Аляксандра Мікалаевіча — здароўезберажэнне і гульнявыя тэхналогіі. А яшчэ настаўнік лічыць важным прымяненне на занятках індывідуальнага падыходу да кожнага вучня. Асоба дзіцяці для яго — у прыярытэце.

— Усе дзеці розныя, з розным узроўнем фізічнай падрыхтоўкі, таму выкарыстоўваю на ўроках рознабаковыя методыкі, заданні, зыходзячы з магчымасцей і інтарэсаў таго ці іншага вучня, — адзначыў А.М.Сцепчанка.

Матывацыю да заняткаў фізкультурай педагог павышае і асабістым прыкладам. Разам з навучэнцамі выконвае практыкаванні, дэманструе ім правілы розных відаў спорту.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Мікалаевіч удзяляе рабоце з адоранымі навучэнцамі. Ён выпрацаваў уласную сістэму работы па развіцці фізічных здольнасцей і спартыўных задаткаў дзяцей.

— Доўга працаваў над стварэннем у нашай школе належнай матэрыяльнай базы для заняткаў спортам. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва, сёння яна ў нас сапраўды выдатная. Наяўнасць сучаснага спартыўнага інвентару ўжо з’яўляецца для дзяцей матывацыяй да фізічнага ўдасканалення, да ўдзелу ў спаборніцтвах, — адзначыў А.М.Сцепчанка. 

Работу па раскрыцці патэнцыялу адораных вучняў Аляксандр Мікалаевіч пачынае з пачатковых класаў. Адпаведныя задаткі ён прыкмячае ў вучнях адразу і потым імкнецца іх развіць.

— З адоранымі вучнямі мы вельмі многа працуем. Трэніроўкі праходзяць у шосты школьны дзень, а непасрэдна перад спаборніцтвамі мы сустракаемся з вучнямі нават у нядзелю. Трэніровачны працэс часта адбываецца і ў канікулярны час. Я імкнуся, каб усе навучэнцы былі таварышамі, адчувалі сябе адной камандай. У нас мацнейшы заўсёды дапаможа слабейшаму, старэйшыя вучаць малодшых, — расказаў А.М.Сцепчанка.

Па яго меркаванні, для дасягнення спартыўных вышынь важная таксама псіхалагічная падтрымка навучэнцаў. Таму Аляксандр Мікалаевіч заўсёды кажа вучням, што верыць у іх, пераконвае ў тым, што ўсё абавязкова атрымаецца.

Адметна, што распрацаваная А.М.Сцепчанкам сістэма работы сапраўды эфектыўная. Навучэнцы Аляксандра Мікалаевіча рэгулярна становяцца пераможцамі і прызёрамі заключных этапаў рэспубліканскіх спаборніцтваў “Снежны снайпер”, “Абаронца Айчыны”, мнагаборства “Здароўе” і іншых прэстыжных стартаў. Вучні гэтага настаўніка заваёўваюць дыпломы на розных, у тым ліку заключным, этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

Плённая педагагічная дзейнасц­ь Аляксандра Мікалаевіча адпаведна адзначалася ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі. Сёння гэты педагог мае кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, з’яўляецца выдатнікам адукацыі. Але прафесійнае развіццё, самаўдасканаленне на карысць вучняў застаецца для яго галоўным у рабоце.

— У поспехах вучняў ёсць мой важкі ўклад. Спартыўныя перамогі навучэнцаў мяне вельмі натхняюць. Але значна больш радуе тое, што ўсе былыя вучні сталі прыстойнымі грамадзянамі, знайшлі сваё месца ў жыцці. Менавіта гэта лічу сваім самым значным педагагічным дасягненнем.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Хоцімскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.