Разам захоўваць і развіваць

- 12:40Вышэйшая школа

Сучасны стан, праблемы захавання і развіцця традыцыйнай культуры беларусаў абмяркоўвалі 30 кастрычніка за круглым сталом у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў навукоўцы, выкладчыкі і студэнты, кіраўнікі абласных цэнтраў народнай творчасці, спецыялісты міністэрстваў культуры і адукацыі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, сродкаў масавай інфармацыі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларускі фонд культуры разам з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства культуры.

Фота да матэрыялу: Разам захоўваць і развіваць.Круглы стол стаў своеасаблівым фінальным акордам Х Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, удзельнікаў якога па традыцыі прымаў у чэрвені Акцябрскі раён Гомельскай вобласці. Менавіта летам і было вырашана сабраць у Мінску людзей, неабыякавых да развіцця традыцыйнай культуры, каб разам абмеркаваць надзвычай важныя і актуальныя пытанні. Круглы стол як фармат такой сустрэчы быў выбраны невыпадкова, паколькі рэалізацыя мерапрыемстваў па захаванні і развіцці традыцыйнай культуры нашага народа патрабуе шчырага, адкрытага абмеркавання, а таксама сістэмнай і скаардынаванай работы міністэрстваў і ведамстваў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, падтрымкі з боку СМІ.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў нездарма стаў месцам правядзення сустрэчы. Як адзначыла ў прывітальным слове рэктар БДУКіМ Аліна Анатольеўна Корбут (прывітальнае слова агучыў прарэктар па навуковай рабоце Віктар Робертавіч Языковіч), навуковай і творчай грамадскасцю ўніверсітэта паслядоўна ажыццяўляецца праграма комплекснага і сістэмнага вывучэння традыцыйнай беларускай культуры, вызначаны шляхі інтэграцыі розных яе праяўленняў. Традыцыі вывучэння народнай спадчыны былі закладзены выбітнымі фалькларыстамі з ліку навукоўцаў універсітэта. Гэтая праца паспяхова працягваецца сённяшнім прафесарска-выкладчыцкім складам універсітэта. Добрым прыкладам з’яўляецца работа кафедраў этналогіі і фальклору, харэаграфіі, народна-песеннай творчасці, народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш.

Фота да матэрыялу: Разам захоўваць і развіваць. Фота да матэрыялу: Разам захоўваць і развіваць.

— Традыцыйная культура народа — важны элемент у сістэме нацыянальнай культуры, а захаванасць яе — адзнака і паказчык цывілізаванасці дзяржавы. Традыцыйная культура з’яўляецца не толькі падмуркам нацыянальнай культуры, але і найважнейшым складнікам дзяржаўнай ідэалогіі. Гэтыя ёмкія, слушныя ацэнкі і характарыстыкі часта гучаць з высокіх трыбун. Аднак неабходна прызнаць, што згублена нямала і праблем у развіцці традыцыйнай культуры застаецца дастаткова. Многія з прысутных ужо не першы раз з’яўляюцца ўдзельнікамі падобных круглых сталоў, неаднаразова выказвалі слушныя прапановы і рэкамендацыі. Узнікае пытанне: “Чаму гэтыя прапановы і рэкамендацыі не выконваюцца?” Як вядома, кропля вады і камень точыць, таму спадзяёмся, што нашы прапановы ўсё ж будуць пакрысе рэалізоўвацца. Што адбываецца з традыцыйнай культурай сёння? Мы актыўна засвойваем напрацаваны пакаленнямі вопыт або губляем яго? Так, за апошнія тры дзесяцігоддзі, калі пачалася актыўная работа па адраджэнні фальклору і традыцыйнай культуры, у краіне зроблена вельмі многае, асабліва ў навукова-метадычным асэнсаванні і даследаванні традыцыйнай культуры. Адбываецца адраджэнне практычна ўсіх відаў і кірункаў народных рамёстваў, народных традыцый і абрадаў, створаны сотні адметных творчых калектываў, цэнтраў рамёстваў і фальклору. На працягу 20 гадоў рэалізоўваецца (праўда, заўсёды з цяжкасцямі) унікальны навукова-метадычны і культурна-адукацыйны праект “Берагіня”, — паведаміў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі.

Т.І.Стружэцкі: “На жаль, традыцыйная культура пакуль што не стала найважнейшым фактарам фарміравання нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, не мае шырокай запатрабаванасці ў нашым грамадстве. Часцей традыцыйная культура ўспрымаецца як дэкаратыўны элемент упрыгожвання разнастайных мерапрыемстваў. І гэта пры тым, што Рэспубліка Беларусь мае найбагацейшую традыцыйную культуру сярод многіх еўрапейскіх краін. У нас няма пакуль сістэмы, перш за ўсё асобнай дзяржаўнай або міжгаліновай праграмы захавання і развіцця традыцыйнай культуры, адсутнічае неабходная каардынацыя дзейнасці ў гэтым напрамку”.

Менавіта Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” з’яўляецца своеасаблівай лакмусавай паперай, якая яскрава вылучае праблемы, што паўстаюць у галіне традыцыйнай культуры на сучасным этапе. Такую думку выказаў аўтар, навуковы і мастацкі кіраўнік праекта Мікалай Аляксеевіч Козенка. Па яго словах, “Берагіня” сцвердзіла сябе як бяспройгрышная сістэма этнавыхавання дзяцей і моладзі, якая будуецца на прынцыпах выяўлення, аднаўлення, пераймання, папулярызацыі разнастайных форм традыцыйнай мастацкай культуры малой радзімы. Пра станоўчы вопыт гэтай мастацкай з’явы шматразова пісалі рэспубліканскія газеты, у тым ліку “Настаўніцкая газета”. Для ўдасканалення структуры фестывалю “Берагіня” яе асобныя складнікі, падпраекты, прапануецца праводзіць у рэспубліканскім фармаце.

— Каб падобныя праекты жылі, іх трэба падтрымліваць. І такі вопыт у Беларусі ёсць. На месцах праводзіцца значная работа, аднак, на мой погляд, у структурах устаноў культуры, у навучальных установах няма скаардынаванага разумення таго, што адбываецца. Калі б быў каардынатар гэтых падзей, тады не ўзнікала б разрозненых дзеянняў і праекты кшталту “Берагіні” можна было б рабіць больш грунтоўнымі. Галоўная праблема папулярызацыі традыцыйнай культуры беларусаў — далучэнне да гэтага працэсу дзяцей, — падзяліўся намеснік старшыні БФК і Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Іванавіч Бутэвіч.

Фота да матэрыялу: Разам захоўваць і развіваць. Фота да матэрыялу: Разам захоўваць і развіваць.

Для папулярызацыі традыцыйнай культуры сярод навучэнскай моладзі было прапанавана аднавіць сетку школ з этнакірункам, уключыць у Агульнадзяржаўны класіфікатар “Спецыяльнасці і спецыялізацыі” спецыяльнасць “Фальклор” для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, стварыць на базе Нацыянальнага інстытута адукацыі кафедру традыцыйнай беларускай культуры і этнапедагогікі. Супрацоўнікам міністэрстваў адукацыі і культуры было прапанавана распрацаваць нацыянальную доўгатэрміновую праграму выхавання моладзі сродкамі традыцыйнай народнай культуры “Традыцыйная культура і моладзь Беларусі”. Распрацаваць для агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў сферы культуры і мастацкай адукацыі вучэбныя планы і праграмы, хрэстаматыі і дапаможнікі на рэгіянальным матэрыяле па народнай харэаграфіі, народным музычным мастацтве, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, гульнявым фальклоры.

— Змястоўнае выступленне ўдзельнікаў круглага стала сведчыць пра актуальнасць заяўленай тэмы, неабходнасць правядзення комплекснай міжведамаснай работы ў гэтым напрамку. У сферы адукацыі шмат робіцца для папулярызацыі традыцыйнай культуры беларусаў, у прыватнасці, ва ўстановах адукацыі ў рамках пазаўрочнай дзейнасці і ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Разам з Міністэрствам культуры на працягу больш чым 5 гадоў рэалізоўваецца шэраг праектаў, дзейнічае Пра-грама бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, Дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Міністэрства адукацыі выступае адным з заказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Усе гэтыя праграмы даюць магчымасць праводзіць на месцах і на ўзроўні рэспублікі значныя мерапрыемствы з мэтай развіцця традыцыйнай культуры, — паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Васільеўна Драпакова.

Т.В.Драпакова: “Поспех у папулярызацыі традыцыйнай культуры нашага народа ў многім залежыць ад зладжанасці работы ўсіх зацікаўленых. У рэзалюцыі круглага стала выказваюцца прапановы распрацоўкі доўгатэрміновай праграмы выхавання моладзі сродкамі традыцыйнай народнай культуры. Калі Міністэрства культуры гатова выступіць дзяржаўным заказчыкам, каардынатарам гэтай праграмы, то Міністэрства адукацыі, безумоўна, падтрымае прапанову і сфармулюе сваю пазіцыю па распрацоўцы праграмы. Можа быць, так, кропкава, мы і аб’яднаем нашы намаганні. Мы адкрыты і гатовы працаваць у гэтым напрамку”.

Па словах вядучага спецыяліста аддзела інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алены Тадэвушаўны Каліноўскай, у рэгіёнах назапашаны вялікі вопыт па пытаннях захавання і развіцця традыцыйнай культуры. У кожным рэгіёне выпрацаваны свой падыход да работы з нематэрыяльнай культурнай спадчынай, якім варта было б больш актыўна дзяліцца, абагульняць яго, агучваць. Яскравым прыкладам з’яўляецца Любанскі раён, а менавіта работа па захаванні і папулярызацыі традыцыйнай культуры жыхароў гэтага куточка беларускай зямлі загадчыка аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Любанскага раённага цэнтра культуры кіраўніка ўзорнага фальклорнага гуртка “Верабейкі” Сяргея Георгіевіча Выскваркі.

Фота да матэрыялу: Разам захоўваць і развіваць.

А.Т.Каліноўская: “У рэзалюцыі, на мой погляд, вельмі сціпла пададзена прапанова аб стварэнні Рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра народнай культуры. Сёння пра неабходнасць стварэння такога цэнтра трэба гаварыць вельмі гучна, як і пра дзейнасць цэнтра нематэрыяльнай спадчыны. Можа, нават варта весці гаворку пра аб’яднанне гэтых цэнтраў у адну рэспубліканскую структуру, як гэта зроблена ў нашых суседзяў. У Польшчы, напрыклад, гэта цэлы факультэт цэлага інстытута. Нягледзячы на тое, што Беларусь далучылася да Канвенцыі ЮНЕСКА значна раней за Польшчу, тым не менш нашы суседзі ўжо стварылі ў гэтым годзе Нацыянальны рэестр лепшых практык аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Хочацца, каб усё гэта адбывалася і ў нашай краіне”.

— Чым даўжэй жывеш, тым усё больш баішся. Баішся, што пэўныя з’явы традыцыйнай культуры, пра якія ты цудоўна ведаеш, знікнуць. Кожны аўтэнт і той, хто скіраваны на аўтэнтыку, падчас выканання твора або знаёмства з творам традыцыйнай культуры пражывае сітуацыю нанова. Напрыклад, адну і тую ж песню я 10 разоў запісваў ад адной і той жа жанчыны. І кожны раз гэта было новае выкананне, новая гісторыя. А сцэнічнае мастацтва — гэта напрацаваныя эмоцыі, якія паўтараюцца кожны раз. Нашы сцэнічныя калектывы вельмі цудоўныя, аднак калі пэўнае мерапрыемства называецца фальклорным фестывалем, то туды павінен ехаць фальклорны калектыў. Пакуль у нас ёсць жывыя носьбіты традыцыйнай культуры, трэба ім даваць магчымасць прапагандаваць народнае мастацтва. З такімі людзьмі няпроста працаваць, але калі яны выходзяць на сцэну, то публіка атрымлівае вялікую асалоду! Добра, што ёсць “Берагіня”. Гэта амаль адзіны фестываль, які трымае традыцыйную культуру і яе аўтэнтычнасць на самым высокім узроўні, — падзяліўся Сяргей Георгіевіч.

Удзельнікі круглага стала ўзнялі шырокі спектр пытанняў. Гэта і ўключэнне пэўных з’яў у спіс нематэрыяльнай духоўнай спадчыны краіны (напрыклад, галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА Уладзімір Аляксандравіч Гілеп прапанаваў уключыць у гэты спіс знакаміты Будслаўскі фэст і фестываль “Берагіня”), дзейнасць аматарскіх калектываў, неабходнасць захавання вытворчасці народных музычных інструментаў, праблема выезду творчых калектываў за мяжу, пытанне фальклорнага ўсенавуча.

Падчас адкрытай размовы быў выпрацаваны шэраг прапаноў і рэкамендацый па праблематыцы традыцыйнай культуры. Усе гэтыя прапановы знайшлі адлюстраванне ў рэзалюцыі, якая будзе абавязкова накіравана ў міністэрствы культуры і адукацыі, грамадскія арганізацыі. Вельмі важна, каб круглы стол меў выніковасць, каб думкі, якія на ім прагучалі, сталі вядомы ўсім, ад каго залежыць лёс традыцыйнай культуры нашага народа.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.