Разам змагацца лягчэй

Скаардынаваць дзеянні, аб’яднаць намаганні, дапамагчы людзям. Такія задачы ў сітуацыі з хуткім распаўсюджваннем віруса COVID-19 ставяць сёння прафсаюзы. Гомельская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўключылася ў маштабную работу, якая вядзецца ў краіне па прафілактыцы каранавіруса.

Сваіх членаў прафсаюза актыўна падтрымалі раённыя камітэты Веткаўскага, Добрушскага, Жлобінскага, Мазырскага, Акцябрскага, Светлагорскага раёнаў і Цэнтральнага раёна Гомеля. Таксама не засталіся ўбаку прафсаюзныя камітэты ГДУ імя Ф.Скарыны, ГДТУ імя П.В.Сухога і  Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя І.Шамякіна.

Вялікую работу па закупцы масак, пальчатак, сродкаў дэзынфекцыі і забеспячэнні імі супрацоўнікаў правялі Гомельскі, Жытка­віцкі, Калінкавіцкі, Ка­рмянскі, Лельчыцкі, Рэчыцкі, Рагачоўскі, Чыгуначны і Савецкі Гомеля раённыя камітэты. Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі Рэчыцкага педагагічнага каледжа, Гомельскага і Мазырскага політэхнічных каледжаў, Светлагорскага індустрыяльнага каледжа таксама падтрымалі сваіх супрацоўнікаў і забяспечылі іх пальчаткамі, маскамі, антысептыкамі.

Грамадскія інспектары рэгулярна кантралююць наяўнасць ахоўных сродкаў у супрацоўнікаў. Інфармацыю пра сітуацыю на месцах яны прадастаўляюць у абласны камітэт, што дазваляе аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць.

Педагагічны калектыў гімназіі № 10 Гомеля не застаўся абыякавым у перыяд пандэміі да праблем медыцынскіх супрацоўнікаў. Аказаць дапамогу вырашылі калектыўна. Сабралі сродкі, звязаліся з галоўным урачом Гомельскай туберкулёзнай бальніцы, удакладнілі, чым могуць дапамагчы. Высветлілася, што не хапае апырсквальнікаў для правядзення дэзынфекцыі. 25 камплектаў былі закуплены і перададзены ў лячэбную ўстанову, — расказала намеснік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Давыдзенка:

— Яшчэ адна задача прафсаюзных актывістаў сёння — клопат пра ветэранаў працы. Сувязь падтрымліваецца па тэлефоне, пры неабходнасці пенсіянераў наведваюць дома, ім аказваецца дапамога па дастаўцы рэцэптаў, медыкаментаў, прадуктаў і прадметаў першай неабходнасці.

Педагогі-ветэраны сярэдняй школы № 2 Чачэрска Людміла Волкава і Анатоль Вадзюцін падзякавалі за ўвагу старшыні Чачэрскай раённай арганізацыі прафсаюза адукацыі і навукі Таццяне Перавознікавай. Яны цяпер імкнуцца не выходзіць з дома без неабходнасці. Ветэраны працы захоўваюць аптымізм, а гэта таксама добры сродак для прафілактыкі ўсіх хвароб.

Валанцёры прафсаюзнага атрада “Добрае сэрца” Мазырскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа аказваюць пасільную дапамогу ў куплі і дастаўцы медыкаментаў і прадуктаў харчавання пажылым лю­дзям свайго горада. Выконваючы ўсе неабходныя санітарныя меры, пры адсутнасці асабістага кантакту з пажылымі лю­дзьмі моладзь каледжа дастаўляе прадукты харчавання і медыкаменты ветэранам працы Дзіне Міньковай і Аляксандру Дударэнку, якія знаходзяцца на самаізаляцыі.

У Мазырскім дзяржаўным політэхнічным каледжы арганізавана штодзённае вымярэнне тэмпературы супрацоўнікам і навучэнцам перад пачаткам вучэбнага дня. Гэта робяць спецыяльным прыборам падчас вучэбных заняткаў. Калі право­дзіцца рэйд, супрацоўнікам і навучэнцам яшчэ раз нагадваюць, што ў выпадку выяўлення першых прымет рэспіраторнага захворвання і павышанай тэмпературы рэкамендуецца заставацца дома і выклікаць урача.

Прафсаюзны камітэт студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны для прапаганды нашэння павязак і павышэння ўвагі студэнтаў да выканання правіл бяспекі ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” запусціў флэш-моб #улыбнисьглазамиchallenge.

Па словах намесніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталлі Давыдзенка, каля Br100 тысяч са створанага на Гомельшчыне фонду дапамогі  ў красавіку бягучага года было накіравана на набыццё прадметаў індывідуальнай засцярогі для супрацоўнікаў галіны і аказанне ім матэрыяльнай дапамогі:

— Таксама прафсаюзнымі арганізацыямі вобласці закуплена сродкаў індывідуальнай засцярогі на суму, большую за Br51 тысячы. Матэрыяльная дапамога аказана больш чым 700 супрацоўнікам галіны на суму каля Br40 тысяч. Са сродкаў Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі аказана бязвыплатная дапамога Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза супрацоўнікаў аховы здароўя на суму Br6400.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.