Разарваць кайданы

- 12:02Сацыяльны ракурс

Як пазбегнуць сексуальнага рабства і працоўнай эксплуатацыі?

Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі сёння перапоўнены заманлівымі прапановамі аб высокааплатнай працы за мяжой. Здаецца, адзін клік па незнаёмай спасылцы ці яркім банеры — і ўсё, работа знойдзена. Часта менавіта такія гарачыя аб’явы хаваюць у сабе найбольшую небяспеку. Ніхто не застрахаваны ад таго, што завуаліраваная прапанова аб рабоце — гэта прамы шлях у рукі трафікёраў. А прыгожая рэклама — ні што іншае, як хітра прадуманая схема вярбоўкі.

На жаль, сёння праблема гандлю людзьмі застаецца актуальнай. Адным з фактараў, які спрыяе росквіту незаконнай з’явы па ўсім свеце, з’яўляецца запыт на сексуальныя паслугі і танную рабочую сілу. Зразумела, асабліва ўразлівай катэгорыяй з’яўляецца моладзь, якая шукае работу, а таксама мігранты.

Нядзіўна, што сёння гандаль жывым таварам з’яўляецца транснацыянальнай пагрозай і па прыбытку займае ў крымінальным свеце 3-е месца, амаль апярэджваючы па сваім даходзе такія два кірункі, як продаж зброі і распаўсюджанне наркатычных сродкаў. З кожным годам прыбытак ад гандлю людзьмі расце, а колькасць ахвяр памнажаецца. Перамагчы гэтую праблему дапаможа толькі барацьба з першапрычынай, запытамі на паслугі, а таксама павышэнне інфармаванасці насельніцтва.

Сучасныя трафікёры актыўна выкарыстоўваюць інтэрнэт і іншыя тэхналогіі, і гэтым самым рэалізуюць увесь ланцужок трафіка — пачынаючы вярбоўкай і заканчваючы легалізацыяй злачыннага прыбытку. Каб схаваць сваю незаконную дзейнасць, трафікёры выкарыстоўваюць розныя метады. Карупцыйныя сувязі ў розных краінах свету дапамагаюць вярбоўшчыкам доўга заставацца незаўважанымі. А розныя мадэлі паводзін, у тым ліку карупцыйныя схемы і добрае веданне заканадаўства, дазваляюць пазбягаць адказнасці нават у выпадку, калі іх злавілі.

Беларусь адна з першых прызнала наяўнасць праблемы гандлю людзьмі і пачала з ёй весці актыўную барацьбу.

— Наша краіна з’яўляецца пастаянным удзельнікам усіх універсальных канвенцый ААН у гэтай сферы і адзінай краінай, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы і, тым не менш, далучылася да Канвенцыі Савета Еўропы аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі, — звярнуў увагу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Дзмітрый Радзіслававіч Цаюн. — Так, у 2012 годзе ў нас прыняты Закон “Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі”, які быў створаны на аснове міжнародных дагавораў. У гэтым дакуменце сабраны і сістэматызаваны нормы ўсіх папярэдніх прававых актаў, якія тычыліся гэтай сферы. Падчас падрыхтоўкі закона быў улічаны станоўчы міжнародны вопыт у барацьбе з трафікінгам.

Як адзначыў Дзмітрый Цаюн, у Беларусі рэалізоўваецца план дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі, а таксама распрацаваны нацыянальны механізм ідэнтыфікацыі і накіравання тых, хто стаў ахвярамі гандлю, на рэабілітацыю. Правам на атрыманне дапамогі надзелены не толькі ахвяры трафікінгу, але і тыя, хто мог стаць.

Асноўныя формы гандлю людзьмі ў краіне застаюцца нязменнымі. У асноўным такія злачынствы здзяйсняюцца з мэтай сексуальнай і працоўнай эксплуатацыі. 8 гадоў назад быў выяўлены адзінкавы факт гандлю жывым таварам з мэтай атрымання ўнутраных органаў для трансплантацыі.

— Сёння маштабы трафікінгу ў нашай краіне мінімізаваны, — гаворыць Дзмітрый Цаюн. — За 18 гадоў выяўлены 4223 адпаведныя злачынствы. У бягучым годзе іх было выяўлена 80. Усяго ліквідаваны 22 злачынныя арганізацыі і 85 арганізаваных злачынных груп, якія працавалі ў кірунку гандлю жывым таварам. Сёння абсалютная большасць злачынстваў, якія выяўляюцца ў сферы трафікінгу, накіравана на арганізацыю і прыцягненне да паслуг сексуальнага характару. Пік чыстага гандлю людзьмі выпаў на 2005 год. У гэты перыяд намі было выяўлена 159 такіх фактаў. Пасля гэтага сітуацыя стабілізавалася, і на працягу апошніх гадоў выяўляецца не больш за 10 фактаў гандлю людзьмі. Тым не менш рана гаварыць пра зніжэнне пагрозы. За 6 месяцаў 2018 года былі выяўлены 3 факты гандлю людзьмі, а таксама 3 выпадкі выкарыстання рабскай працы і 5 фактаў выкрадання людзей для працоўнай і сексуальнай эксплуатацыі. Падчас узаемадзеяння з праваахоўнымі органамі Ізраіля спынена дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, у якую ўваходзілі і жыхары нашай краіны, і ізраільцяне. Яны займаліся вярбоўкай і перапраўкай маладых дзяўчат для сексуальнай эксплуатацыі ў Ізраіль. Акрамя гэтага, былі перакрыты ўстойлівыя каналы перапраўкі нашых дзяўчат у Турцыю і Грэцыю для сексуальнай працоўнай эксплуатацыі. Але асноўнымі кірункамі вывазу з’яўляюцца яшчэ і Расія, Германія, ААЭ, Кіпр. Дзяўчат вярбуюць у асноўным праз інтэрнэт.

Не стаць жывым таварам

Сексуальная эксплуатацыя з’яўляецца самай распаўсюджанай формай гандлю жывым таварам. З 5605 ахвяр трафікінгу, якія былі ўстаноўлены за 16 гадоў, у сексуальную пастку трапілі 4973 маладыя жанчыны. Працоўнай эксплуатацыі былі падвержаны 690 асоб. Крыху больш чым 12% ад агульнай колькасці ахвяр гандлю людзьмі складаюць непаўналетнія. У гэтым годзе 68 беларусаў ужо сталі мішэнню трафікёраў, 10 з якіх непаўналетнія. Са слоў Дзмітрыя Радзіслававіча, іх прыцягвалі да заняткаў прастытуцыяй у межах Беларусі.

Вялікай праблемай для нашай краіны застаецца і ўнутранае рабства, у якім сексуальная эксплуатацыя таксама пераважае над працоўнай. Як адзначыў Дзмітрый Цаюн, калі параўноўваць сексуальную эксплуатацыю ў межах краіны з замежнай арганізацыяй сексуальнага рабства, унутры Беларусі колькасць такіх злачынстваў пераважае над замежнымі. Яшчэ ў 2006 годзе ўсё было наадварот, і колькасць ахвяр замежнай сексуальнай экспуатацыі была большай за ўнутраную ў 9 разоў.

Даведка

Згодна з данымі, якія прадастаўляе ААН, агульная колькасць рабоў на зямлі складае 21 мільён чалавек, трэцяя частка з якіх непаўналетнія. У гандаль лю-дзьмі ўцягнута 161 краіна. У апошнія гады выяўляецца ўсё больш выпадкаў працоўнай эксплуатацыі, ад якой пакутуюць у асноўным мужчыны. Жанчыны ў сваю чаргу часта становяцца ахвярамі сексуальнага рабства. У 2013 годзе Генеральная Асамблея ААН правяла сустрэчу, на якой дзяржавы-члены прынялі рэзалюцыю і аб’явілі 30 ліпеня Сусветным днём барацьбы з гандлем людзьмі.

Працоўная эксплуатацыя раней была прадстаўлена ў выглядзе незаконнага працаўладкавання за мяжой, але ў апошнія 2 гады былі выяўлены яе новыя формы, якія раней не звярталі на сябе ўвагу па прычыне высокай латэнтнасці. Адным з такіх відаў эксплуатацыі з’яўляецца арганізаванае падкантрольнае жабраванне, якое характэрна для асоб з этнічных дыяспар.

— Да жабрацтва прыцягваюцца найбольш уразлівыя групы насельніцтва, — канстатуе Дзмітрый Радзіслававіч. — Сюды адносяцца непаўналетнія, інваліды, а таксама асобы з псіханеўралагічнымі адхіленнямі, алкагольнай ці наркатычнай залежнасцю і тыя, хто не мае вызначанага месца жыхарства. За 6 месяцаў бягучага года па фактах прыцягнення згаданых асоб да жабрацтва ўжо ўзбуджаны 3 крымінальныя справы. Так, адзін з выпадкаў адбыўся ў Вілейскім раёне. Нягоднік утрымліваў на ланцугах траіх сваіх ахвяр. Людзі трапілі ў рабства шляхам падману. У Віцебскай вобласці была аналагічная сітуацыя. Цыганская дыяспара збірала па краіне людзей нізкага сацыяльнага статусу без вызначанага месца жыхарства, прывозіла да сябе на тэрыторыю. Пасля грамадзян уладкоўвалі на работу, а дакументы і банкаўскія карткі забіралі. Безумоўна, грошы, якія пералічваліся на рахункі рабоў, дыяспара забірала сабе.

Парушэнне працоўных правоў — бяда мігрантаў

Метады для барацьбы з гандлем людзьмі павінны быць дзейснымі і эфектыўнымі. Тут, як і ва ўсіх іншых з’явах, важнай з’яўляецца прафілактыка, а гэта значыць, дзейнічаць трэба на апярэджанне.

Алена Рыгораўна Несцярук, кіраўнік праграмы “Ла Страда” міжнароднага грамадскага аб’яднання “Гендарныя перспектывы”, заўважыла, што важным інструментам у барацьбе з гандлем людзьмі з’яўляецца гарачая лінія.

— Гандаль людзьмі патрабуе вялікай увагі, для барацьбы з гэтай з’явай неабходна выкарыстоўваць шматлікія прафілактычныя інструменты, — упэўнена Алена Рыгораўна. — “Ла Страда” — гэта інфармацыйная лінія для тых, хто плануе выязджаць за мяжу часова ці назаўсёды. Да нас звяртаюцца па розных пытаннях. Людзі тэлефануюць тады, калі неабходна пракансультавацца наконт работы, вучобы за мяжой, а таксама збіраюць неабходную інфармацыю, калі збіраюцца выходзіць замуж за прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. У кожнай краіне, якая змагаецца з такой праблемай, як гандаль людзьмі, існуюць бясплатныя тэлефонныя лініі. Дзякуючы ім, можна аператыўна атрымаць неабходную інфармацыю, пагаварыць з кансультантамі і зразумець, што і як рабіць у крызіснай сітуацыі. За першыя паўгода на нашу інфалінію паступіла больш чым 2500 зваротаў, пераважна ад жанчын. Другі год запар заўважаем тэндэнцыю росту колькасці зваротаў. Большасць пытанняў тычыцца працаўладкавання за мяжой. Акрамя гэтага, звяртаюцца па пытаннях пашпартна-візавага рэжыму. І, безумоўна, ёсць звароты наконт шлюбна-сямейных адносін. Дзяўчаты тэлефануюць і кансультуюцца, як арганізаваць сустрэчу з хлопцам з іншай краіны, што рабіць, калі збіраешся выйсці замуж за іншаземца, і г.д.

Асаблівая ўвага, як заўважыла кіраўнік праграмы, удзяляецца крызісным сітуацыям. Часта на інфалінію па бяспечным выездзе звяртаюцца родныя ці сябры тых, хто выехаў за мяжу і знік без вестак. Большасць падобных выпадкаў, як правіла, звязана з парушэннем працоўных правоў беларускіх мігрантаў. Вельмі актуальнай з’яўляецца і праблема дамашняга насілля ў міжнацыянальных шлюбах.

— За першыя паўгода да нас звярнуліся 170 чалавек, якія аказаліся ў цяжкай сітуацыі за мяжой, — працягвае расказваць пра дапамогу беларусам кіраўнік “Ла Страды”. — Па статыстыцы, нашы грамадзяне траплялі ў крызісныя сітуацыі ў 37 краінах свету. Большасць зваротаў звязана з тым, што ў адносінах да людзей у іншай краіне парушалася працоўнае заканадаўства. Кліенты расказвалі, што сутыкаліся з парушэннем сваіх працоўных правоў, поўнай ці частковай нявыплатай заработнай платы. Найбольшая колькасць праблемных зваротаў зафіксавана па Польшчы — 21%. Акрамя гэтага, беларусы сутыкаліся з несправядлівасцю і ў Расійскай Федэрацыі (19% зваротаў), палова званкоў адтуль таксама звязана з парушэннем працоўных правоў нашых грамадзян. 6% крызісных сітуацый звязаны з Турцыяй. Трэба адзначыць, што па гэтай краіне назіраецца свая спецыфіка — 90% кліентаў паведамілі аб фактах дамашняга насілля ў міжнацыянальных шлюбах. Таксама варта звярнуць увагу на тое, што работа па асабліва цяжкіх сітуацыях вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з МУС. Калі неабходна падключыць іншыя рэсурсы, на дапамогу прыходзяць партнёрскія міжнародныя і лакальныя арганізацыі, якія дзейнічаюць у іншых краінах свету.

Паколькі сёння большасць выпадкаў вярбоўкі адбываецца праз сацыяльныя сеткі і незнаёмыя сайты, праводзіць прафілактычную работу з патэнцыяльнымі ахвярамі трафікінгу таксама неабходна праз інтэрнэт. Як ужо было адзначана, асаблівай увагі патрабуе ўзаемадзеянне з уразлівымі групамі насельніцтва.

— Безумоўна, мэтавая аўдыторыя сайта па бяспечным выездзе за мяжу — патэнцыяльныя мігранты, а таксама тыя, хто хоча засцерагчы сябе ад крызісных сітуацый, — гаворыць Алена Несцярук. — На сайце мы расказваем, як дзейнічаць у цяжкіх сітуацыях, куды звяртацца па дапамогу. Акрамя гэтага, дзякуючы рэсурсу, можна прасачыць алгарытм дзеянняў у тых выпадках, калі чалавек, напрыклад, згубіў дакументы за мяжой, яго затрымала паліцыя, калі трапіў у сексуальную эксплуатацыю ці стаў ахвярай іншага віду насілля.

Наталля САХНО.