Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў агучыў комплекс рашэнняў для росту сярэдняй зарплаты да $500 да канца 2017 года. Аб гэтым ён заявіў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў студзені 2017 года і меры па выхадзе на дадатную дынаміку росту эканомікі ў першым квартале.
“Пры выкананні задачы па выхадзе да канца года на Br1000 сярэдняй заработнай платы будзем зыходзіць з таго, што грошы павінны быць зароблены. Рост даходаў толькі ва ўвязцы з ростам прадукцыйнасці працы. Раздачы незаробленых грошай не будзе”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Кіраўнік урада акцэнтаваў увагу, што вырашэнне гэтай задачы — праз стварэнне новых рабочых месцаў, новых прадпрыемстваў, развіццё прадпрымальніцтва і ініцыятывы, нарошчванне экспарту і скарачэнне затрат. “У бюджэтнай сферы рост зарплаты — за кошт мерапрыемстваў па аптымізацыі і росту пазабюджэтных даходаў”, — адзначыў прэм’ер-міністр.
“Што тычыцца вынікаў першага квартала, мы не маем права не забяспечыць устаноўленага прагнозам задання. Паказчык павінен быць мінімум на ўзроўні 2016 года. Прашу на гэта настроіць усе службы. За вынік патрабаванне будзе строгім. Усе мы — людзі адказныя, высокапрафесійныя. Разумеем, што калі не выйдзем на той мінімальны прагноз, які самі ж і ўстанавілі, то адкажа кожны персанальна. Дынаміка ў лютым і сакавіку павінна быць прыкметнай”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.