Раздарожжа не будзе

Сёння ва ўстановах адукацыі нашай краіны ўдзяляецца павышаная ўвага пытанням інжынернай падрыхтоўкі, ранняй прафарыентацыі моладзі, стварэнню магчымасцей для засваення навучэнцамі школ асноў прафесійных кампетэнцый. У мэтах удасканалення сістэмы прафесійнай арыентацыі моладзі Міністэрства адукацыі ініцыіравала развіццё руху JuniorSkills Belarus, каардынатарам якога з’яўляецца Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

На пляцоўцы Рэспубліканскага чэмпіянату дырэктар цэнтра Сяргей Міхайлавіч Сачко расказаў пра выступленне ўдзельнікаў руху JuniorSkills Belarus.

— Гэты рух накіраваны на прыцягненне ўвагі дзяцей і моладзі да свету сучасных прафесій, аказанне дапамогі ў выбары далейшага прафесійнага шляху, — падкрэсліў Сяргей Міхайлавіч. — У рамках руху JuniorSkills у Беларусі праводзяцца рэспубліканскія і рэгіянальныя конкурсы, семінары і іншыя мерапрыемствы ў галіне робататэхнікі і штучнага інтэлекту. На сённяшні дзень назапашаны значны вопыт, які мы імкнёмся распаўсюджваць у іншых рэгіёнах. Безумоўна, і такія спаборніцтвы, якія толькі што прайшлі на рэспубліканскай пляцоўцы, унясуць свой уклад у скарбонку нашых здабыткаў і прастымулююць далейшую дзейнасць у гэтым напрамку.

Цяпер JuniorSkills актыўна развіваецца як міжнародны рух, што дазваляе ўдасканаліць прафарыентацыйную работу сярод школьнікаў, знаходзіць новыя перспектыўныя кірункі яе развіцця. Навучэнцы ўстаноў адукацыі нашай краіны неаднаразова паспяхова выступалі на розных міжнародных чэмпіянатах JuniorSkills. Так, напрыклад, беларускія школьнікі ў мінулым годзе пабывалі на 44-м Міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) і прынялі ўдзел у прэзентацыйных спаборніцтвах JuniorSkills. У перспектыве плануецца ўдзел беларускіх школьнікаў у I Міжнародным чэмпіянаце JuniorSkills у рамках 45- га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills, які адбудзецца ў Казані ў 2019 годзе.

Заключны этап Рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills Belarus прайшоў па такіх конкурсных намінацыях, як “Мабільная робататэхніка”, “Графічны дызайн”, “Прататыпаванне”, “Сеткавае і сістэмнае адміністраванне”, “Інжынерны дызайн CAD”, “Нейратэхналогіі”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”, “Мультымедыйная журналістыка”, “Вэб-дызайн”, “Дызайн і мадэляванне адзення”. У конкурсе ўдзельнічалі каля 130 школьнікаў з усёй краіны.

На пляцоўцы, дзе размясціліся ўдзельнікі руху JuniorSkills Belarus, можна было ўбачыць знаёмыя твары. Сярод нашых знаёмых Сцяпан Багдановіч. Хлопец паспяхова прайшоў выпрабаванні на ІІ нацыянальным конкурсе WorldSkills у кампетэнцыі JuniorSkills “Прамысловая робататэхніка” і стаў дыпламантам. А ў мінулым годзе Сцяпан разам са сваімі равеснікамі, якія паказалі найлепшыя вынікі ў нацыянальным чэмпіянаце, удзельнічаў у прэзентацыі прафесійных кампетэнцый JuniorSkills Belarus на Міжнародным чэмпіянаце ў Абу-Дабі (ААЭ). Сцяпан з задавальненнем расказаў, што першыя свае прафесійныя навыкі па робататэхніцы ён набыў у аб’яднанні па інтарэсах Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Менавіта там хлопец развівае свае творчыя памкненні і такім чынам шукае свой прафесійны шлях.

Ала КЛЮЙКО.