Раздзяляем смецце… спяваючы

Школам Беларусі прапануюць навучыць дзяцей правілам барацьбы са смеццем і прыняць удзел у экаконкурсе “Героям спяваць лёгка” на лепшае выкананне песні пра… карысць асобнага збору смецця. Конкурс праводзіцца некамерцыйнай арганізацыяй “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пад эгідай грамадскага руху “Мэта 99”.

Галоўная задача арганізатараў — з дапамогай гульнявых і навучальных мерапрыемстваў для дзяцей пераканаць жыхароў нашай краіны ў важнасці асобнага збору адходаў. Асобны збор бытавых адходаў робіць магчымым іх далейшую перапрацоўку. Другасная сыравіна дазваляе эканоміць прыродныя рэсурсы, ваду і энергію і змяншае колькасць смеццевых палігонаў. Заходняя Еўропа з’яўляецца лідарам па перапрацоўцы бытавых адходаў: у Германіі доля вяртання смецця ў карысны абарот перавышае 60%, у Францыі — 40. У Беларусі гэты паказчык усяго 17%.

Прыняць удзел у конкурсе могуць усе беларускія ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Для гэтага настаўнікам неабходна правесці з вучнямі малодшых класаў інфармацыйную гадзіну аб адказным стаўленні да бытавых адходаў, сфатаграфаваць самыя цікавыя моманты, а таксама зняць відэа пра асобны збор адходаў з удзелам школьнікаў пад песню маленькіх экаменаў “Каб планету нам ратаваць” з вядомай сацыяльнай рэкламы і ўсе матэрыялы адправіць арганізатарам.
Наглядным дапаможнікам і пакрокавай інструкцыяй для настаўнікаў на ўсіх этапах будуць дыскі з відэаўрокам, якія напярэдадні пачатку конкурсу арганізатары адправілі ва ўсе школы Беларусі. Падрабязную інфармацыю пра ўмовы конкурсу, матэрыялы для ўдзелу і правядзенне інфармацыйнай гадзіны можна знайсці на сайце www.target99.by.

Заяўкі на ўдзел і конкурсныя работы прымаюцца да 31 кастрычніка 2018 года ўключна. З 1 па 26 лістапада журы будзе ацэньваць відэаролікі, якасць выканання песні, арыгінальнасць ідэі, інфарматыўнасць і пераканаўчасць і вызначаць лепшыя з іх. Узнагароджанне пераможцаў будзе праходзіць з 27 лістапада па 17 снежня 2018 года.

Пераможцамі стануць чатыры школы, якія выканаюць усе ўмовы і прадставяць найбольш цікавыя кліпы пра асобны збор адходаў пад песню “Каб планету нам ратаваць”. Лепшыя кліпы будуць размешчаны на YouTube-канале target99Belarus для публічнага прагляду. Школы, якія занялі прызавыя месцы, атрымаюць у падарунак камплекты музычнага, мультымедыйнага абсталявання, а таксама экалагічныя наборы для ўсіх вучняў.

Святлана НІКІФАРАВА.