Разгадваем таямніцы гісторыі

У канцы лютага ў ліцэі № 1 Баранавіч адбыўся Рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару па гісторыі і грамадазнаўстве. Рэспубліканскую каманду па гісторыі ад Магілёўскай вобласці прадстаўляла навучэнка 9 “В” класа сярэдняй школы № 38 Магілёва Вікторыя Патуданская з навукова-даследчай работай “Таямнiчая мова ручнiка Падняпроўя” (навуковыя кіраўнікі — Ала Пятроўна Клепча, Алена Леанідаўна Койда).

Каб выйсці на рэспубліканскі ўзровень і годна абараніць работу даследчага характару па гісторыі, Вікторыя Патуданская і педагогі, якія яе рыхтавалі, прыклалі нямала намаганняў. У вёсцы Прысна Магілёўскага раёна знайшлі ручнік з незвычайнай вышыўкай, створаны Матронай Цімафееўнай Уліцёнак. Каб разгадаць “таямнiчую мову ручнiка Падняпроўя”, навукова-даследчая каманда наведвала этнаграфічныя музеі, сустракалася з народнымі майстрамі, прысутнічала на майстар-класах у Магілёўскім абласным навукова-метадычным цэнтры. У школе праводзіліся этнаграфічныя выставы “Дакрануцца да гiсторыi” і “Льняныя крылы ручнiка”. Старадаўнія прадметы побыту для выстаў далі бацькі, бабулі і дзядулі навучэнцаў школы, натхнёныя акцыяй “Разгадваем таямніцы гісторыі”.

Але таямніца незвычайнага ўзору ручніка засталася не разгаданай да канца. Што хацела перадаць майстрыха Матрона Цімафееўна нам, сваім нашчадкам?

Вікторыя Патуданская і навуковыя кіраўнікі плануюць даследчую паездку ў Гродзенскую вобласць, бо ад этнографаў паступіла інфармацыя, што ў адной з вёсак Гродзеншчыны на створках вокнаў выразаны ўзоры, падобныя з сімваламі ручніка, вышытага Матронай Цімафееўнай Уліцёнак.

Алена КАНАНКОВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 38 Магілёва.