Разгаварыць вучняў

- 14:41Партфоліа

Сучасны ўрок замежнай мовы характарызуецца вялікай інтэнсіўнасцю і патрабуе ад вучняў значнай канцэнтрацыі ўвагі і напружання. Каб паспяхова рэалізаваць комплексную камунікатыўную мэту, педагогу трэба метадычна правільна арганізаваць заняткі. 

Кожны этап урока па-свойму важны і неабходны, але я адводжу асаблівую (мабілізуючую) ролю пачатковаму этапу: першым 5—10 мінутам. Вучням патрэбна размінка, каб настроіцца на пэўны від дзейнасці. А паколькі на ўроках замежнай мовы асноўная дзейнасць маўленчая, то пачатак заняткаў павінен настроіць школьнікаў на гатоўнасць размаўляць на іншай мове. 

Пачатак урока можа быць розным у залежнасці ад узроставых асаблівасцей вучняў, пары года, тэмы заняткаў і ўмоў іх правядзення. Урок можна пачаць традыцыйна (дзеці ўстаюць, вітаюць настаўніка і садзяцца), але прывітанне можна і абыграць, абагаціўшы і пашырыўшы яго з дапамогай розных метадаў. Так, малодшыя школьнікі лю­бяць вершы і лічылкі, таму можна павітацца ў вершаванай форме: Guten Tag! Guten Tag! // Sagen alle Kinder. // Groβe Kinder, Kleine Kinder. // Dicke Kinder, dünne Kinder. Слова Kinder лёгка замяняецца на Jungen, Mädchen, Mütter, Frauen, Schüler і інш. 

З першых мінут сустрэчы цікаўлюся ў вучняў іх справамі: Wie geht‘s? Настрой дзяцей можна выявіць, задаўшы незвычайнае пытанне: “Якога колеру твой настрой? Чаму?”. Напрыклад: Meine Stimmung ist grün. Der Frühling ist da. Die Sonne scheint. Die Stadt ist grün und sauber. Ich habe grüne Farbe gern. Ich habe heute eine grüne Bluse. Meine Stimmung ist heute grün und hell, das heiβt gut.

Для таго каб разгаварыць вучняў, прапаную ім завяршыць фразы: Es ist warm heute und…; Der Frühling ist da und…; Die Ferien sind vorbei und…; Bald ist der 8. März und…

Выконваючы маўленчае практыкаванне “Снежны камяк”, дзеці павінны звярнуцца да свайго лексічнага запасу. На дошцы запісваю кароткі сказ: Das Mädchen liest. Заданне — павялічыць яго да максімальна магчымага, штораз пры паўтарэнні дабаўляючы адно слова: Das Mädchen liest; Das Mädchen sitzt und liest; Das Mädchen sitzt im Zimmer und liest; Das schöne Mädchen sitzt im Zimmer und liest; Das schöne Mädchen sitzt im Zimmer und liest das Buch; Das schöne Mädchen sitzt im Zimmer und liest ein interessantes Buch. Гэтае практыкаванне можна выконваць па ланцужку ці ў групах.

Маўленчае практыкаванне “Скла­дзі з імя кароткую гісторыю” таксама добра фарміруе камунікатыўныя навыкі. Вучні пішуць у сшытках сваё імя друкаванымі літарамі ў слупок і на кожную літару прыдумваюць слова (пераважна назоўнікі і дзея­словы), а затым з гэтымі словамі склада­юць невялікую гісторыю. Напрыклад: Маnn, Amerika, Reisen, Indien, Nicht, Anna. Варыянт гісторыі: Anna und ihr Mann reisen nicht nur nach Amerika, sondern auch nach Indien.

Замест імя можна задаць назву бягучага месяца (März, April) ці дня тыдня (Montag, Dienstag). Тады літары ва ўсіх вучняў бу­дуць аднолькавыя, а словы і гісторыі розныя. 

Паколькі дзеці любяць фантазіра­ваць і гуляць, прапаную ім гульню “Асацыяцыі”, дзе выкарыстоўваюцца фотаапарат ці мабільны тэлефон з камерай, шклянка вады, вучнёўскі дзённік, кветка і інш. Пытаюся ў вучняў, якія асацыяцыі ўзнікаюць у іх з гэтымі прадметамі (2—3 сказы). Напрыклад: Die Kamera erinnert mich an die Sommerferien. Ich reise viel im Sommer, ich war in Minsk. Ich habe jetzt viele Fotos.

Гэтае практыкаванне добра падыхо­дзіць для фармулёўкі тэмы ўрока самімі вучнямі. Шляхам стварэння праблемнай сітуацыі (асацыяцыі) і праз пасільныя пытанні і заданні фармулюецца тэма заняткаў. Так, выкарыстоўваючы асацыяцыі з фотаапаратам, можна выйсці на тэмы Reise, Hobby, Sommerferien, Städte und Dörfer.

Даволі часта ствараю ў пачатку ўрока праблемную сітуацыю. Напрыклад, на стале ляжыць разрэзаны яблык, паказваю кожную яго частку, каменціруючы: Stellt euch vor: Das ist kein Apfel, das ist unser Planet. Ich schneide den Apfel in 4 Teile. Drei Viertel sind Ozeane, Flüsse, Meere. Ein Viertel ist die Erde. Ich “schneide” die Erde noch in 2 Teile. Das sind Steppen, Wüsten, Berge, Wildwälder. Hier leben die Menschen nicht. Nur hier leben sie. Ich schneide den besiedelten Teil noch einmal. Nur dieser Teil gibt uns Lebensmittel. Und was passiert, wenn diese Fläche kaputt wird? Man muss diese Fläche schützen. Затым вучні самі фармулююць тэму ўрока (“Экалогія”).

Цікавы прыём для нетрадыцыйнага пачатку заняткаў “Яркая пляма”. Вывешваю на дошцы партрэт ці фотаздымак кіназоркі, героя кнігі, вядомага спартсмена. У гутарцы з вучнямі пра гэтых персанажаў выхо­джу на тэму ўрока (Beruf, Hobby, Sport, Musik, Lesen, Reise).

Прапаную аўдыяпрактыкаванне на асацыяцыю шуму. Так, вучні слухаюць фрагмент аўдыязапісу (1—2 мінуты) з шумам аэрапорта, выказваюць і абгрунтоўваюць гіпотэзы, адкуль ён. Адсюль можна выйсці на тэмы “Падарожжа”, “Гарады Германіі” і інш.

Дзецям падабаецца працаваць з сітуацыямі. Вучні атрымліваюць у пачатку ўрока 3—4 карткі з рознымі сітуацыямі і прыдумваюць рэплікі да іх. Прыклады сітуацый: 1. Sie haben eine Autopanne. Rufen Sie eine Werkstatt an; 2. Ihre Freundin fragt Sie: Was hast du heute gemacht?; 3. Sie möchten Frau Schmidt besuchen. Sie wissen die Adresse nicht genau. Fragen Sie bitte!; 4. Ein Mann fragt Sie: Wie komme ich zum Bahnhof? Beschreiben Sie den Weg!; 5. Sie sind im Theater. Sie haben den Platz 126, aber da sitzt schon eine Frau. Гэтае практыкаванне можна выконваць індывідуальна, у парах ці ў групах.

Праводжу ў пачатку заняткаў гульнявое практыкаванне “Так — не”: паказваю вучням маленькую каробачку ці канверт, дзе схаваны пэўны прадмет (гадзіннік, паштоўка, фотаздымак, цукерка), а дзеці павінны здагадацца, што ўнутры, задаючы мне пытанні, якія патрабуюць толькі кароткіх адказаў Ja ці Nein. Напрыклад: Ist diese Sache groβ, klein, rund? Kann man das essen? і інш.

Вольга САЧАНКА,
настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 8 Пінска.