У серыі “Вясковымі шляхамі Беларусі” выйшаў чарговы сувенірны набор экакраязнаўчых размалёвак. Праект аб’яднаў педагогаў, школьнікаў і ўсіх зацікаўленых гісторыяй малой радзімы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гэтым разам юным мастакам прапаноўваецца спазнаць мінулае і сучаснасць маляўнічага аграгарадка Друя Браслаўскага раёна. Гісторыя Друі вельмі цікавая. Упершыню яна згадваецца ў летапісах XIV стагоддзя як велікакняжацкае ўладанне. Росквіт жа Друі прыпадаў на XVII стагоддзе, калі мястэчкам валодалі прадстаўнікі роду Сапегаў. Тады ж Друя атрымала магдэбургскае права, тут будаваліся касцёлы, цэрквы, манастыры, стваралася Друйскае Евангелле. Размешчаная на скрыжаванні многіх дарог, Друя была месцам сустрэчы розных рэлігій — тут мірна жылі праваслаўныя, стараверы, католікі, пратэстанты, іўдзеі. На жаль, Друя страціла сваё былое значэнне, але не страціла свайго зачаравання, якое пастараліся перадаць мастакі ў камплекце паштовак-размалёвак.
У ім 7 тэматычных міні-набораў па некалькі размалёвак, якія дапамагаюць юным мастакам спазнаваць мінулае і сучаснасць Друі. Так, на старонках “Паміж Заходняй Дзвіной і Друйкай” і “Сапежын” можна даведацца аб старажытнай гісторыі горада ў XVII стагоддзі, яго ўладальніках і славутасцях — Барысаў камень, Друйскае Евангелле, Успенская царква, паром, замак, сядзіба і інш. — усё гэта ёсць у размалёўках і каментарыях да іх. Гісторыя чыгункі ў Друі і значныя месцы па ходзе яе руху знайшлі адлюстраванне ў міні-наборы “Вузкакалейка Друя — Дукштас”. З хрысціянскімі святынямі Друі, а таксама сучаснымі ініцыятывамі святароў і вернікаў можна азнаёміцца ў міні-наборах “Дабравешчанская царква” і “Касцёл Святой Тройцы”. Яўрэйская гісторыя мястэчка расказваецца ў міні-наборы “Вялікая сінагога”. Расфарбаваць прапаноўваецца і сюжэты сучаснага жыцця навучэнцаў Друйскай сярэдняй школы — іх школьны сад, канікулы, паходы, сплавы.
Як адзначаюць аўтары, кожны, хто бярэ ў рукі размалёўку, становіцца свайго роду суаўтарам гэтай гісторыі, як бы рэстаўрыруючы яе ў колеры.
Знаёмства з наборам “Друя” можа стаць пачаткам вялікага падарожжа па Браслаўскім раёне, а сам набор будзе нядрэнным даведнікам па былым мястэчку — многае пра намаляванае лёгка будзе даведацца непасрэдна на месцы.
Ідэя стварэння такога набору стала працягам работы па вывучэнні школьнікамі гісторыі вёсак і былых мястэчак, якая праводзілася ў рамках праекта “Школьны сад” грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж”.
Першым выданнем быў набор паштовак-размалёвак, прысвечаны аграгарадку Опса Браслаўскага раёна. Знайсці гэтыя размалёўкі і спампаваць іх можна на сайце грамадскай арганізацыі. Хутка прадоўжаць серыю наборы размалёвак па гісторыі Слабодкі Браслаўскага раёна (Віцебская вобласць) і Іолчы Брагінскага раёна (Гомельская вобласць). Ствараюцца гэтыя праекты сумесна з педагогамі і навучэнцамі названых населеных пунктаў, мясцовых жыхароў і ўсіх зацікаўленых гісторыяй роднага краю.
Святлана НІКІФАРАВА