Размаўляй са мною па-беларуску!

21 лютага па ініцыятыве ЮНЕСКА ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Беларуская мова — адна з самых багатых. З ёй паядналі сваё жыццё, пра яе клапаціліся нават у самыя неспрыяльныя часы, на ёй пісалі Купала, Колас, Багдановіч, Караткевіч, Барадулін і многія іншыя. Бадай, і сёння няма ніводнага беларускага пісьменніка, які б не выказаў замілаванасці да матчынай мовы.

Азёркаўская сярэдняя школа Мастоўскага раёна беларускамоўная. Урокі і мерапрыемствы праводзяцца на роднай мове. І мне, настаўніку беларускай мовы і літаратуры, хочацца сказаць “вялікі дзякуй” сваім вучням, якія любяць і паважаюць родную мову, размаўляюць на ёй, ладзяць народныя святы, штогод удзельнічаюць у конкурсе “Буслік”, сваёй вучаніцы-алімпіядніцы Аксане Змітрукевіч (11 клас), якая на працягу ўсяго навучання ў школе грунтоўна вывучае мову і літаратуру, з’яўляецца пераможцай алімпіяд.

Вельмі было б добра, каб не толькі 21 лютага мы размаўлялі на беларускай мове, а кожны дзень. Давайце ж вывучаць, любіць мову і памятаць: мова — наша багацце, гісторыя і культура.

Таццяна ГАЛАВАЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.