Размова на роўных

- 10:50Актуальна, Апошнія запісы

ІІ Нацыянальны студэнцкі форум аб’яднаў у маладзёжнай сталіцы самых актыўных і творчых юнакоў і дзяўчат нашай краіны. Сярод удзельнікаў адкрытага дыялогу з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Карпенкам, які праходзіў у Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы, — маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця, члены грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, лідары БРСМ, пераможцы конкурсаў “Блогасфера 1.0”, “Валанцёр года” і “Студэнт года”.

— Мы разглядаем нашу моладзь як партнёра ўлады і чакаем ад яе актыўнага ўдзелу як у кіраванні ўстановамі вышэйшай адукацыі, так і ў дзяржаўным кіраванні, — пачаў размову Ігар Карпенка. — З вашымі адказнымі адносінамі — у першую чаргу да вучобы, грамадскага жыцця — вы ўжо цяпер закладваеце перспектыўныя напрамкі будучага развіцця нашай краіны. Мы цэнім вашы прафесійныя і асобасныя здольнасці, актыўную жыццёвую пазіцыю, настроенасць на  важныя і неабходныя для нашай краіны сацыяльна значныя справы. Фарміраванне духоўна багатага і фізічна здаровага чалавека, даступная адукацыя, стварэнне новых рабочых месцаў, усебаковая падтрымка адораных і таленавітых людзей — галоўныя арыенціры дзяржаўнай мала­дзёжнай палітыкі. Мы разам павінны захаваць нашу Беларусь такой, якая яна ёсць, — незалежнай, сацыяльна арыентаванай, бяспечнай для жыццядзейнасці нашых грама­дзян. І моладзь, здольная пастаяць за сябе, сваю краіну, прымно­жыць яе дасягненні і поспехі, — наш стратэгічны прыярытэт.

Маладзёжныя лідары спаўна выкарысталі магчымасць з першых вуснаў атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні. Якім чынам міністр адукацыі выкарыстоўвае ў сваёй рабоце і, магчыма, асабістым жыцці сацыяльныя сеткі? Якой бачыць ролю студэнцкага актыву? Ці паўплывае на развіццё магістратуры і аспірантуры ўнясенне змяненняў у закон аб адтэрміноўках службы ў арміі? Ці маюць замежныя грамадзяне роўныя ўмовы ў атрыманні якаснай адукацыі ў нашай краіне з улікам моўных бар’ераў? Хто і на якой падставе прымае рашэнне аб закрыцці прыватнай установы вышэйшай адукацыі? Калі і дзе будзе створаны ІТ-універсітэт у нашай краіне? Наколькі інтэграцыя Беларусі і Расіі адаб’ецца на адукацыйным працэсе і на супрацоўніцтве з еўрапейскімі УВА? Ці варта праз гурткі і аб’яднанні па інтарэсах уводзіць у блогасферу дзяцей у малодшым і сярэднім школьным узросце? Чаму сістэма адукацыі вучыць дзяцей здаваць экзамены, але мала ўвагі ўдзяляе вырашэнню жыццёвых пытанняў? Якія меры прымаюцца па кантролі абароны аўтарскіх правоў пры выкарыстанні ў навучэнскіх і студэнцкіх работах інтэрнэт-крыніц? Ці будзе зніжка на праезд для студэнтаў у выпадках, калі ўніверсітэцкія вучэбныя карпусы знаходзяцца ў розных частках горада? Гэта няпоўны пералік пытанняў, што прагучалі за амаль дзве гадзіны адкрытага дыялогу. На кожнае з іх быў дадзены вычарпальны адказ.

Так, Ігар Васільевіч шчыра прызнаўся, што не з’яўляецца прыхільнікам прысутнасці ў сацыяльных сетках са сваімі асабістымі фота, таму не мае старонак ва “УКантакце”, “Фэйсбуку” ці “Інстаграме”. Разам з тым у рабоце Міністэрства адукацыі карыстаецца інфармацыяй з розных крыніц, у тым ліку з інтэрнэту.

Закранаючы тэму ўніверсітэцкага самакіравання, міністр нагадаў, што студэнцкія аб’яднанні — не вынаходства сённяшняга дня: былі, напрыклад, і ў XІV стагоддзі актывісты-ваганты. У сур’ёзную педагагічную гістарыяграфію пытанні студэнцкага самакіравання ўвайшлі ў савецкі перыяд. Акадэмічная супольнасць грунтуецца на садружнасці выкладчыкаў і студэн­таў, а студэнцкія саветы, БРСМ, валанцёрскі, прафсаюзны рух, іншыя падобныя аб’яднанні выступаюць пляцоўкамі фарміравання камунікатыўных, лідарскіх якасцей, арганізатарскіх здольнасцей маладых людзей у сацыяльна значнай дзейнасці. Калі да прафесійнай падрыхтоўкі дабаўляецца падобны вопыт, выпускнікі УВА становяцца больш канкурэнтаздольнымі і на рынку працы. Пры гэтым, зразумела, і ў вучобе маладзёжны лідар павінен мець трывалы аўтарытэт.

Аб адтэрміноўках меркаванне кіраўніка ведамства адназначнае: не трэба звязваць розныя паняцці. Магістратура і аспірантура — навукова арыентаваная адукацыя, пэўная аснова будучай дысертацыі або даследавання, якое ў перспектыве можа прывесці да адкрыцця, быць запатэнтавана; гэта адкрыты шлях для тых, хто мэтанакіравана і актыўна ідзе ў навуку. Што да адтэрміновак ад армейскай службы, то істотныя падставы для іх нязменныя: напрыклад, стан здароўя, пэўныя сацыяльныя аспекты. Аднак калі хтосьці разглядае як спосаб атрымаць адтэрміноўку паступленне ў магістратуру, то не варта і спрабаваць.

У размове Ігар Карпенка падрабязна спыніўся на асобных момантах экспарту адукацыйных паслуг. У якасці асобнага, але характэрнага прыкладу міністр прывёў беларуска-кітайскія адносіны, у тым ліку будаўніцтва інтэрната для студэнтаў з КНР за кошт сродкаў кітайскіх інвестараў і адкрыццё цэнтраў па вывучэнні беларускай мовы ў Кітаі. Іх у Паднябеснай на дадзены момант ужо 11 (у брацкай Расіі, для параўнання, два — у Маскве і Новасібірску).

Асобнае тлумачэнне было да­дзена дзейнасці прыватных УВА. Ігар Васільевіч падкрэсліў: аб тэндэнцыі да іх закрыцця гаворкі няма і быць не можа. Ёсць дакладна акрэсленыя правілы, па якіх працуюць усе ўстановы вышэйшай адукацыі. Калі спецыяльнасць не акрэдытавана, магчымы два шляхі: або выправіць выяўленыя недахопы, паўторна акрэдытавацца і працягнуць работу, або закрыць гэтую спецыяльнасць. Гэта сфера адказнасці заснавальніка УВА і рэктара. Міністр акцэнтаваў увагу, што сёння ўстановы вышэйшай адукацыі незалежна ад формы ўласнасці з’яўляюцца некамерцыйнымі арганізацыямі: прыватныя валодаюць тымі ж ільготамі, у тым ліку падатковымі, як і дзяржаўныя. Галоўная задача агульная для ўсіх — стварэнне ўмоў для забеспячэння якаснай падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з запытамі і патрэбамі нашай эканомікі. Таму калі спецыяльнасці не запатрабаваныя на рынку працы, трэба мяняць структуру падрыхтоўкі кадраў, а недзе і працаваць на апярэджванне.

Як паведаміў Ігар Карпенка, беларускі ІТ-універсітэт прапанавана стварыць на базе БДУ праз рэарганізацыю факультэта прыкладной матэматыкі. Пасля зацвярджэння вучэбных праграм ва ўстаноўленым парадку ён зможа рыхтаваць запатрабаваных спецыялістаў для ПВТ і ІТ-галіны ў цэлым.

На абмеркаванне з міністрам моладзь вынесла і скарачэнне тэрмінаў навучання на ступені вышэйшай адукацыі. Ігар Васільевіч адзначыў, што гэта сусветная тэндэнцыя, якая закранула і Беларусь. Пасля падпісання Балонскай дэкларацыі рэспубліка таксама ўзяла на сябе пэўныя абавязацельствы. Яшчэ адзін важны аспект: ва ўсіх прафесіях усё больш актуальнай становіцца адукацыя праз усё жыццё, што непазбежна адбіваецца на структуры прафесійнай адукацыі. “Праведзена сур’ёзная работа над зместам адукацыі, поўнасцю перапрацаваны дзяржаўныя стандарты, вучэбныя планы і адпаведныя праграмы. Якасць падрыхтоўкі не знізіцца, — запэўніў кіраўнік ведамства. — Застаўся шэраг спецыяльнасцей, дзе прадугледжана захаванне больш працяглага тэрміну падрыхтоўкі”.

Што тычыцца інтэграцыйных пытанняў, то, на думку Ігара Карпенкі, далейшае збліжэнне Беларусі і Расіі здольна палепшыць сітуацыю ў плане міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку з еўрапейскімі УВА.

У дачыненні да праверкі на антыплагіят і барацьбы з выпадкамі напісання рознага ўзроўню навучэнскіх і студэнцкіх работ за грошы (падобных прапаноў багата ў інтэрнэце) міністр асобна спыніўся на гуманітарных прадметах і дысцыплінах: “Нашы УВА даволі эфектыўна выкарыстоўваюць праграмы антыплагіяту. Што тычыцца сярэдняй школы, я найперш у сувязі з названымі праблемамі супраць таго, каб зрабіць сачыненне формай выніковай атэстацыі. Рэаліі жыцця змяніліся, і сістэму трэба ўдасканальваць. Магчыма, па гуманітарных спецыяльнасцях і на ступені вышэйшай адукацыі мэтазгодна адысці ад напісання дыпломных работ і пакінуць толькі экзамены”.

Многія сённяшнія беларускія студэнты з настальгіяй узгадваюць школьныя гады, калі праезд у грамадскім транспарце для іх быў бясплатны. І задаюцца пытаннем: “А нам можна льготы?” Прагучала яно і падчас адкрытага дыялогу, толькі крыху ў іншым ракурсе: не льготы, а зніжкі. Ігар Карпенка ўхвальна аднёсся да такога падыходу: “Я катэгарычна супраць ільгот на праезд для студэнтаў, але за тое, каб прадумаць, як увесці для іх бонусную сістэму аплаты. Напрыклад, аднаразавы талон за поўны кошт, а калі набываеш праязны білет, то з пэўнай зніжкай”. Міністр адукацыі прапанаваў разам з усімі зацікаўленымі структурамі папрацаваць над гэтай праблемай і паабяцаў падтрымку ў яе вырашэнні.

— З моладдзю трэба размаўляць сістэмна і на роўных. Пра гэта мы з вамі дамовіліся на форуме ў мінулым годзе і паслядоўна ажыццяўляем задуманае, — звярнуўся да маладзёжных лідараў на заканчэнне дыялогу Ігар Васільевіч. — Упэўнены, што і цяперашні форум стане пляцоўкай абмену перадавым вопытам, дасць старт новым ініцыятывам, упіша сваю яркую старонку ў летапіс маладзёжнага руху незалежнай Беларусі. Набліжаецца 2020 год. Хачу пажадаць вам новых адкрыццяў, яркіх перамог і дасягненняў у вучобе, навуцы, творчасці, спорце. Я абсалютна перакананы, што ў новым годзе студэнцкая моладзь Беларусі паспяхова вырашыць пастаўленыя перад ёй задачы, абавязкова даб’ецца яшчэ большага поспеху ў фарміраванні і рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.