Размова пра будучыню

Рэктар БДПУ сустрэўся з навучэнцамі педагагічных класаў

“Адкрытая размова з рэктарам” прайшла ва ўніверсітэце ўпершыню. Як паведамілі арганізатары з Цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ, ідэя правядзення сустрэчы з Аляксандрам Жуком належала навучэнцам педагагічных класаў.

У “Адкрытай размове з рэктарам” прынялі ­ўдзел адзінаццацікласнікі, якія даслалі найбольш цікавыя пытанні, з усёй Беларусі. Дзеці цікавіліся ўмовамі паступлення і навучання ў вядучым педа­гагічным універ­сітэце краіны, магчымасцямі для навуковых даследаванняў і творчай самарэалізацыі студэнтаў, акадэмічнымі абменамі і будучым працаўладкаваннем. Былі і асабістыя пытанні Аляксандру Жуку, напрыклад, як ён прыйшоў у педагогіку і як стаў рэктарам. Трансляцыя сустрэчы вялася на YouTube-канале БДПУ, і яе маглі паглядзець навучэнцы педкласаў з усёй краіны.

У 2018 годзе педкласы скончылі 2210 выпускнікоў. З іх на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 589 чалавек (каля 30% ад выпуску). Магчымасцю паступіць па выніках сумоўя скарысталася крыху менш за палову, астатнія сталі студэнтамі праз уступныя выпрабаванні.

Таксама для школьнікаў была арганізавана экскурсія па ўніверсітэце. Яны пабывалі ў мастацкай галерэі “Асветнікі зямлі беларускай”, наведалі музей БДПУ, залу рэдкай кнігі, спартыўны комплекс, падсілкаваліся ў студэнцкай сталовай. На памяць было зроблена агульнае фота з рэктарам, і кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў раздрукаваны здымак з подпісам Аляксандра Жука.

Гледзячы на гэтых разумных, ветлівых, дапытлівых дзяўчат і хлопцаў (апошніх было ўсяго трое), можна бачыць, што іх цікавасць абумоўлена сапраўдным жаданнем атрымаць педагагічную прафесію. Сёння яны актыўна рыхтуюцца да паступлення: вывучаюць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, працуюць на высокія балы ў атэстаце, збіраюць партфоліа для таго, каб атрымаць адпаведную рэкамендацыю педсавета школы і потым паказаць яго на сумоўі ва ўніверсітэце. Насамрэч гэтыя хлопцы і дзяўчаты ўжо выйшлі на свой прафесійны шлях. Пройдзе ўсяго чатыры з нечым гады — і яны маладымі спецыялістамі прыйдуць працаваць у беларускія школы. ­Адзінаццацікласнікі ўсведамляюць гэта і, каб наблізіць сваю будучыню, зрабіць яе больш выразнай і зразумелай, прыехалі ў БДПУ. Гэта ­ведае і Аляксандр Жук — ён гута­рыць з адзінаццацікласнікамі як з калегамі. У глабальным сэнсе іх мэты супада­юць: навучэнцы педкласаў хочуць паступіць ва ўніверсітэт, і ён хоча, каб яны паступілі. Сустрэча ў сценах БДПУ павінна спраўдзіць мары і зрабіць ­момант, калі гэта адбудзецца, непазбежным.

Сёння ў краіне створана 420 педагагічных класаў, у якіх вучацца амаль 4,6 тысячы чалавек.

“Магу сказаць, што ў цэлым выпуск­нікі педкласаў вучацца ва ўніверсітэце лепш, чым іншыя студэнты, — заўважыў Аляксандр Жук. — Мы прааналізавалі дзве сесіі мінулага навучальнага года і сёлетнюю зімовую сесію — па іх выніках выпускнікі педкласаў атрымалі прыкладна на бал больш (у сярэднім амаль 8), чым астатнія. А яшчэ яны больш сацыяльна актыўныя — напэўна, таму, што ў школе праходзілі педагагічныя спробы, працавалі з малодшымі школьнікамі, самастойна праводзілі мерапрыемствы. У мінулым годзе 13 вы­пускнікоў педкласаў сталі старастамі ў сваіх вучэбных групах. Многія з іх уключыліся ў валанцёрскую дзей­насць, працуюць у студэнцкіх атрадах. Гэта вельмі актыўныя, творчыя, матываваныя студэнты, і я думаю, у будучыні яны ста­нуць цудоўнымі педагогамі”.

У 2018 годзе ў БДПУ паступілі 210 выпускнікоў педагагічных класаў, і амаль 170 з іх скарысталіся правам паступлення без уступных выпрабаванняў. Такім чынам, чвэрць набору 2018 года ў БДПУ  — гэта выпускнікі педкласаў. Сярэдні бал іх атэстатаў пры паступленні склаў 8,9.

Аляксандр Іванавіч адзначыў высокую сацыяльную місію настаўніка і падкрэсліў, што гэтая прафесія заўсёды будзе запатрабавана: “Вучоныя-футуролагі прадказваюць, што да 2050 года застануцца тры асноўныя прафесіі: урач, праграміст і настаўнік. Я на першае месца стаўлю менавіта настаўніка, бо ўсё пачынаецца з яго. У любой краіне, а тым больш у Беларусі, якая не мае багатых прыродных рэсурсаў, самым галоўным з’яўляецца чалавечы капітал — а гэта плён настаўніцкай працы”.

Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Жук падзякаваў навучэнцам педагагічных класаў, якія свядома выбралі прафесію настаўніка — самую высакародную і самую важную.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДПУ.