“Размова” з Мінскам

- 13:46Культура

Засталіся лічаныя дні да пачатку новага навучальнага года. І пакуль бацькі заклапочаны зборам дзяцей у школу, настаўнікі, асабліва класныя кіраўнікі, — планам выхаваўчай дзейнасці: дзе пабываць, што паказаць і расказаць, каб юным беларусам было і цікава, і карысна. Зразумела, што асабліва шырокі выбар маюць сталічныя педагогі, бо ў Мінску максімальная канцэнтрацыя розных культурна-асветніцкіх устаноў, і кожны можа выбраць тое, што даспадобы менавіта яму. Аднак, на мой погляд, у верасні варта звярнуць увагу на Музей гісторыі горада Мінска, тым больш напярэдадні Дня горада. Пра 10-гадовыя дасягненні музея і яго адукацыйныя магчымасці сёння нам раскажа дырэктар установы Галіна ЛАДЗІСАВА, на чыіх далікатных плячах — музейная гаспадарка з 10 філіялаў.

Музей гісторыі горада Мінска — самы малады дзяржаўны музей сталіцы, які сёлета адзначыў сваё першае 10-годдзе. Амаль усе музейныя аб’екты знаходзяцца ў Верхнім горадзе, і толькі Лошыцкі комплекс размешчаны асобна. І хоць у музея няма адзінага вялікага будынка, дзе была б сканцэнтравана ўся гісторыя Мінска ад старажытнасці да сучаснасці, затое, наведваючы яго філіялы, можна пагля­дзець і сам горад, і яго найбольш цікавую гістарычную частку.

“Наш музей створаны па даручэнні Мінгарвыканкама. У распараджэнне нам быў перададзены будынак па вул. Рэвалюцыйная, 10 — помнік архітэктуры XIX ст., размешчаны ў Верхнім горадзе. Працэс утварэння музея як юрыдычнай асобы быў вельмі няпростым, таму што ўсё пачыналася, так бы мовіць, з чыстага ліста. Ішло паступовае стварэнне новых экспазіцый і матэрыяльна-тэхнічнай базы, фарміраванне музейнага фонду і калектыву. Дарэчы, перша­пачаткова ён складаўся літаральна з пяці чалавек — гэта былі маладыя калегі, якія толькі скончылі ўніверсітэт. З імі мы разам выбудоўвалі нашу музейную прастору, — прыгадала Г.П.Ладзісава. — 8 мая 2010 года адбылося ўрачыстае адкрыццё нашай першай экспазіцыі, прысвечанай 65-годдзю Вялікай Перамогі “Мастак. Грамадзянін. Герой”, на якой дэманстраваліся творы Героя Беларусі, народнага мастака, ганаровага грамадзяніна Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага”.

У аснову фондаў музея пакладзена калекцыя археалагічных раскопак Мінска XI—XIX стст. (кераміка, вырабы са скуры, косці, дрэва, металу, ювелірныя ўпрыгажэнні, прадметы нумізматыкі і г.д.), перададзеная Інстытутам гісторыі НАН Беларусі. Значную частку збору складаюць мемарыяльныя калекцыі знакамітых грамадзян горада, калекцыі жывапісу, графікі, фата­графіі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Фонды музея налічваюць больш за 21 тысячу адзінак.

Як падкрэсліла Галіна Пятроўна, “галоўная місія музея — гэта дакументаванне шматвяковай і багатай гісторыі Мінска і ўсіх яго сфер (архітэктуры, прамысловасці, культуры), захаванне і дэманстрацыя багатай гістарычнай спадчыны і перш за ўсё археалагічнага матэрыялу”. Стратэгія развіцця музея арыентавана на сучасныя метады і падыходы па ўсіх напрамках музейнай дзейнасці. Зараз Музей гісторыі горада Мінска з’яўляецца не толькі ўнікальным сховішчам матэрыяльнай спадчыны сталіцы Беларусі, але і буйным культурна-асветніцкім цэнтрам. Музей акумулюе вопыт мінулых пакаленняў, захоўваючы лепшыя традыцыі, для перадачы гістарычнай памяці ў будучыню.

10 гадоў — 10 музейных аб’ектаў

Сёння музей уяўляе сабой буйное аб’яднанне, у структуру якога ўваходзяць 9 музейных аб’ектаў, і яшчэ адзін знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі. “Кожны год мы прырастаем новымі гістарычнымі будынкамі ў цэнтры Мінска на тэрыторыі Верхняга горада. Так, у 2012 годзе мы распрацавалі канцэпцыю і кампазіцыю старадаўняга будынка, што на пл. Свабоды, 15, — былой ся­дзібы Міхала Пшэздзецкага XVIII ст. Там адкрылі Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага. Дарэчы, за яе стварэнне калектыў музея быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. І трэба сказаць, што гэтая галерэя — цэнтр мастацкага жыцця не толькі Мінска, але і ўсёй краіны, бо ў нас ладзіцца шмат міжнародных праектаў. Адзін з апошніх — унікальная выстава пра Эмі Уайнхаус, — адзначыла Г.Ладзісава. — Паралельна з фарміраваннем экспазіцый у Верхнім горадзе нам перадаваліся аб’екты на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу, які сёння складаецца з 3 будынкаў: сядзібнага дома з інтэр’ернай экпазіцыяй і гісторыяй сям’і ўладальнікаў, прысядзібнага флігеля, у якім мы ла­дзім самыя розныя выставы па гарадскім побыце, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і г.д., і “Доміка вартаўніка”. Увесь гэты комплекс адкрыўся ў 2015 годзе”.

На тэрыторыі былога бернардзінскага манастыра ў 2014 годзе была адкрыта невялікая экспазіцыя “Карэтная”, прысвечаная гісторыі гужавога транспарту жыхароў Мінска губернскага перыяду, дзе можна пабачыць аўтэнтычныя транспартныя сродкі, конскую збрую, рэканструя­ваную карэтную майстэрню і нават у гульнявой форме адчуц­ь сябе карэтным майстрам і акунуцца ў свет гукаў мінскай вуліцы канца ХІХ ст. Праз тры гады пачаў функцыянаваць музей “Мінская конка”, дзе прадстаўлены ўнікальныя экс­панаты па гісторыі станаўлення і развіцця першага грамадскага транспарту нашай сталіцы. “У 2017 годзе адзначалася не толькі 950-годдзе Мінска, а і 125-годдзе з Дня пуску першага коннага трамвая па сталічных вуліцах. Такая экспазіцыя стала падарункам гораду”, — дадала Галіна Пятроўна.

“На працягу наступнага года мы працавалі над Археалагічным музеем “Верхні горад”, які знаходзіцца ў будынку, спраектаваным над археалагічным раскопам з арачнымі падмуркамі гаспадарчай пабудовы манахаў-бернардзінцаў пачатку XVIII ст. Наглядная гісторыя Мінска захавана ў 1500 артэфактах з археалагічных даследаванняў манастыроў і гандлёвых радоў Верхняга горада, вуліц Зыбіцкай, Кірылы і Мяфодзія, Нямігі і іншых участкаў гістарычнага цэнтра Мінска. Большая частка прадметаў знойдзена ў 1980—2010-я гады, — тлумачыць дырэктар музея. — Там прадстаўлены матэрыялы па Мінскім замчышчы, Менцы, бітве на Нямізе, сярэдневяковым горадзе, рамёствах і промыслах гара­джан. Наведвальнікам прапануецца падарожжа ў свет рэчаў XII—XIХ стст. Экспазіцыя носіць інтэр­актыўны і адукацыйна-інфармацыйны характар. Там мы выкарыстоўваем розныя сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі, якія абавязкова зацікавяць школьнікаў: інтэрактыўная кніга “Летапіс Мінска”, электронная кніга са “Словам пра паход Ігараў” у розных перакладах, гульнявы модуль “Калодзеж часу”, вітрына-піраміда з 3D-праекцыяй, зона для музейных заняткаў “Кабінет археалогіі”, гульня “Куфар скарбаў”, зона для маленькага мастака-рэстаўратара і іншыя”.

Музейная гаспадыня Галіна Ладзісава

Галіна Ладзісава 35 гадоў прысвяціла музейнай справе, захапленне якой пачалося яшчэ ў студэнцкія гады на філалагічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава.

“Я скончыла школу № 13 Полацка. Нашы педагогі на чале з заслужаным настаўнікам БССР Мікалаем Аляксандравічам Манісам па-сапраўднаму любілі дзяцей. Напрыклад, настаўніца па музыцы стварыла такі хор, што заспявалі нават тыя, у каго не было голасу. А ў фізрука ў спаборніцтвах удзельнічалі ўсе, і я даволі прафесійна займалася валейболам. Нашы настаўнікі настолькі ўзнялі педагагічную прафесію ў маіх вачах, што і мне захацелася стаць адной з іх, — успамінае Галіна Пятроўна. — Але ў Віцебскім педінстытуце мяне моцна зацікавіў факультатыў экскурсаводаў, і я стала пазаштатным экскурсаводам бюро міжнароднага маладзёжнага турызму “Спадарожнік” у пачатку 1980-х”.

Г.Ладзісава ўсё ж такі адпрацавала некалькі гадоў у сельскай школе і толькі пасля гэтага пачала сваю прафесійную дзейнасць у сферы культуры, стаўшы ў 1985 годзе старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле навукова-фондавай работы Нацыянальнага Полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка. Затым атрымала спецыяльную адукацыю на факультэце культуралогіі Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі культуры. Стварала і ўзначальвала Полацкі музей беларускага кнігадрукавання. Пераехаўшы ў Мінск, працавала ва ўпраўленні культуры гарвыканкама, а пасля ўзначальвала Музей гісторыі горада Мінска з першых дзён яго заснавання.

Галіна Пятроўна ўзнагароджана памятным медалём “100 гадоў славянскаму руху на землях Беларусі”. А ў канцы ліпеня стала адной з пераможцаў конкурсу “Жанчына года — 2019” у намінацыі “Духоўнасць і культура”. Яна прызнаецца, што праца для яе — сапраўдная радасць: “Лічу, што музей — гэта месца, дзе духоўнасць і культура злучаны ў найвышэйшай ступені”.

Яшчэ адзін музейны аб’ект — Мінская гарадская ратуша, у якой працуюць доўгатэрміновыя выставачныя праекты: “Мінск сярод сяброў: гарады-пабрацімы сталіцы Беларусі” і “Мінск у гістарычнай прасторы. Картаграфічны кабінет”. “У гэтым кабінеце дэманструюцца арыгінальныя карты XVI—XVIII стст., копіі і рэпрадукцыі рэдкіх экзэмпляраў, на якіх ўпершыню пазначаны заселеныя славянамі землі, горад Мінск і яго наваколлі, а таксама там ёсць рэканструяваны глобус, дзе нанесена месца размяшчэння Мінска”, — дадала Галіна Пятроўна.

У склад Музея гісторыі горада Мінска ўваходзяць тры галерэі: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, арт-гасціная “Высокае месца” і Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва. “Кожная экспазіцыя нясе ў сабе глыбокі змест. Напрыклад, у галерэі Шчамялёва можна даведацца не толькі пра мастацкую накіраванасць, жанравую разнастайнасць твораў, але і пра тое, якім быў сам мастак і яго цікавы творчы лёс. У гэтай галерэі кожны месяц мяняюцца выставы”, — сказала Г.Ладзісава.

Штогод арганізуецца каля 60 выстаў па ўсіх экспазіцыях, у тым ліку і буйныя міжнародныя праекты на аснове збораў фатографаў, мастакоў, калекцыянераў, музейных фондаў. Канцэртныя мерапрыемствы, сустрэчы з вядомымі людзьмі, творчыя вечары, інтэрактыўныя музейныя праграмы карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў — мінчан і гасцей сталіцы. “У 2015 годзе нам перадалі памяшканне пад арт-гасціную “Высокае месца”, якая стала своеасаблівай эксперыментальнай пляцоўкай для маладых мастакоў. Мы цесна супрацоўнічаем з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжам імя А.К.Глебава. Прычым у нас выстаўляюцца і навучэнцы, і выкладчыкі. Выдатна, калі педагог не толькі выкладае, але і творча працуе. Студэнтам прадастаўляецца права ўдзелу ў нашых выставах па выніках конкурсаў. Напрыклад, гадоў 5 праводзім вялікую выставу па выніках міжнароднага конкурсу “Красавік”, які стаў брэндам Глебаўкі і збірае ўдзельнікаў з розных краін”, — расказала Галіна Пятроўна.

Па яе словах, музей таксама цесна супрацоўнічае з рознымі музычнымі каледжамі і школамі. Іх пляцоўкай стала класічная зала Лошыцкай сядзібы: “Гэта цудоўнае месца, каб выступіць і адчуць сябе артыстам. Дарэчы, і ў выставачнай зале галерэі М.Савіцкага ёсць раяль, і мы заўсёды рады, калі дзеці ўдзельнічаюць у нашых мера­прыемствах. Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з Нацыя­нальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, іншымі цэнтрамі дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі,— адзначыла яна. — А яшчэ ў нас ёсць неверагодны музей-майстэрня Івана Міско, размешчаны ў гістарычным цэнтры Мінска, у будынку XIX ст., дзе на працягу 50 гадоў творыць “касмічны” скульптар, бо тэма космасу — адна з прыярытэтных у яго творчасці, ён аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў выбітных прадстаўнікоў гэтай прафесіі. Яго невялікая майстэрня цікавая тым, што яна — творчая: Іван Якімавіч там працуе і прымае ў сябе школьнікаў і студэнтаў, якім дазваляе паглядзець кухню скульптара (інструменты, станок, працэс лепкі з пластыліну, фармоўку скульптуры). А сам Міско — гэта скарбніца мудрасці, ведаў па любой тэме, у яго ў гасцях былі практычна ўсе касманаўты і іншыя вядомыя людзі, пра якіх ён расказвае. Таму знаёмства з Іванам Якімавічам і экскурсія па яго майстэрні стане незабыўнай падзеяй для кожнага наведвальніка”.

Яшчэ адным музейным аб’ектам, які павінен адкрыцца ў наступным годзе ў Ракаўскім прадмесці, стане экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Мінска савецкага перыяду. “Здавалася б, гэты перыяд не так даўно і прайшоў, і мы бачым у многіх кутках сталіцы адлюстраванне таго часу, але тым не менш там будуць прадстаўлены і даваенная гісторыя Мінска, і побыт гараджан, які імкліва мяняецца, і прадметы, якія сучасным дзецям здаюцца дзіўнымі, і нават планіроўка нашых кватэр, будаўнічыя праекты і развіццё мікрараёнаў, — анансуе дырэктар музея. — На самой справе было шмат навацый менавіта ў Беларусі, і Мінск стаў увасабленнем развіцця вялікіх гарадоў. Мы раскажам і пра мільённага жыхара, які дазволіў зрабіць у сталіцы метро, і пра будаўніцтва першай лініі метрапалітэну. Пастараемся размясціць там вагон метро, у які можна будзе зайсці і з дапамогай мультымедыйных сродкаў павандраваць па ўсіх станцыях і ўбачыць, як яны будаваліся, бо гэта са­праўды ўнікальная праца”.

Гісторыя ў мастацкіх вобразах

На сённяшні дзень Музей гісторыі горада Мінска прапаноўвае сваім наведвальнікам аглядныя і тэматычныя экскурсіі па экспазіцыях, музейныя заняткі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, выязныя лекцыі і міні-выставы. “Археолаг і гісторык Сяргей Васільевіч Тарасаў праводзіць аўтарскія экскурсіі “Як пачынаўся Мінск” па музеі археалогіі. Ён яшчэ ў студэнцкія гады, у 60—70-х гадах мінулага стагоддзя, удзельнічаў у раскопках Г.В.Штыхава з нашымі вядомымі архео­лагамі, якія актыўна даследавалі Мінскае замчышча. А цяпер ён цікава расказвае пра неверагодныя знаходкі, — дадае Галіна Пятроўна. — У час музейных заняткаў нашы юныя наведвальнікі здзіўляюць нас такімі пытаннямі, над якімі мы раней ніколі не задумваліся. Часам няпроста патлумачыць сур’ёзныя і складаныя для ўспрымання палотны нашых мастакоў, таго ж М.Савіцкага, асабліва малодшым школьнікам, аднак я пераканана, што гэта абавязкова трэба рабіць, каб дзеці вучыліся разумець і іх, і гістарычныя падзеі праз мастацкія вобразы. І вельмі важна, каб гэта мела пастаянны характар і наша падрастаючае пакаленне ведала розныя аспекты мастацтва і гістарычнага развіцця нашай краіны”.

Калі ж гэтымі днямі вы збіраецеся наведаць які-небудзь музей, то завітайце, напрыклад, у мастацкую галерэю М.Савіцкага, дзе прадстаўлена выстава жывапісу і графікі “Горад сонца”, прымеркаваная да 75-годдзя Вялікай Перамогі і 10-годдзя самога музея. “Гэтая экспазіцыя арганізавана сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. На ёй прадстаўлены мастацкія творы, па якіх можна прасачыць, як мяняўся Мінск на працягу 75 мірных пасляваенных гадоў, — патлумачыла Г.Ладзісава. — Усе нашы знакамітыя мастакі (М.Данцыг, Л.Шчамялёў, Б.Аракчэеў, У.Тоўсцік, У.Ткачоў, Л.Дударэнка, У.Пракапцоў і інш.) пісалі горад і гарадскі пейзаж, стараючыся перадаць яго душу. І сёння гэта цалкам унікальныя тэматычныя творы вялікіх фарматаў, якія дазваляюць зрабіць экскурс у мінулае і ўбачыць жывапісныя і індустрыяльныя куткі нашай сталіцы. У кожнага мастака свой горад — вялікі, зменлівы і шматгранны. Пабачыць яго мінчане і госці сталіцы могуць да 6 верасня”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.