Разумець без перакладу

На працягу трох гадоў у сярэдняй школе № 35 імя М.А.Волкава ў Гродне рэалізоўваўся праект “Укараненне мадэлі фарміравання кроскультурных кампетэнцый навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

Фота да матэрыялу: Разумець без перакладу.Змест праекта накіраваны на падрыхтоўку выпускніка школы, які ўмее пазіцыянаваць сябе ў сучасным свеце, прэзентаваць сябе і сваю краіну, эфектыўна ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі розных культур, усведамляць неабходнасць вывучэння культурных вытокаў прадстаўнікоў розных народаў праз фарміраванне кроскультурных кампетэнцый.

— У канцы мінулага года цікавы праект завяршыўся, і мы сталі думаць аб працягу работы ў гэтым кірунку, паколькі бачылі зацікаўленасць навучэнцаў і педагогаў у далейшым развіцці кроскультурных кампетэнцый, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце школы Анжаліка Казлоўская. — Калі даведаліся пра міжнародны гуманітарны праект “Школы як лакальныя цэнтры рэвіталізацыі і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці”, вырашылі стаць яго ўдзельнікамі.

Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Міжнароднага Вышаградскага фонду. Яго ўдзельнікамі сталі, акрамя гродзенскай школы, пачатковая школа Зеерова з горада Аламоўц Чэшскай Рэспублікі, пачатковая школа імя кардынала Вышынскага з вёскі Кшэвіцы Люблінскга ваяводства Рэспублікі Польшча, пачатковая школа імя Штэфаніка з Лучанца Славацкай Рэспублікі. 28 мая 2018 года паміж Міжнародным Вышэградскім фондам і сярэдняй школай № 35 імя М.А.Волкава Гродна быў падпісаны дагавор з выдзяленнем гранта на 16 200 еўра для рэалізацыі праекта.

— Мы будзем размаўляць на адной мове, мове міру і сяброўства, каб лепш разумець адно аднаго. Гаварыць і мець зносіны — гэта вельмі важна. Гэта дапамагае пазбягаць канфліктаў і захоўваць мір і дружбу ва ўсім свеце, — такімі словамі вітаў у верасні гасцей дырэктар сярэдняй школы № 35 Ігар Патэнга.

А гасцей сабралася нямала. З Польшчы, Чэхіі і Славакіі прыехалі дэлегацыі ў складзе 18 навучэнцаў і трох настаўнікаў з кожнай навучальнай установы. І хоць настаўнік англійскай мовы гродзенскай школы Дзмітрый Лянкевіч, куратар праекта, мог усё перакласці на англійскую мову, часам дзеці прасілі гэтага не рабіць: беларуская, славацкая, польская мова былі для іх зразумелымі.

Для ўдзельнікаў праекта правялі экскурсію па школьных музеях “Памяць захоўвае” і “Беларуская хатка”, арганізавалі майстар-клас па вырабе беларускай лялькі-абярэга (на здымку). Пазнаёмілі з Гроднам, яго гісторыяй і традыцыямі. Жылі дзеці ў сем’ях гродзенскіх школьнікаў.

Чарговая сустрэча ўдзельнікаў праекта адбылася ў Славакіі. Іх віталі ў гарадской ратушы. Школьнікі ўдзельнічалі ў народным рынку — гэта фестываль нацыянальных культур, дзе прадстаўнікі кожнай краіны паказалі свае народныя традыцыі з нацыянальнымі падворкамі, касцюмамі і стравамі. Дзеці ўбачылі славацкія народныя рамёствы — пчалярства, вязанне кручком, пляценне з паперы, выраб завушніц з керамікі, упрыгожванне яек, разьбу па дрэве, упрыгожванне пернікаў, выпечку тартоў.

Гродзенскія школьнікі паказалі сваім равеснікам тэатралізаваную пастаноўку — беларускую народную казку “Лёгкі хлеб”.

Як паведаміла Анжаліка Казлоўская, завяршаецца праект “Школы як лакальныя цэнтры рэвіталізацыі і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці” ў снежні 2018 года. Па яго выніках будзе выдадзена кніга на пяці мовах: беларускай, польскай, чэшскай, славацкай і англійскай. Але супрацоўніцтва на гэтым не скончыцца — сярэдняя школа № 35 Гродна і школа з польскай вёскі Кшэвіцы задумваюцца аб удзеле ў новым сумесным праекце.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *