Разумець, што і для каго ты робіш

- 11:18Адукацыйная прастора

За пяць гадоў працы настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 1 Ліды Гродзенскай вобласці Арцём Анатольевіч Шыдлоўскі цалкам упэўніўся ў тым, што знаходзіцца на сваім месцы. Пацвярджэннем таго сталі і добрыя адносіны з вучнямі, і першыя дасягненні. У іх ліку — перамогі на конкурсах і занясенне ў Віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці.

Арцём Анатольевіч з тых шчасліўцаў, якіх жыццё само накіроўвае на патрэбны шлях. Калі настаў час вызначацца з будучай прафесіяй, упэўненасці ў тым, якую дарогу выбраць, яшчэ не было. Аднак праз час прыйшло, як кажа малады чалавек, сапраўднае азарэнне: выпадковы, як здавалася спачатку, выбар — гэта і ёсць яго прызванне. 

— Матэматыка — вельмі важны прадмет, нездарма яе называюць царыцай навук, — падкрэслівае А.А.Шыдлоўскі. — Размова ідзе не толькі пра пэўныя веды і ўменні па матэматыцы, алгебры ці геаметрыі. Усё гэта яшчэ і вучыць дзяцей мэтанакіраванасці, лагічнаму і стратэгічнаму мысленню, якія ім будуць патрэбны ў далейшым жыцці. Падчас урока, рашаючы які-небудзь прыклад, школьнікі вучацца да канца пераадольваць цяжкасці, не здавацца пры з’яўленні першых няўдач. Гэтым мяне ў свой час і прывабіў прадмет. І аказалася вельмі цікава вучыць яму іншых.

Пасля школы малады чалавек паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на факультэт матэматыкі і інфарматыкі, пасля заканчэння якога атрымаў права выкладаць два прадметы. У той час цвёрдага жадання стаць настаўнікам яшчэ не было. Аднак асабліва падабаліся і добра запомніліся вучэбныя прадметы, звязаныя непасрэдна з тлумачэннем пэўных тэм па матэматыцы і інфарматыцы. На такіх лекцыях і практычных занятках разбіраліся разнастайныя ўрокі, магчымыя памылкі, розныя нестандартныя сітуацыі, звязаныя са школай, вучнямі. Пасля падчас работы гэта ўзгадвалася і дапамагала знайсці падыход ці вырашыць нейкую праблему. 

Педагагічную практыку Арцём Анатольевіч праходзіў у роднай сярэдняй школе № 6 Ліды. Яму вельмі хацелася правесці свае першыя ўрокі пад кіраўніцтвам менавіта сваёй настаўніцы матэматыкі Таццяны Аляксееўны Бурко. Гэтае жаданне спраўдзілася, і цікавасць да прафесіі, жаданне паспрабаваць у ёй свае сілы ўзраслі. Арцём Анатольевіч імкнуўся запомніць усе парады, пераняць каштоўны вопыт. Нарэшце пасля атрымання дыплома вярнуўся ў родны горад. У якасці маладога спецыяліста, настаўніка матэматыкі быў прыняты ў сярэднюю школу № 1. Узрадавала, што калектыў адразу прыняў навічка вельмі цёпла, ні ў чым не пакідаў без падтрымкі. 

Сёння малады, паспяховы педагог з усмешкай узгадвае, што напярэдадні першага для яго як настаўніка навучальнага года не давала спакою нямала пытанняў: “Як жа павядуць сябе на яго ўроках вучні?”, “Як арганізаваць работу так, каб не было праблем з дысцыплінай?”, “На што зрабіць стаўку ў сваіх адносінах з дзецьмі?”. Тады выручалі і супакойвалі, давалі добрыя парады і проста падбадзёрвалі старэйшыя калегі. Гэта дапамагло справіцца з хваляваннем і ўзя ць паспяховы, роўны старт. Далей паступова малады чалавек сам знаходзіў адказы на хвалюючыя пытанні, дапамагалі ўласныя назіранні і актыўнае вывучэнне метадычнай літаратуры. З самага пачатку і па сённяшні дзень галоўным настаўленнем для Арцёма Анатольевіча застаюцца выдатныя словы В.А.Сухамлінскага: “У душы кожнага дзіцяці ёсць нябачныя струны. Калі закрануць іх умелай рукой, яны прыгожа загучаць”. Менавіта так малады настаўнік і стараецца працаваць.

— Самым складаным для мяне быў першы ўрок, дзе я разумеў: важна не перагнуць палку з заданнямі, знайсці кантакт з вучнямі, зрабіўшы тым самым падмурак для нашай далейшай прадукцыйнай, пазітыўнай дзейнасці, — гаворыць А.А.Шыдлоўскі. — Калі зрабіць гэта правільна, то і наступныя ўрокі пойдуць без асаблівых праблем. На мой погляд, самае галоўнае — у любой сітуацыі дакладна разумець дзве рэчы: што ты робіш і для каго ты гэта робіш. Яшчэ важна быць пераканаўчым: інакш вучні не будуць успрымаць педагога ўсур’ёз. Але і не варта баяцца зрабіць памылку нават у дробязях, зацыклівацца на такой думцы: гэта пазбаўляе задавальнення ад працы, зносін з дзецьмі і калегамі. 

У адносінах з вучнямі праблем не было. З першага разу ўдалося ўстанавіць кантакт і зацікавіць і сабой як асобай, і сваім прадметам. А вось адносіны з бацькамі школьнікаў складваліся не так хутка і лёгка. Першы час Арцём Анатольевіч адчуваў некаторы недавер да сябе: таты і мамы часта глядзелі на яго не як на паўнацэннага педагога, а як на студэнта, які прыйшоў дапамагаць іх дзецям вучыцца. Аднак даволі хутка малады настаўнік навучыўся аргументавана тлумачыць, спакойна адстойваць свае патрабаванні і пункт гледжання і сам адчуў большую ўпэўненасць у сваіх сілах. Сітуацыя наладзілася, безумоўна, яшчэ і дзякуючы таму, што ў бацькоў узнік давер, з’явілася павага да маладога, стараннага настаўніка.

Першыя гады працы парадавалі пэўнымі поспехамі, якія пераканалі Арцёма Анатольевіча, што выбраная тактыка правільная. У 2017 годзе ён стаў пераможцам раённага этапу конкурсу маладых спецыялістаў устаноў і арганізацый Лідскага раёна “Малады спецыяліст XXI стагоддзя”. У наступным годзе Арцём Анатольевіч Шыдлоўскі быў занесены ў Віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў Гродзенскай вобласці. Мінулы навучальны год азнаменаваўся перамогай у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка” на раённым этапе конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Да таго ж з 2017 па 2021 год малады настаўнік падрыхтаваў 10 прызёраў і пераможцаў раённай алімпіяды па матэматыцы. Таксама яго вучаніца Ганна Каламыцкая была ўзнагароджана Ганаровай граматай на абласным этапе алімпіяды і стала пераможцай раённай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў “Прыступкі да навукі”.

— Усе гэтыя дасягненні сталі магчымы не толькі дзякуючы маім намаганням, але і з’яднанаму калектыву нашай школы, асабліва настаўнікам матэматыкі, дырэктару Сяргею Анатольевічу Фонасаву і яго намеснікам. З любой праблемай я заўсёды смела мог звярнуцца і атрымаць неабходную дапамогу ці параду. На падрыхтоўку ж да алімпіяд мяне натхняюць вучні, асабліва высокаматываваныя, з якімі мне асабліва цікава займацца і на ўроках, і ў пазаўрочны час. 

На першапачатковым этапе сваёй педагагічнай дзейнасці Арцём Анатольевіч, для таго каб павысіць ступень разумення дзецьмі інфармацыі падчас тлумачэння новага вучэбнага матэрыялу, стаў выкарыстоўваць элементы візуалізацыі матэматычных ведаў: тон, колер, шрыфт, памер, маштаб, рух. Затым для павышэння эфектыўнасці засваення тэорыі ўзнікла неабходнасць у структураванні зместу і “сцісканні” вучэбнай інфармацыі. Настаўнік стаў выкарыстоўваць гатовыя і ўласныя “Карты памяці” (апорныя сціснутыя канспекты, якія ўтрымліваюць самае галоўнае ў тэме, якая вывучаецца, выкладзенае з дапамогай сімвалаў, схем, формул, асацыяцый). Пры іх стварэнні абавязкова выкарыстоўваюцца графічныя прыёмы павышэння мнеманічнага эфекту, матэрыял выкладаецца цэлымі блокамі. 

Сукупнасць “Карт памяці” пэўнага раздзела вучэбнай праграмы стварае інфармацыйны сшытак. Галоўныя прынцыпы пры яго стварэнні — дакладнасць структуры, прастата і зразумеласць. Старонка такога сшытка візуальна ўяўляе сабой пералік асноўных момантаў пэўнай тэмы (паняцці, формулы, алгарытмы рашэння задач рознага ўзроўню і г.д.), дазваляючы вучню вярнуцца ў любы момант да забытага ці недастаткова засвоенага. 

— На сайце нашай школы працуе цікавы праект дыстанцыйнага суправаджэння — OnLine-школа па ўсіх прадметах школьнага курса, у тым ліку і па матэматыцы, — тлумачыць Арцём Анатольевіч. — Інфармацыйны сшытак у электронным выглядзе размяшчаецца ў OnLine-школе. Такім чынам ён можа быць даступны вучням у любы час і на любых электронных прыладах. 

У кожнага педагога школы ёсць спасылка на Google-дыск у OnLine-школе, дзе можна, не звяртаючыся да адміністратара сайта, аператыўна размяшчаць матэрыялы да ўрока (прэзентацыі, апорныя канспекты, памяткі, алгарытмы, дадатковыя матэрыялы, заданні для падрыхтоўкі да самастойных і кантрольных работ). Гэта дазваляе вучням А.А.Шыдлоўскага і яго калегам выкарыстоўваць матэрыялы дома пры падрыхтоўцы да ўрокаў, алімпіяд, а таксама самастойна вывучыць інфармацыю тым, хто прапусціў урок ці мае жаданне разабрацца ў нечым больш глыбока.

Звыклым і шырока прымяняльным візуальным спосабам тлумачэння і праверкі матэматычных ведаў для маладога педагога з’яўляюцца праграмы Microsoft PowerPoint, Google-прэзентацыя, якія дазваляюць не толькі аператыўна даць заданні, наглядна прадставіць вучэбны матэрыял (схемы, малюнкі і анімацыі, апорныя формулы і паняцці, алгарытмы), але і актывізаваць візуальнае мысленне навучэнцаў, што вядзе да больш глыбокага разумення матэматычных паняццяў, працэсаў і з’яў.

Матэматычную праграму GeoGebra настаўнік выкарыстоўвае для візуалізацыі складаных тэм праграмы: для аб’ёмнай візуалізацыі прасторавых фігур (3D-мадэляванне), пабудовы геаметрычных фігур, мнагаграннікаў, цел вярчэння і іх перасячэння, пабудовы функцый, выканання іх дынамічных змяненняў. Названую праграму Арцём Анатольевіч выкарыстоўвае пры правядзенні вуснага лічэння, тлумачэнні новага матэрыялу, для доказу тэарэм, рашэння і аналізу рэшаных задач на вылічэнне і пабудову, для арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў (адкрыць уласцівасці геаметрычных фігур, зрабіць высновы аб размяшчэнні графікаў функцый у залежнасці ад каэфіцыентаў, знайсці метады пабудовы графіка).

Інтэрактыўныя практыкаванні сэрвісу LearningApps сістэматызаваны педагогам па класах і размешчаны на сайце школы. Сэрвіс дазваляе ствараць невялікія інтэрактыўныя мультымедыйныя вучэбныя візуалізаваныя модулі (множны выбар, супастаўленне, запаўненне прабелаў) з магчымасцю ўстаўкі тэксту, формул, малюнкаў і відэаролікаў. Практыкаванні Арцём Анатольевіч выкарыстоўвае на ўсіх этапах урока ў залежнасці ад пастаўленых задач: пры тлумачэнні новага матэрыялу, для замацавання, трэнінгу, самастойнай работы навучэнцаў, для кантролю. Галоўная перавага сэрвісу — імгненная праверка правільнасці выканання задання.

Для арганізацыі аператыўнай зваротнай сувязі з навучэнцамі ўсяго класа Арцём Анатольевіч эфектыўна выкарыстоўвае спецыяльныя сэрвісы для стварэння віктарын, галасавання, апытальнікаў і тэстаў (Plickers, Kahoot, Socrative), з дапамогай якіх можна правесці праверку ведаў навучэнцаў, прагледзець вынікі тэсціравання ў рэальным часе і ацаніць прагрэс не толькі ўсяго класа, але і кожнага вучня, прааналізаваць узровень засваення тэмы навучэнцам і правесці карэкцыю ведаў.

Тэма: “Куб. Прамавугольны паралелепіпед” (5 клас)

Мэта задання: засваенне новых ведаў на аснове 3D-мадэлі вывучаемай фігуры.

Сутнасць задання: вызначыць уласцівасці куба (колькасць граняў, рэбраў, вяршынь).

Дадатак GeoGebra дае магчымасць праглядзець усе ўласцівасці дадзеных фігур, убачыць разгортку дадзенай фігуры, візуальна вывучыць яе з усіх бакоў.

Заданне ў праграме Smart Notebook.

Тэма: “Трапецыя. Сярэдняя лінія трапецыі” (8 клас) 

Мэта задання: вывучэнне геаметрычнай фігуры “трапецыя”.

Сутнасць задання: арганізацыя работы навучэнцаў па вывядзенні азначэння трапецыі, вышыні, сярэдняй лініі трапецыі па прынцыпе аналогіі з вывучанай раней фігурай трохвугольніка.

Цікавай справай для Арцёма Анатольевіча было стварэнне віртуальнага кабінета матэматыкі. Яго асноўнае прызначэнне — размяшчэнне інфармацыі ў адзінай інфармацыйнай прасторы школы, фарміраванне, абагульненне і трансляцыя педагагічнага вопыту, арганізацыя пераемнасці па сістэматызацыі і выкарыстанні матэрыялаў. Віртуальны кабінет размешчаны на камп’ютары, які знаходзіцца ў лабаранцкай, і ўключаны ў адзіную інфармацыйную прастору школы. Кожны настаўнік матэматыкі можа карыстацца інфармацыяй віртуальнага кабінета, знаходзячыся ў любым кабінеце сваёй установы адукацыі. Віртуальны кабінет стварае, пастаянна папаўняе і забяспечвае даступнасць матэрыялаў метадычнай падтрымкі педагогаў па розных праблемах навучання ў адзінай інфармацыйнай прасторы школы ў форме пастаянна дзеючых рубрык: “Нарматыўныя дакументы”, “Дыдактычныя матэрыялы”, “Распрацоўкі ўрокаў”, “Прэзентацыі ўрокаў”, “Алімпіяды”, “Даследчыя работы”, “Пазакласная работа”, “Электронныя сродкі навучання”, “Адрасы і спасылкі”, “Экзамен па матэматыцы”, “Літаратура па матэматыцы”, “Дадатковыя матэрыялы”, “Павышэнне кваліфікацыі”, “ЦТ”, “Справаздачы і дакументы”. 

— Віртуальны кабінет дае шырокія магчымасці для павышэння якасці і эфектыўнасці навучання, спрыяе фарміраванню інфармацыйнай культуры педагогаў, — акцэнтруе ўвагу А.А.Шыдлоўскі. — Адначасова віртуальны кабінет з’яўляецца і лабараторыяй настаўніка, дапамагае яму ў падрыхтоўцы да ўрокаў, стымулюе пошукі новых эфектыўных прыёмаў навучання, аблягчае назапашванне і сістэматызацыю метадычных матэрыялаў.

Арцём Анатольевіч не з тых, хто пасуе перад цяжкасцямі. Яму падабаецца пераадольваць цяжкасці і бачыць канчатковы добры вынік — сваіх вучняў, якія ўсміхаюцца, засвоілі вучэбны матэрыял, зрабілі пэўныя поспехі кожны на сваім узроўні. Галоўная мэта, якую перад сабой ставіць малады настаўнік, — выкарыстоўваючы ўсе сродкі педагагічнай дзейнасці, навучыць школьнікаў думаць, самастойна прымаць рашэнні, рабіць адкрыцці, здабываць веды і вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць, несці адказнасць за прынятае рашэнне.

Таццяна ШЫМКО.