Разумнікі і разумніцы: лагер «Навука» на базе дзвюх школ сабраў інтэлектуальную эліту Гродзеншчыны

- 11:10Образование

Абласны аздараўленчы лагер “Навука” традыцыйна сабраў адораных старшакласнікаў на базе дзвюх устаноў адукацыі Гродзенскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У лагеры “Навука-1”, размешчаным на тэрыторыі Парэцкай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната, адпачываюць і займаюцца любімымі прадметамі ўдзельнікі і пераможцы алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, гісторыі, біялогіі, матэматыцы (малодшая ўзроставая група) і фізіцы з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. А ў лагеры “Навука-2” на базе Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната сабраліся юнакі і дзяўчаты, якія дасягнулі значных поспехаў у раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіядах па англійскай і кітайскай мовах, інфарматыцы, грамадазнаўстве, рус­кай мове і літаратуры, матэматыцы (старэйшая ўзроставая група), працоўным навучанні. Работа аздараўленчых устаноў арганізавана галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама сумесна з Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Вучэбныя заняткі па прадметах толькі да абеду, пасля чаго юнакі і дзяўчаты адпачываюць, актыўна ўключаюцца ў падрыхтоўку і правядзенне розных выхаваўчых і культурна-забаўляльных, спартыўных мерапрыемстваў. У гэтым годзе спаборніцтва паміж атрадамі ў эрудыцыі, інтэлекце і творчасці мае форму навуковага лабірынта. Кожны дзень дзеці падарожнічаюць па новых пунк­тах лабірынта, праходзяць выпрабаванні, збіраюць чароўныя крышталі ў куфэрак атрада і зараб­ляюць балы. Спаборніцтвы складаюцца з конкурсаў, свят, інтэрактыўных заняткаў, інфармацыйных гадзін, дыялогавых пляцовак, турніраў, квестаў, інтэлектуальных і дзелавых гульняў. Для каардынацыі дзейнасці і падвядзення вынікаў працуе орган дзіцячага самакіравання “Савет навукі”. У канцы змены будзе вызначаны атрад-пераможца. Прэс-­цэнтр старанна асвятляе ўсе па­дзеі ў сацыяльных сетках.

— У нас адпачываюць 125 дзяцей, усе матываваныя, таленавітыя, разумныя, шмат чытаюць, у кожнага ў тумбачцы — тоўстая кніга, што радуе, — расказала дырэктар лагера “Навука-1” Юлія Можджэр, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Парэцкай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната. — Гэты год не­звычайны: упершыню сфарміраваны два атрады біёлагаў з 55 старшакласнікаў. У арганізацыі работы лагера акцэнт зроблены на Го­дзе якасці і на такой знакавай для ўсіх нас даце, як 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 22 чэрвеня педагогі і школьнікі прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме ля помніка воінам-вызваліцелям у аграгарадку Парэчча, а таксама ўсклалі кветкі да помніка ў вёсцы Бабіна, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі расстраляны мірныя жыхары.

У лагеры працу­юць выкладчыкі УВА і настаўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна, якія маюць багаты вопыт работы з адоранымі навучэнцамі, падрыхтоўкі іх да ўдзелу ў алімпіядах. Яны выкарыстоўваюць цікавыя формы работы, арыентаваныя на вырашэнне практычных задач ва ўзаемасувязі з актуалізацыяй тэарэтычных ведаў. Таму час на занятках пралятае хутка, пасля кожных праводзіцца рэфлексія: што ўдалося, а над чым яшчэ трэба папраца­ваць.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Радунскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Алёна Аляксандраўна Чарнавус у “Навуцы” працуе другі год.

— У лагеры сабраліся дзеці, якія ўдзель­нічалі ў раённым, абласным этапах рэспуб­ліканскай алімпіяды, якія імкнуцца многа ведаць. Мне падабаецца з імі праца­ваць, таму што бачыш, як у іх га­раць вочы. Яны шмат веда­юць і ўсё ж занатоўваюць за мной. Я працую больш з літаратурным кампанентам. Сёння ў нас дзень, прысвечаны Васілю Быкаву, 100-годдзе якога святкавалася зусім нядаўна. Таксама бу­дзем гаварыць пра кнігі-­юбіляры, пісьмен­нікаў-юбіляраў, напрыклад, пра Аркадзя Куляшова, чые творы пакладзены на музыку. Дзеці паабяцалі, што выканаюць песню “Алеся”. Такая вось літаратурная падрыхтоўка да алімпіяды, — расказала педагог.

Дамашніх заданняў Алёна Аляксандраўна не задае, як і яе калегі, стараецца не нагружаць дзяцей. Педагогі рыхтуюцца да работы ў лагеры загадзя і едуць з цэлым багажом матэрыялаў, каб старшакласнікам было цікава, каб матываваць іх да ўзнаўлення пэўных ведаў, а таксама да атрымання новых.

— Я дазіравана даю матэрыял, — адзначыла Алёна Аляксанд­раўна. — Калі бачу, што слухачы стаміліся, пачынаем гуляць. Яны ўгадваюць пісьменніка па фота­здымку, суадносяць здымак з фактамі з яго жыцця альбо ў пяці сказах расказваюць яго біяграфію, выпраўляюць памылкі ў Вікіпедыі. У такім інтэрактыве ствараю атмасферу даверу. Дзецям гэта падабаецца. Бачу, што ім цікава, яны ўважліва слухаюць. Галоўнае — не перагружаць іх, памятаць, што мы не ў школе. Так і працуем адпачываючы.

Настаўніца біялогіі Гро­дзен­скай гарадской гімназіі імя ­А.І.Дубко Алена Канстанцінаўна Сіцько ў лагеры “Навука” выкладала некалькі гадоў запар, у розныя часы тут адпачывалі яе дачка і сын.

— Лагер заўсёды карыстаўся цікавасцю ў школьнікаў, бо тут асаблівае братэрства “Навукі”, — падзялілася Алена Канстанцінаўна. — Ведаю, што на працягу многіх гадоў пасля лагера яны сустракаюцца, падтрымліваюць зносіны. Падрыхтоўка да заняткаў у лагеры асаблівая. Здаецца, ведаеш свой прадмет і з алімпіяднікамі раней займалася, але, калі едзеш у “Навуку”, разумееш, што трэба больш грунтоўна падрыхтавацца, падабраць нешта новае і цікавае, складанае, бо тут удзячная публіка разумных, зацікаўленых маладых людзей. У гэтым годзе шмат маіх вучняў, якія ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, настроены на перамогу.

Дзесяцікласнікі гімназіі Юлія Моргіс, Алена Недзведзь і Валянцін Дубатоўка займаюцца біялогіяй з А.К.Сіцько. Менавіта настаўніца прапанавала сваім вучням адправіцца летам у “Навуку”. Тут яны не толькі добра адпачываюць, прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці лагера, але і займаюцца любімым прадметам. Дарэчы, у кожнага з іх ужо ёсць поспехі на раённым этапе алімпіяды па біялогіі. Адзначылі маладыя людзі і камфортныя ўмовы пражывання, прыемны калектыў аднадумцаў, добрых важатых. Той, хто хоць раз пабываў у гэтым лагеры, імкнецца пры­ехаць сюды яшчэ раз.

Кіраўнік лагера дадала, што шмат увагі ўдзяляецца дзяржаўным сімвалам. Лінейкі право­дзяцца з падняццем Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, ёсць свая сцяганосная група. Цікава прайшоў дзень бяспекі з удзелам прадстаўнікоў Таварыства ратавання на водах, ДАІ і МНС. А яшчэ юныя навукоўцы вельмі любяць спаборніцтвы па стральбе, гуляюць у пляжны валейбол і тэніс, а вечарам з задавальненнем адпачываюць на дыскатэцы. Унікальнасць “Навукі” якраз у тым, што тут адораныя старшакласнікі могуць папоў­ніць свае веды і якасна адпа-
чыць.

 Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара