“Разумнікі і разумніцы” ў дзіцячым садзе

У яслях-садзе № 2 Свіслачы сумесна з гарадской школай № 2 праводзіцца шэраг мерапрыемстваў: экскурсіі, наведванне школьнай бібліятэкі, музея, знаёмства дашкольнікаў з настаўнікамі і вучнямі пачатковай школы, сумесная адукацыйная дзейнасць, спартыўныя і гульнявыя праграмы.

Адным з яркіх момантаў стала інтэлектуальная гульня “Разумнікі і разумніцы” на тэму “У свеце шмат казак сумных і смешных”. За права стаць лепшымі гульцамі змагаліся дзве каманды — “Казачнікі” (выхаванцы старшых груп ясляў-сада № 2) і “Мудрацы” (вучні першых класаў сярэдняй школы № 2). У зале панавала цёплая, сяброўская атмасфера. У кожнай каманды былі свае эмблема і дэвіз. Былі выбраны капітаны каманд. Пасля невялікай размінкі пачаліся казачныя конкурсы: “Выправіць памылку” — на развіццё ўвагі, “Хто многа чытае, той шмат ведае” — на эрудыцыю, “Даведайся казку” — на развіццё ўяўлення, “Запаміналачка” — за 30 секунд запомніць і назваць як мага больш казачных прадметаў.

Нечаканым было з’яўленне Мальвіны, якая прапанавала гульцам свае заданні: конкурс капітанаў “Чорная скрыня”, канверт з разразнымі малюнкамі па матывах казак, конкурс “Успомні казку”.

Падчас музычных паўз з песнямі і прыпеўкамі выступалі выхаванцы старшых груп дашкольнай установы. Не засталіся без справы і балельшчыкі. З імі была праведзена “Музычная віктарына”, падчас якой дзеці не толькі адгадвалі мелодыі з любімых мультфільмаў, але і дружна іх выконвалі.

У нашай інтэлектуальнай гульні перамагла дружба. Абедзве каманды гульцоў ўзнагароджаны дыпломамі ўдзельнікаў. Такія сумесныя мера-прыемствы спрыяюць развіццю сацыяльна-камунікатыўных навыкаў дзяцей. Настаўнікі пачатковых класаў маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з формамі работы, якія выкарыстоўваюцца ва ўстанове дашкольнай адукацыі, даведацца пра асноўныя патрабаванні вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, убачыць сваіх будучых першакласнікаў у звыклым для іх асяроддзі.

Наталля СЕМЯНЯКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Свіслачы.