Разумны падыход да эканоміі і беражлівасці

Рацыянальнаму выкарыстанню энергетычных і паліўных энергарэсурсаў прысвечаны не адзін сацыяльны ролік, і гэта правільна. Разумны і эканамічны падыход у карыстанні гэтымі рэсурсамі з’яўляецца адной з важных умоў паспяховага развіцця краіны. 

Пра тое, ці трэба вучыць дзяцей беражлівасці і якую ролю выконваюць школы ў распрацоўцы новых метадаў энергазберажэння, расказаў начальнік аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі арганізатар рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” Віталь Тамашавіч КРЭЦКІ.

— Віталь Тамашавіч, для вырашэння якіх лакальных і глабальных праблем былі накіраваны ініцыятывы “Энергамарафону”?

— Першапачаткова конкурс уяўляў сабой рэгіянальнае абласное творчае спаборніцтва. Упершыню конкурс “Энергамарафон” быў праве­дзены ў 2004 годзе ў Віцебскай вобласці. Тады Віцебскае абласное падраздзяленне па рацыянальным выкарыстанні паліўна-энергетычных рэсурсаў сумесна з абласным аддзелам па адукацыі распрацавала цікавую ініцыятыву — далучыць школьнікаў да вырашэння праблемы рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў. З цягам часу ідэя выйшла за межы рэгіёна, пачынаючы з 2007 года конкурс стаў праводзіцца па ўсёй краіне. Добрай традыцыяй стала тое, што кожны год лакацыя конкурсу мяняецца. Гэта робіцца для таго, каб ахапіць як мага больш навучэнцаў, пазнаёміць іх з іншымі рэгіёнамі і напрацоўкамі ў сферы эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў. 

“Энергамарафон” накіраваны на фарміраванне актыўнай сацыяльнай пазіцыі ў адносінах да рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, павышэння культуры ўзаемадзеяння з рэсурсамі, а таксама выяўленне і распаўсюджанне вопыту ўстаноў адукацыі па арганізацыі энергазберажэння. Безумоўна, у першую чаргу мы займаемся прапагандай эканоміі энергарэсурсаў і актывізацыяй даследчай дзейнасці сярод школьнікаў. Дзеці, між іншым, прапаноўваюць рэальна дзейсныя праекты па энергазберажэнні, якія яны ў тым ліку рэалізоўваюць у сваіх школах.

Сёлета “Энергамарафон” адрозніваўся ад папярэдніх, ён трапіў у план мерапрыемстваў, накіраваных на рэалізацыю Мэт устойлівага развіцця па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў сярод падрастаючага пакалення. Безумоўна, з нашага пункту гле­джання важнай з’яўляецца 7 мэта — чыстая і недарагая энергія.

Што тычыцца ўдзелу ў конкурсе, ён павышае агульную адукаванасць дзяцей. Навучэнцы ведаюць, якую лямпачку — напальвання ці святлодыёдную — больш выгадна купіць у магазіне. Дзеці разбіраюцца ў тым, якім будзе эканамічны эфект, якім у грашовым выражэнні будзе прыбытак ад пакупкі. Ёсць многа прыкладаў, калі дзеці, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, мяняюць свае адносіны да метадаў энергазберажэння і вучаць гэтаму бацькоў. Такія карысныя навыкі застаюцца са школьнікамі на працягу ўсяго жыцця.

Увогуле, сёння беражлівым адносінам да энергарэсурсаў людзей вучыць не трэба. Калі раней дэпартамент выкарыстоўваў жорсткія меры ў дачыненні да тых, хто не эканоміць, то сёння ўсе прадпрыемствы і арганізацыі ведаюць, што без эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў яны проста не змогуць развівацца, не будуць канкурэнтаздольнымі. Дзеці, якія ўдзель­нічалі ў конкурсе ў першыя гады яго правядзення, сёння працуюць на кіраўніцкіх пасадах у розных арганізацыях, якія і вызна­чаюць палітыку энергазберажэння. Гэта гаворыць толькі аб тым, што школьнікам, якія зацікаўлены тэмай, конкурс дае добры штуршок да прафесійнага самавызначэння.

Плюсам удзелу ў конкурсе з’яўляецца тое, што кожны ўдзельнік атрымлівае каштоўны прыз. А школам, якія перамагаюць у намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу ў інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”, з дзяржаўнага бюджэту выдзяляюцца грошы для рэалізацыі мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці. Напрыклад, сёлета школе, якая заняла 1-е месца, быў уручаны сертыфікат на суму 70 000 рублёў. Тым, хто аказаўся на 2-м і 3-м месцы, уручылі 50 000 і 30 000 рублёў адпаведна.

Дарэчы, са школамі, з абласнымі ўпраўленнямі па адукацыі мы вельмі актыўна супрацоўнічаем. Калі праводзім тэматычныя мерапрыемствы, збіраем педагогаў з усёй краіны і знаёмім з перадавымі тэхналогіямі ў сферы зберажэння цеплавых і энергетычных рэсурсаў. Апошнім цікавым мерапрыемствам, да якога далучылася многа настаўнікаў, стала паездка ў першы ў краіне энергазберагальны дом у Гро­дзенскай вобласці. У доме ўстаноўлены цеплавыя насосы, сонечныя батарэі.  

— Мерапрыемствы па энергаэфектыўнасці — гэта якія? На што дакладна школа можа траціць грошы?

— Грошы могуць траціцца на павышэнне эфектыўнасці  выкарыстання энергарэсурсаў у сваёй навучальнай установе. Напрыклад, можна памяняць вокны, лямпачкі, мадэрнізаваць цеплавы пункт. Самым папулярным артыкулам расходаў з’яўляецца мадэрнізацыя асвятлення, цеплавая мадэрнізацыя будынкаў і замена вокнаў. Часта ў школах, калі яны забяспечаны цэнтралізавана гарачай вадой, ёсць цеплаабменнікі. Працяглы час выкарыстання прыводзіць іх у нягоднасць, а значыць, цеплапункт патрабуе замены, а разам з ім мяняецца аўтаматыка кіравання цепласпажываннем. Напрыклад, калі дзяцей у школе няма, у цеплапункце тэмпература пад вечар апускаецца. Раніцай, калі дзеці прыходзяць на заняткі, тэмпература падымаецца да неабходнага нарматыўнага значэння. Пасля абеду слупок тэрмометра пачынае аўтаматычна апускацца. Тое самае адбываецца і з датчыкамі асвятлення, якія знаходзяцца ў цёмных школьных калідорах. Яны з’яўляюцца вельмі зручнымі і неабходнымі, кантралююць, каб святло ў калідорах пастаянна не гарэла. У адрозненне ад вучэбных класаў, дзе павінна быць заўсёды светла, гэтая частка прасторы не патрабуе пастаянных энергазатрат.

Каля 12% цеплавой энергіі могуць губляцца праз старыя вокны. Пластыкавыя шклопакеты ўтрымліваюць цяпло. Тым не менш мы заўсёды гаворым пра тое, што старыя будынкі з драўлянымі вокнамі разлічаны на частковую інфільтрацыю паветра. Калі ў школьным класе стаяць пластыкавыя вокны, памяшканне недастаткова вентылюецца. А зна­чыць, неабходна праводзіць прымусовую вентыляцыю паветра, дадаткова ставіць у вокны або манціраваць у сцяну вентылятар. Важна разумець, што ў сцяне не проста прабіваецца дзірка і ставіцца вентылятар, — наладжваецца сістэма рэкуперацыі, гэта значыць, паветра, якое выхо­дзіць, падагравае паток з вуліцы.

— Выдатным метадам энергазберажэння з’яўляюцца святлодыёдныя лямпачкі. Тым не менш, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя, іх нельга выкарыстоўваць ні ў школах, ні ў дзіцячых садах. 

— Яшчэ ў пачатку 2015 года ў сілу ўступіла пастанова № 115 Міністэрства аховы здароўя, якая абмяжоўвае выкарыстанне святлодыёдных крыніц святла ва ўстановах адукацыі. У адпаведнасці з дакументам, іх выкарыстанне не дапускаецца для штучнага асвятлення памяшканняў, у якіх арганізаваны адукацыйны і выхаваўчы працэс. Такое рашэнне было прынята па той прычыне, што няма дастатковай навуковай інфармацыі аб бяспечным уплыве святлодыёдных лямпачак на дзяцей.

Тым не менш у магазінах многа святлодыёдных лямпачак, многія сем’і, нават з маленькімі дзецьмі, карыстаюцца імі, таму што ведаюць, што такая крыніца святла эканомная, а самі лямпачкі не ўтрымліваюць у сваім складзе ртуці. Але, згодна з даследаваннямі, найбольш натуральнай і бяспечнай крыніцай святла з’яўляюцца лямпы напальвання. Тэрмін службы ў іх нізкі, нізкая энергаэфектыўнасць, а таксама яны адчувальныя да ваганняў напружання ў электрасетцы.

Нядзіўна, што лямпы напальвання паступова сыходзяць з рынку, саступаючы месца больш эфектыўным, напрыклад, люмінесцэнтным энергазберагальным крыніцам святла. Яны, дарэчы, ва ўстановах адукацыі  не забаронены, але ўтрым­ліваюць ртуць. Затое самыя эканамічныя святлодыёдныя не могуць тут прымяняцца. На навакольнае асяроддзе святлодыёдныя лямпачкі негатыўнага ўплыву не аказваюць, яны экалагічна чыстыя, але, згодна з даследаваннямі, могуць быць небяспечнымі для здароўя.

Сутнасць у тым, што святло ад такіх лямп, як ні дзіўна, правакуе чалавечы арганізм на павышаную працаздольнасць. Разам з гэтым паралельна зніжаецца выпрацоўка гармону мелатаніну, які супакойвае, балансуе арганізм. Атрымліваецца, што адпачываць чалавеку не хочацца, ён працуе як заведзены. Акрамя гэтага, святло такіх лямп можа аказваць негатыўнае ўздзеянне на сятчатку вока. Асабліва шкоднае халоднае белае святло для дзіцячых вачэй, структура якіх знаходзіцца ў стадыі развіцця.

Але, паўтаруся, гэта ўсё не даказана. Большасць нашых сем’яў карыстаецца энергазберагальнымі лямпачкамі і задаволена гэтым.

— У Гродне і Ашмянах ёсць дашкольныя ўстановы, якія падаграваюць ваду ў басейне дзякуючы ўстаноўленым сонечным калектарам. Наколькі даступнымі ў фінансавым плане з’яўляюцца адпаведныя ўстаноўкі для звычайнай раённай школы?

— Устаноўка сонечных калектараў і панэлей з’яўляецца дарагім задавальненнем менавіта ў плане абслугоўвання. І вельмі важна, што Гро­дзенскі электратэхнічны каледж імя І.Шчаснага вучыць сваіх дзяцей таму, як такія сістэмы абслугоўваць, як імі карыстацца. Калі праекты па ўстаноўцы сонечных калектараў былі запушчаны ўпершыню, звычайныя сан­тэхнікі не ведалі, як абслугоў­ваць адпаведныя сістэмы. Сёння мы паступова вырашаем гэтую праблему. У навучэнцаў ёсць дэманстрацыйны стэнд з сонечнымі панэлямі і калектарамі, стаіць імітацыя ветраўстаноўкі, дзе дзеці самастойна ўсё вывучаюць.

Сонечныя калектары награ­ваюць ваду нават пры тэмпературы паветра 0°С. Калі на вуліцы было +5°С, тэмпература вады ў басейне складала +40°С. У некаторых школах, у якіх няма басейна і не патрэбен вялікі аб’ём гарачай вады, для выпрацоўкі электраэнергіі стаяць сонечныя панэлі. Дзякуючы атрыманай такім метадам энергіі, асвятляюцца калідоры, сталовая, кухонны блок.

— Віталь Тамашавіч, наколькі актуальнай застаецца праблема рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і чым сённяшнія школьнікі і студэнты могуць дапамагчы ў яе вырашэнні?

— Школьнікі сёння валодаюць дастатковымі ведамі па энергазберажэнні. Нам не хапае ўзаемадзеяння з УВА краіны. Зацікавіць студэнтаў вельмі цяжка, ім неабходна матывацыя, якой для іх з’яўляецца далейшае працаўладкаванне. Для гэтага неабходна наладжваць супрацоўніцтва з энергетычнымі кампаніямі, Міністэрствам энергетыкі, якія ў сваю чаргу могуць стаць работадаўцамі. Дзякуючы конкурсам па энергазберажэнні, мы можам выяўляць тых дзяцей, якія цікавяцца праблемай энергазберажэння і могуць прыносіць свежыя ідэі для яе вырашэння. Такія школьнікі ў далейшым могуць стаць выдатнымі спецыялістамі.

Дарэчы, нашы студэнты прымаюць удзел у міжнародным інжынерным чэмпіянаце CASE-IN. Гэта самае буйное практыка-арыентаванае спаборніцтва ў Расіі і іншых краінах СНД па рашэнні інжынерных кейсаў. Групе студэнтаў даецца практычныя задача, на выкананне якой адводзіцца тыдзень. У журы чэмпіянату знахо­дзяцца прадстаўнікі буйных энергетычных кампаній. Пераможцаў конкурсу кампаніі забіраюць да сябе на стажыроўку, практыку і ў далейшым на работу.

28—29 сакавіка ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры адбыўся заключны этап ХІІ Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”. Сёлета конкурс прайшоў пры падтрымцы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі.

Рэспубліканскі конкурс “Энергамарафон” ахоплівае ўсе ўстановы адукацыі, акрамя УВА. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца, безумоўна, школы і дзіцячыя сады. Сёлета конкурс праводзіўся ў 2 этапы і па 4 намінацыях.

У намінацыі “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” ў асноўным прымаюць удзел навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, таму што ў іх ёсць больш магчымасцей рэалізацыі тых распрацовак, для якіх неабходна валодаць інжынернымі, эканамічнымі ведамі. Але ў сёлетнім фінале ў згаданай намінацыі перамаглі навучэнцы сярэдняй школы № 1 Дуброўны Андрэй і Ілья Чарнаморцавы з праектам “Аўтаматычныя лініі перакачкі астаткавай энергіі з адпрацаваных батарэек у энергаёмісты акумулятар (Умка — разумны кантэйнер)”. Дзеці прыдумалі спецыяльнае прыстасаванне, якое дазваляе забіраць астаткавую энергію з батарэек і зараджаць акумулятар, які знаходзіцца побач. Пасля з зараджанага акумулятара можна зараджаць тэлефон ці іншыя гаджэты. Устаноўка, распрацаваная школьнікамі, стаіць у магазіне Дуброўны. Жыхары горада далучыліся да разумнай ініцыятывы і з задавальненнем прыносяць батарэйкі ў разумны кантэйнер.

Другое месца за “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні” — у навучэнца Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Андрэя Разганава. Юнак прадставіў распрацоўку “Зніжэнне электрычнай энергіі падчас апрацоўкі драўніны ў сталярна-механічнай майстэрні”.

Цікавы праект быў прадстаўлены навучэнцамі Грыцкевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Нясвіжскага раёна. Лізавета Радаман і Сяргей Малахвей занялі ў вышэйзгаданай намінацыі 3-е месца за распрацоўку “Ацэнкі магчымасцей выкарыстання энергіі тарфянога попелу”. На гарадскіх кацельнях адбываецца актыўнае спальванне торфу, а дзеці пралічылі, што з попелу, які атрымліваецца пасля спальвання, можна зрабіць электраліт. Сутнасць у тым, што попел настойваецца ў вадзе і пачынае працаваць як паўнацэнны электраліт, які можна выкарыстоўваць у звычайных акумулятарах.

У намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” 1-е месца за відэаролік “Свет мае патрэбу ў тваім клопаце” было прысуджана навучэнцу Воранаўскай сярэдняй школы Кармянскага раёна Мікалаю Лашкевічу. Тыя, хто прымае ўдзел у гэтым кірунку, вельмі адказна ставяцца да задання. У дзяцей атрымліваецца гатовая сацыяльная рэклама, якая пасля конкурсу аддаецца тэлеканалам для далейшай раскруткі.

Папулярнай сярод навучэнцаў з’яўляецца “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”. У гэтай намінацыі дзеці пры дапамозе танцаў, тэатральных выступленняў расказваюць, як важна эканоміць і эфектыўна выкарыстоўваць энергію, каб зберагчы навакольнае асяроддзе. Сёлета ў гэтым кірунку з нумарам “Прыдзвінская акадэмія энергазберажэння” перамаглі навучэнцы сярэдняй школы № 12 Віцебска.

У намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі” лепшай стала дзейнасць гімназіі Мсціслава. Навучальнай установе, акрамя дыплома і кубка, быў уручаны сертыфікат на суму 70 000 рублёў у рамках фінансавання Дзяржаўнай праграмы “Энергазберажэнне” на 2016—2020 гады для рэалізацыі мерапрыемстваў па павышэнні энергаэфектыўнасці.

Падрабязней пра конкурс і яго вынікі на сайце http://energoeffekt.gov.by.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.