Развагі пра родную мову

Эсэ

Кросны чалавечага жыцця… З радасцю ткуць яны цікавыя думкі, захапленні і справы. У кожнага сваё прызначэнне на Зямлі, свая дарога і свой лёс. Змяняюцца пакаленні, нараджаюцца новыя таленты. І ўсё гэта па-сапраўднаму мае глыбокі сэнс толькі таму, што падмацоўвае нашы эмоцыі і пачуцці, бясконцыя духоўныя пошукі трывалы падмурак — родная мова. Для нас яна — беларуская, матчына, чароўная, мілагучная, пяшчотная, ласкавая, мяккая, звонкая, палатняная…

Дзякуючы ёй можам пазнаёміцца з народнымі песнямі, казкамі, звычаямі. Дзякуючы ёй ведаем гісторыю беларускага краю з легендаў і паданняў, навуковых кніг. Дзякуючы ёй сёння можам зразумець досціп народа, мудрыя ўрокі нашчадкам, закладзеныя ў прыказках і прымаўках. Нездарма мову не спыняюцца ўслаўляць у высокамастацкіх творах пісьменнікі і паэты, у ёй чэрпаюць натхненне мастакі і музыкі, прысвячаюць сур’ёзныя працы вучоныя.

Родная мова — моцная повязь з каранямі радаводнага дрэва. Родная мова — выток багацця душы. Родная мова — увасабленне будзённага і ўзнёслага, звычайнага і пафаснага, прыватнага і грамадскага.

І як жа бывае хочацца расказаць ці нават напісаць пра сціплую валошку, руплівую сям’ю буслоў, прыгожы кляновы лісток, смачныя стравы з бульбы!.. І ўяўляеш міжволі блакіт азёраў, таямнічасць лясоў і палёў. І не можаш не заўважыць маленькую кропельку расы, узоры на сняжынцы.

Родная мова! Надзвычай каштоўная, бо ў ёй — і бацькоўскі скарб, і матчына песня, і словы шчырай удзячнасці, і наша спадчына…

Нібы верацяно, тчэ родная мова цудоўнае палатно ў шчаслівую будучыню.

Таццяна МОЙСА,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі,
спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама