Разважаючы над цяперашнім, крочым у будучыню

Пад такім дэвізам у Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшоў жнівеньскі педагагічны форум “Сталічная адукацыя: стратэгія фарміравання ключавых кампетэнцый XXI стагоддзя”.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Людміла Макарына-Кібак.
Удзельнікі форуму мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай, на якой былі прадстаўлены лепшы вопыт і напрацоўкі ўстаноў адукацыі сталіцы.

Па словах старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыі Кіндзірэнка, якая прааналізавала вынікі і перспектывы развіцця сістэмы сталічнай адукацыі, час патрабуе ад педагогаў укаранення ў адукацыйны працэс інавацыйных тэхналогій. “Перад сістэмай адукацыі стаіць задача фарміравання асобы, якая валодае кампетэнцыямі XXI стагоддзя. Неабходна знайсці магчымасць зацікавіць кожнага вучня і ўкараняць адукацыйныя праграмы, заснаваныя не толькі на тэарэтычных ведах, але і на практычным эксперыментальным падыходзе”, — адзначыла Марыя Станіславаўна.

Якасць адукацыі з’яўляецца асноўным паказчыкам эфектыўнасці сістэмы адукацыі. Аб яе павышэнні сведчаць вынікі выпускных экзаменаў, цэнтралізаванага тэсціравання, вынікі ўдзелу ў прадметных алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. Па выніках дзяржаўнай выніковай атэстацыі за курс базавай і сярэдняй школы адзнакі высокага і дастатковага ўзроўняў атрымалі практычна 55% навучэнцаў 9-х класаў, больш за 70% 11-класнікаў, вырасла колькасць выпускнікоў з залатымі і сярэбранымі медалямі. Атрыманыя веды яны пацвердзілі на ЦТ: 88 чалавек набралі па розных прадметах 100 балаў, па шасці прадметах мінскія школьнікі паказалі найвышэйшы сярэдні бал у рэспубліцы. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды і конкурсе работ даследчага характару каманда Мінска зноў была лепшай у краіне. Дастойна выступілі сталічныя школьнікі і на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах. У 2018 годзе імі заваявана 26 медалёў рознай вартасці.

— Эфектыўна асвойваюцца бюджэтныя сродкі. У горадзе выкананы, а па шэрагу пазіцый перавыкананы ўсе дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне адукацыі, прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама мэтавыя паказчыкі дзяржаўных праграм. Лічу, што мы маем усе падставы гаварыць аб захаванні высокай маркі сталічнай адукацыі і ганарыцца сваімі дасягненнямі, — падкрэсліла Марыя Кіндзірэнка.

У сталіцы створаны ўсе ўмовы для развіцця здольнасцей дзяцей, дзейнічаюць развітая вучэбная сетка і адукацыйная прастора. У горадзе функцыянуюць 755 устаноў адукацыі ўсіх тыпаў, якія наведваюць больш за 300 тысяч выхаванцаў і навучэнцаў. Сетка працягвае развівацца разам з развіццём горада. У 2017 годзе яна прырасла 4 дзіцячымі садамі і адной сярэдняй школай. Сёлета запланаваны ўвод 5 дашкольных устаноў і 1 сярэдняй школы. Да Дня горада плануецца ўвод 3 дзіцячых садоў у Ленінскім, Фрунзенскім, Цэнтральным раёнах. Прычым, апошні пабудаваны з удзелам замежнага інвестара.

Праз некалькі дзён празвініць першы званок у сярэдняй школе № 204 Маскоўскага раёна, а да канца 2018 года ў ім стане больш і на адну ўстанову дашкольнай адукацыі. За кошт мабілізацыі ўнутраных рэзерваў, вываду 1-х класаў, узнаўлення функцыянальнага прызначэння групавых памяшканняў у мінулым навучальным годзе дадаткова 1220 дзяцей забяспечаны месцамі ў дзіцячых садках. Сёння можна гаварыць пра тое, што вастрыня праблемы забяспечанасці месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі паступова пачынае зніжацца. Акрамя таго, упершыню за апошнія 3 гады сярэдняя ўкамплектаванасць дзіцячых садкоў перастала павялічвацца. Аднак актуальным для Мінска застаецца пытанне забяспечанасці месцамі ў садах крокавай даступнасці. Вырашэнне праблемы — новае будаўніцтва. Горад выдзяляе на гэта сродкі, але тэмпы жыллёвага будаўніцтва па-ранейшаму апярэджваюць развіццё адукацыйнай інфраструктуры.

Пакуль не вырашаецца і праблема наведвання дзіцячага садка дзецьмі, якім споўнілася 6 гадоў. На пачатак мінулага навучальнага года не прыступілі да заняткаў у школе больш за 5000 дзяцей, з іх па медыцынскіх паказчыках — усяго 6%. На жаль, інтарэсы бацькоў з’яўляюцца мацнейшымі за пераканальныя словы і аргументы педагогаў.

Як адзначалася, вядучым напрамкам работы па забеспячэнні якасці адукацыі ў цяперашні час з’яўляецца павышэнне эфектыўнасці функцыянавання ўстаноў, змястоўнае развіццё адукацыйнай прасторы. У дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з запытамі бацькоў пашыраюцца формы яе арганізацыі і спектр дадатковых адукацыйных паслуг, выкарыстоўваюцца сучасныя эфектыўныя развіццёвыя і здароўефарміруючыя тэхналогіі.

Актуалізуецца праблема пераемнасці паміж усімі ступенямі адукацыі. “Практыка паказвае, што ў камандзе настаўнікаў-прадметнікаў, якія працуюць у адной паралелі ў адным класе, як правіла, адсутнічае ўзгодненасць у пытаннях фарміравання ў школьнікаў асноўных кампетэнцый. Часам вучань аказваецца ў разгубленасці: на адных уроках выкарыстоўваецца модульная тэхналогія, на другіх — французскія педмайстэрні і інш. Гаворка не ідзе аб пазбаўленні педагога права выбару методыкі, варта гаварыць аб магчымасці правядзення ўзгодненай мэтанакіраванай каманднай дзейнасці настаўнікаў па фарміраванні ў навучэнцаў ключавых кампетэнцый: па вертыкалі — ад дашкольнай установы да выпуску са школы і па гарызанталі — ва ўсіх класах і паралелях. Гэта сённяшняя задача”, — падкрэсліла старшыня камітэта па адукацыі.

Сёння ў змесце рабоце з адоранымі дзецьмі акцэнты змяшчаюцца з назапашвання фундаментальных акадэмічных ведаў на фарміраванне кампетэнцый, якія дазволяць вучням паспяхова выступаць на алімпіядах, а ў будучыні рэалізоўваць свой патэнцыял. На думку старшыні камітэта, важна праз стварэнне дзіцячых тэхнапаркаў дапамагчы юным даследчыкам увасабляць свае ідэі на практыцы, усведамляць грамадскую карысць ад сваёй дзейнасці. Неабходна таксама знайсці тых, каму вучнёўскія ідэі пададуцца эканамічна выгаднымі, практычна мэтазгоднымі і хто будзе гатовы інвесціраваць у іх увасабленне.

Як падкрэсліла Марыя Кіндзірэнка, у новым навучальным годзе павышаная ўвага будзе ўдзяляцца выхаваўчай рабоце, фарміраванню маральных, сацыяльна-асобасных, агульна-культурных кампетэнцый дзяцей і моладзі праз змест вучэбных прадметаў, новыя метады і формы навучання, узаемадзеянне з бацькамі.

На думку першага намесніка міністра адукацыі Ірыны Старавойтавай, найважнейшая задача развіцця маладзёжнай палітыкі — фарміраванне сацыяльна актыўнай асобы, гатовай прымаць адказныя рашэнні, іншымі словамі, актыўнага грамадзяніна. У новым навучальным годзе стартуе праект “Шаг”: школа актыўнага грамадзяніна. Яго ключавая ідэя — сфарміраваць кампетэнцыі актыўнага грамадзяніна, стварыць на пастаяннай аснове пляцоўку для адкрытага дыялогу моладзі з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, пісьменнікамі і інш. Гэты праект будзе садзейнічаць фарміраванню ў моладзі крытычнага мыслення, аналітычных здольнасцей, камунікатыўных уменняў і навыкаў.

Ірына Старавойтава акрэсліла і кола пытанняў, над якімі неабходна будзе працаваць сістэме адукацыі ў новым навучальным годзе.

— Бацькоў дашкольнікаў клапоціць у першую чаргу наяўнасць месцаў у дзіцячым садку, пажадана побач з домам, стварэнне здароўезберагальных умоў і, несумненна, наяўнасць кваліфікаванага выхавальніка. Таму задача застаецца ранейшай: даступнасць, якасць, здароўезберажэнне. Удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу магчыма праз забеспячэнне ўстановы сучаснымі сродкамі навучання, укараненне новых тэхналогій, прывядзенне ўзроўню адукацыі выхавальніка ў адпаведнасць з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі, у тым ліку шляхам іх перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, — падкрэсліла І.Старавойтава.

На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі важная задача — дапамога ў ажыццяўленні навучэнцамі жыццёвага і прафесійнага выбару. З 1 верасня для вучняў 10 класаў, якія вывучаюць вучэбныя прадметы на базавым узроўні, уведзены вучэбны прадмет “Працоўнае навучанне”, у межах якога будзе рэалізоўвацца адукацыйнай праграма прафесійнай падрыхтоўкі. Па меркаванні першага намесніка міністра, павінна быць выбудавана дакладная мадэль прафесійнай падрыхтоўкі на ўзроўні горада, раёна, установы адукацыі. Мэта такога навучання — прадастаўленне магчымасці атрымліваць першасныя навыкі па пэўнай прафесіі і далейшае прафесійнае самавызначэнне. Для ўстаноў прафесійнай адукацыі гэта шанс атрымаць падрыхтаваных абітурыентаў.

Ірына Старавойтава звярнула ўвагу на тое, што ў Мінску застаецца нізкім кваліфікацыйны ўзровень педагогаў. Па працэнце педагогаў, якія маюць першую і вышэйшую катэгорыю, у горада сёмы паказчык па рэспубліцы.

Мэр горада Андрэй Шорац павіншаваў педагогаў з пачаткам новага навучальнага года і адзначыў, што з вялікім задавальненнем прымае ўдзел у традыцыйным для сталіцы жнівеньскім дыялогу. Лепшыя з лепшых па традыцыі былі ўзнагароджаны. Нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі” адзначаны настаўніца матэматыкі гімназіі №13 Наталля Аляксандраўна Паплаўская, настаўніца фізікі гімназіі № 22 Юлія Генадзьеўна Міханава, загадчыца ясляў-сада № 260 Алена Зіноўеўна Ціханава і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *