Разважліва і без лішняй мітусні

- 12:01Планёрка ў рэгіёне

Кіраўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама Яўген Міхайлавіч Мендзель — асоба аўтарытэтная ў педагагічнай грамадскасці Пінска. І не толькі таму, што ён кіраўнік. Яўген Міхайлавіч да кожнай праблемы ставіцца разважліва і ў крайнасці не кідаецца. Напэўна, таму педагогі Пінска працуюць у такім жа рэжыме.

— Яўген Міхайлавіч, ваш кіраўнічы стыль задае тон усёй сістэме адукацыі. Тым не менш праблемы ўсё ж узнікаюць. Што вас на сёння хвалюе больш за ўсё?
— Больш за ўсё на сённяшні дзень мяне хвалюе тое, што мы не можам пабудаваць дзіцячы садок у новым мікрараёне Радужны. Школа ў гэтым мікірараёне будуецца. У гэтым годзе будаўнічыя работы будуць скончаны і новая навучальная ўстанова прыме сваіх гаспадароў. А на дзіцячы садок пакуль не хапае сродкаў. Усё астатняе вырашаецца ў рабочым парадку. У нас няма праблем з кадрамі, бо як толькі з’яўляецца вакансія, на яе тут жа, на конкурснай аснове, бярэцца новы спецыяліст. Прычым гэта тычыцца як школ, так і дашкольных устаноў адукацыі.

— Сёння педагогі наракаюць на вялікі дакументаабарот. Асабліва дастаецца класным кіраўнікам. Акрамя таго, існуе меркаванне, што ў большасці запаўненне такой колькасці папер ініцыіруецца мясцовымі ўладамі. Што вы думаеце на гэты конт?
— Я не магу сказаць, што ў нашым горадзе занадта вялікі дакументаабарот. Да таго як узначаліць аддзел адукацыі, я амаль 20 гадоў працаваў дырэктарам школы і не дапускаю непатрэбных патрабаванняў. Мы цесна супрацоўнічаем з мясцовай санстанцыяй, міліцыяй, пракуратурай, следчым камітэтам. І ўсе гэтыя органы працуюць у межах сваіх нарматыўных дакументаў, але я не магу сцвярджаць, што ад нас яны патрабуюць лішняе. Напрыклад, з гарадской пракуратурай мы цесна працуем па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх. І я толькі ўдзячны ім за разуменне і супрацоўніцтва, бо прадстаўнікі і міліцыі, і пракуратуры, і следчага камітэта знаходзяць магчымасці, каб сустрэцца і пагутарыць як з навучэнцамі, так і з бацькамі.
Літаральна гэтымі днямі ў нас праходзіў круглы стол разам з санітарнай службай, медыкамі, грамадскімі аб’яднаннямі горада. Мы абмяркоўвалі вынікі двухгадовага праекта па прафілактыцы ВІЧ. Работнікі санітарнай службы пастаянна трымаюць нас у курсе сваіх даследаванняў па захворваннях, а мы гэта выкарыстоўваем у сваёй рабоце.
Празмерная папяровая нагрузка да настаўнікаў і не даходзіць. Нават ад класных кіраўнікоў мы не патрабуем дадатковых справаздач, хаця на іх долю выпадае больш дакументаў, чым у настаўнікаў-прадметнікаў. Калі гаварыць пра сямейную нядобранадзейнасць, то класны кіраўнік сам вырашае, калі наведваць такую сям’ю. Калі ёсць патрэба, то падключаецца і сацыяльна-педагагічная служба. І калі ўжо выяўлены яўныя факты нядобранадзейнасці, то тады складаецца акт. На адным з рэспубліканскіх семінараў даводзілася чуць, што складаюцца акты даследавання на кожнае дзіця ў класе. Я такога не патрабую. Адзінае — класны кіраўнік можа наведаць новую сям’ю, калі дзіця толькі прыйшло ў навучальную ўстанову. А ўжо ў халадзільнік заглядваць увогуле ніхто не мае права. Гэта юрыдычна недапушчальна.

— Застаецца толькі парадавацца за вашых педагогаў, бо тыл у іх сапраўды добры. Яўген Міхайлавіч, створаныя вамі ўмовы павінны толькі спрыяць павышэнню якасці адукацыі ў горадзе.
— Так яно і ёсць. За апошнія гады зменшылася колькасць навучэнцаў з нізкім узроўнем ведаў. Вучэбны матэрыял на высокім, дастатковым і сярэднім узроўні поўнасцю засвойвае 75% навучэнцаў. У рэспубліканскі рэйтынг 50-ці лепшых устаноў па выніках ЦТ увайшлі дзве гімназіі Пінска: №№ 1, 3. А ў рэйтынг ста лепшых агульнаадукацыйных устаноў рэспублікі трапілі тры ўстановы горада. Гэта гімназія № 2, Ліцэй Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і сярэдняя школа № 14.
Значны скачок нашымі навучэнцамі зроблены па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. У мінулым годзе нашы школьнікі заваявалі 51 дыплом. Думаю, што і ў гэтым годзе вынікі будуць нягоршымі. Актыўны ўдзел прымаюць навучэнцы і ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”. У 2014 годзе ўсе 13 работ былі ўдастоены дыпломаў. 7 чалавек сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Калі гаварыць пра педагогаў, то ў нашых навучальных установах працуе 20 бакалаўраў і 14 магістраў навук. Вышэйшую адукацыю маюць 90,8% настаўнікаў школ і гімназій горада. Ёсць у нас пераможцы абласнога і лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года-2014”. Гэта настаўніца гісторыіі сярэдняй школы № 16 Пінска Алена Уладзіміраўна Ярашук і выхавальнік ясляў-сада № 10 Вікторыя Зіноўеўна Драбышэўская.
Акрамя таго, Пінск мае вядучыя пазіцыі ў вобласці па паказчыках развіцця фізічнай культуры сярод насельніцтва. У 2014 годзе была пабудавана футбольная акадэмія, уведзена ў эксплуатацыю сярэдняя школа “БЕЙС-АГАРОН”. У мінулым годзе Пінск прымаў удзельнікаў спартакіяды Саюзнай дзяржавы, а ў красавіку 2015 года наш горад стане месцам правядзення чэмпіянату свету па футзале.

— Яўген Міхайлавіч, вялікі дзякуй за размову і поспехаў вам і вашым педагогам.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.