Развітальная прамова і першая прэс-канферэнцыя

- 8:40Інфармацыйная гадзіна

Сорак чацвёрты Прэзідэнт ЗША Барак Абама звярнуўся да амерыканцаў з развітальнай прамовай. Як паведамляюць інфармагенцтвы, сыходзячы кіраўнік Белага дома выступіў у сваім родным горадзе Чыкага.

У сваёй прамове ён адзначыў поспехі амерыканцаў у барацьбе з тэрарызмам. Паводле яго слоў, “ІД будзе знішчана, і ніхто, хто пагражае Амерыцы, ніколі не будзе ў бяспецы”. Таксама Абама паведаміў, што ЗША адкрываюць новую главу ў адносінах з Кубай, а ядзерная праграма Ірана ўжо закрыта “без адзінага стрэлу”. Пакуль яшчэ дзеючы прэзідэнт падкрэсліў важнасць росту талерантнасці і роўнасці ў ЗША, удзяліўшы асаблівую ўвагу амерыканскай дэмакратыі. Ён падзякаваў грамадзянам ЗША і сказаў, што незалежна ад таго, ці заўсёды ён жыў у згодзе з амерыканцамі, прэзідэнцтва і народ яго натхнялі. Абама таксама падзякаваў сваёй жонцы Мішэль, якая ўсе гэтыя гады была яго лепшым сябрам, і выказаў захапленне сваімі дочкамі. Барак Абама пакіне Белы дом 20 студзеня. У гэты дзень адбудзецца інаўгурацыя выбранага прэзідэнта Дональда Трампа.

* * *

Выбраны Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў на гэтым тыдні сваю першую прэс-канферэнцыю ў Trump Tower.

Дональд Трамп зрабіў шэраг заяў. У прыватнасці, гаворачы пра адносіны з Расіяй, ён адзначыў, што “Расія і ўсе краіны будуць паважаць ЗША значна больш пасля яго прыходу ва ўладу”. Таксама ён падкрэсліў, што “кнопкі перазагрузкі” ў адносінах з Расійскай Федэрацыяй няма, Масква і Вашынгтон або паладзяць, або не”.

Гаворачы пра кампрамат, выбраны Прэзідэнт ЗША сказаў, што паважае заяву Масквы аб адсутнасці ў яе кампрамату на яго, а таксама Трамп абвінаваціў амерыканскія СМІ ў распаўсюджванні інфармацыі, якая няславіць яго. Каменціруючы інфармацыю пра хакерскія атакі, Дональд Трамп заявіў, што праз тры месяцы разведка ЗША павінна прадставіць пашыраны даклад пра хакерскія атакі. Адказваючы на пытанні пра бізнес, ён сказаў, што цалкам адыдзе ад сямейнага бізнесу і перадасць яго сваім сынам Дону і Эрыку, сам не будзе заключаць ніякіх пагадненняў за межамі ЗША, не будзе ўдзельнічаць у прыняцці якіх-небудзь рашэнняў, якія тычацца здзелак.