Развітанне з “Букваром”

Самыя маленькія члены вялікай сям’і сярэдняй школы № 7 Навагрудка развітваліся з “Букваром” — кнігай, якая стала для першакласнікаў добрым сябрам і дарадцам, адкрыла дарогу ў цудоўную краіну ведаў. За “Букваром” абавязкова пойдуць іншыя кнігі, не менш цікавыя і пазнавальныя, бо чытанне — гэта ключ да ведаў, забяспечвае духоўны рост і інтэлектуальную самастойнасць.

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна празвінеў першы званок і паклікаў дзяцей на першы ўрок. Першакласнікі пераступілі парог школы і пазнаёміліся з першай настаўніцай і падручнікам.

У рамках урачыстага мерапрыемства маленькія артысты прадэманстравалі бацькам і педагогам святочную літаратурна-мастацкую кампазіцыю. Першакласнікі чыталі вершы, спявалі песні, паказвалі інсцэніроўкі, выступалі з прыпеўкамі пра школьнае жыццё.

Дзеці, якія год таму саромеліся выйсці на сцэну, запіналіся на кожным слове, цудоўным чынам удасканаліліся, сталі артыстычнымі і свабоднымі.

Гасцямі свята былі бацькі першакласнікаў, бабулі і дзядулі, а таксама адміністрацыя школы. У актавай зале не было свабодных месцаў. Панавала атмасфера дабрыні, загадкавасці і адказнасці. Дзецям было цікава выступаць, а бацькам — назіраць, як іх дзеці выраслі.

Поспехаў вам, нашы маленькія сябры!

С.Д.ПІЛЮЦІК,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Навагрудка.