Развітанне з ёлкай

Навагоднія святы — час чараўніцтва, казкі, цудаў, весялосці, падарожжаў, калі ўсё напоўнена зімовым водарам, цяплом і радасцю. Але святы неўзабаве адшумелі, прыйшоў час здымаць цацкі з прыгажуні ёлкі і хаваць іх у скрынкі да наступнага Новага года… І ў падзяку за радасць і весялосць мы вырашылі развітацца з навагодняй прыгажуняй. Магчыма, калі-небудзь у нашым дзіцячым садзе гэта стане старой добрай традыцыяй.

Як лагічнае завяршэнне навагодніх святаў у яслях-садзе “Вясёлка” в. Мышкавічы прайшла забава “Развітанне з ёлкай”. Усе дзеткі мелі магчымасць прачытаць каля ёлкі навагоднія вершы, вадзілі карагоды, гулялі, танцавалі, весяліліся.

У падрыхтоўцы да свята былі задзейнічаны ўсе члены творчага калектыву дзіцячага сада: музычны кіраўнік, кіраўнік фізвыхавання, выхавальнікі і памочнікі выхавальнікаў, работнікі кухні, прыбіральшчыкі і нават дворнік. Дзякуючы нашаму спонсару ААТ “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага для дзяцей было арганізавана “навагодняе кафэ” каля ёлкі з прысмакамі, з вітаміннай гарбатай і садавінай. Радаснаму настрою дзетак спрыяла святочная атмасфера: прыгожа сервіраваны стол з беласнежнымі сурвэткамі, навагоднія букеты, зіхатлівая ёлка, святочна апранутыя дзеці і дарослыя. Ну, а другая палова свята — доўгачаканая дыскатэка! Дзеці і дарослыя вадзілі карагоды, удзельнічалі ў танцавальных гульнях з казачнымі персанажамі, весяліліся, танцавалі. Выхаванцы старшых груп асабліва чакалі павольных танцавальных кампазіцый, каб прадэманстраваць культуру парнага танца, зносіны з партнёрам супрацьлеглага полу. Хлопчыкі ператварыліся ў галантных кавалераў, а дзяўчынкі — у цудоўных дам.

Завяршаючы свята, дзеці і дарослыя развіталіся з Ёлачкай да наступнага Новага года: “Да пабачэння, ёлачка, да будучай зімы, доўга цябе, ёлочка, будзем памятаць мы!”. Навагодняя прыгажуня, развітваючыся з дзятвой, гасіць свае агні.

Дзякуючы створанай дарослымі святочнай атмасферы, спрыяльнаму эмацыянальнаму настрою, на шчаслівых тварах ззялі ўсмешкі. Дзеткі атрымалі незабыўныя ўражанні ад развітання з ёлкай.

Наталля САЛАМАХА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада “Вясёлка” в. Мышкавічы

Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.