Геаграфія — прадмет вельмі цікавы, панарамны і прыкладны. Вучні ж да яго ў большасці сваёй ставяцца прадузята, бо геаграфія пры паступленні практычна нідзе не патрэбна. Але яна трэба для жыцця, для развіцця базавага ўмення кожнага чалавека — арыентавацца ў прасторы. Настаўніца геаграфіі гімназіі № 46 Гомеля імя Блёза Паскаля Святлана Сяргееўна Сямерная — педагог з вельмі шырокім кругаглядам, уменнем бачыць перспектыву, таму яе вучні не проста любяць геаграфію. Яны натхняюцца гэтым прадметам, і іх натхненне перарастае ў праекты і даследаванні з практычным выхадам. Сёння Святлана Сяргееўна дзеліцца некаторымі сакрэтамі свайго педмайстэрства.
— Даследчая дзейнасць — адзін з эфектыўных метадаў развіццёвага навучання. Зацікаўленасць вашых вучняў яшчэ раз пацвярджае неаспрэчнасць выкарыстання такога метаду. Асаблівасцю развіццёвага навучання з’яўляецца тое, што здольнасці вучня развіваюцца ў дзейнасці, якая напрамую звязана з даследаваннем.
— У развіццёвым навучанні навыкі дзіцяці фарміруюцца праз дзейнасць. Усе тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці, носяць асобасна арыентаваны характар. Геаграфія — гэта інтэграваны прадмет, які абвальвае на галовы дзяцей велізарную колькасць паняццяў, фактаў, інфармацыі, характарызуе асаблівасці прыроды розных раёнаў зямнога шара. Толькі ўсталяваўшы сувязі паміж працэсамі, якія адбываюцца на Зямлі, навучэнцы змогуць адчуць радасць самастойнага адкрыцця.
У сувязі з гэтым на ўроках неабходна развіваць мысленне навучэнцаў, выкарыстоўваючы розныя прыёмы для фарміравання ўменняў і навыкаў праз даследчую дзейнасць. У выніку даследавання вучань робіць для сябе адкрыццё, знаходзіць тлумачэнне новай для сябе з’явы, задумваецца над высвятленнем яе прыроды, устанаўлівае сувязь паміж з’явамі, знаходзіць шляхі прадказання наступстваў.
Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 44, 18 красавіка.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.