У межах рэалізацыі чарговага этапу праекта “Духоўнасць і патрыятызм: дыялогі з “Настаўніцкай”, прымеркаванага да 80-годдзя газеты, кіраўнікі ўстаноў адукацыі Лоеўшчыны наведалі храм-помнік у гонар Усіх Святых, мінскі Дом міласэрнасці, а таксама сталі ўдзельнікамі дыялогавай пляцоўкі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Эмацыянальнай і ўзвышанай стала экскурсія па храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны. У гэтым месцы сабраны і гістарычныя артэфакты, і духоўныя апоры.
Як падкрэсліла дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Кацярына Дубінская, метавіта таму яно і было выбрана для такіх сустрэч з педагогамі краіны, “каб узбагаціцца і з новымі сіламі брацца за вырашэнне ўзнікаючых пытанняў”.
Наведванне крыпты заўсёды ўзрушвае. Яна, як і было задумана, стала сапраўднай нацыянальнай святыняй і ўяўляе сабой своеасаблівую кнігу памяці.
Зала з нішамі, у якіх размешчаны саркафагі з астанкамі ўдзельнікаў трох войнаў (Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гадоў, Першай сусветнай вайны 1914—1917 гадоў, Айчыннай вайны 1812 года), а таксама зямля з магілы Максіма Багдановіча, — асаблівае месца. Тут наведвальнікі не проста адчуваюць датычнасць да гісторыі, але і ўсведамляюць яе значнасць.
Зала з мемарыяльнымі дошкамі, якімі ўшанавана памяць воінаў-інтэрнацыялістаў, ахвяр чарнобыльскай катастрофы, загінуўшых на Нямізе, на станцыі метро “Кастрычніцкая”, — месца памяці і смутку.
Цэнтральная частка крыпты — гэта зала з нязгаснай лампадай, мошчамі святых, зямлёй у капсулах з месцаў пахаванняў герояў краіны розных гадоў. У прыватнасці, тут ёсць капсула з зямлёй з былых канцэнтрацыйных лагераў Азарычы (Гомельская вобласць, Калінкавіцкі раён), які быў адзіным лагерам, дзе мірнае насельніцтва ўтрымлівалася ў балоце ў халодную пару года, без прытулку, цяпла і ежы і куды за 9 дзён было сагнана больш за 50 тысяч мірных жыхароў Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі — старых, непрацаздольных жанчын, дзяцей, з якіх у жывых засталося 34 тысячы; Чырвоны Бераг (Гомельская вобласць, Жлобінскі раён) — у 1943—1944 гадах тут знаходзіўся адзін з 14 на тэрыторыі Беларусі дзіцячых канцлагераў, дзе ўтрымліваліся дзеці са Жлобінскага, Рагачоўскага, Страшынскага, Добрушскага і іншых раёнаў Беларусі, з Украіны, Прыбалтыкі, Смаленска, Бранскай вобласці, у якіх бралі кроў для нацысцкіх салдат і афіцэраў; з былога дзіцячага дома вёскі Сёмкава, дзеці якога былі донарамі для нацыстаў.
Пасля ўзнёслага слова экскурсавода важным і кранальным стала запальванне свечак, каб ушанаваць памяць загінуўшых і памерлых.
У музеі памяці ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены лічбы і гістарычныя факты, якія сведчаць пра людскія страты падчас войнаў з XI па ХХ стагоддзе на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі. У прыватнасці, ёсць звесткі пра Грунвальдскую бітву 1410 года (удзел харугваў Вялікага Княства Літоўскага ў бітве); Айчынную вайну 1812 года (бой каля млына 27-га пяхотнага палка князя І.Паскевіча ў вёсцы Салтанаўка Магілёўскай вобласці); Першую сусветную вайну 1914—1918 гадоў (вулічныя баі ў Смаргоні і першая газавая атака на Рускім фронце летам 1915 года); Вялікую Айчынную вайну 1941—1945 гадоў (апошні бой за вызваленне Мінска 3 ліпеня 1944).
Асаблівую цікавасць выклікаюць манекены беларускіх воінаў у поўнай ваеннай амуніцыі, якая адпавядае пэўнаму гістарычнаму перыяду. Гэта шляхетны рыцар Заслаўска-Мінскай харугвы ВКЛ у латах коннага воіна; гусар 7-га Беларускага гусарскага палка перыяду 1812 года; салдат-пехацінец 54-га Мінскага пяхотнага палка перыяду 1916 года; гвардыі старшына аднаго са стралковых карпусоў 11-й Гвардзейскай арміі 3-га Беларускага фронту, якія прымалі ўдзел у вызваленні беларускай сталіцы.
У музеі чатыры залы з вялікай колькасцю аўтэнтычных экспанатаў, якія гарманіруюць з інтэрактыўнымі. Рэалізацыя тэхналагічнага падыходу дазваляе прыўносіць у экскурсійны маршрут элемент сучаснасці, што знаходзіць водгук у дзіцячай аўдыторыі.
Айцец Сергій у размове з гасцямі адзначыў важную місію педагогаў — выхаваць чалавека, дапамагчы яму вызначыцца, каб стаць дастойным грамадзянінам сваёй краіны. Акрамя таго, ён спыніўся на важнасці ўзаемадзеяння царквы і школы, бо толькі ў супрацоўніцве можна дасягнуць поспеху ў выхаванні маладога пакалення.
“Мы ўражаны і ўдзячны за магчымасць пабыць у храме-помніку. Выдатна, што ў нашай краіне створаны такія духоўныя апоры, якія спрыяюць развіццю маральнасці і патрыятызму, бо адно без другога немагчыма. Канечне, цяпер будзем планаваць прывезці сюды нашых вучняў, каб і яны змаглі адчуць такія ж эмоцыі. Сёння мы атрымалі духоўныя арыенціры, якія стануць асновай для далейшага нашага развіцця”, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі Лоеўскага райвыканкама Аксана Юкоўская.
Прадстаўляючы сістэму работы па духоўна-маральным выхаванні свайго рэгіёна, Аксана Аркадзьеўна паведаміла, што ва ўсіх установах адукацыі педагогі імкнуцца выхоўваць у дзяцей такія якасці, як любоў да бліжняга, міласэрнасць, дружалюбнасць, грмадзянскасць і патрыятызм.
“Кожны наш навучэнец павінен стаць чалавекам, дастойным грамадзянінам сваёй краіны”, — падсумавала начальнік аддзела адукацыі.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА