Развіццё турызму прыносіць ужо нядрэнныя сродкі ў эканоміку

Цікавасць замежных турыстаў да Беларусі штогод расце. Аб гэтым заявіў на міжнародным вясеннім кірмашы турыстычных паслуг “Адпачынак-2018” міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук.

“Думаю, у Беларусі шырокае поле для развіцця турызму. Калі мы правільна будзем арганізоўваць і праводзіць гэтую работу, то атрымаем вынік”, — адзначыў Сяргей Кавальчук. Міністр расказаў, што сам пабываў у чатырох дзясятках краін і ў Беларусі ёсць усе магчымасці для больш поўнага выкарыстання турыстычнага патэнцыялу. Развіццё турызму прыносіць ужо нядрэнныя сродкі ў беларускую эканоміку.

Сяргей Кавальчук лічыць, што ўвядзенне пяцідзённага бязвізавага рэжыму для турыстаў, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, поўнасцю сябе апраўдала. Што тычыцца павелічэння тэрміну да 10 дзён, то гэтае рашэнне знаходзіцца не ў кампетэнцыі Мінспорту, аднак турыстычная галіна разлічвае, што тэрмін бязвізавага знаходжання будзе падоўжаны.

У 2018 годзе Беларусь мае намер павялічваць узаемныя турыстычныя патокі з Кітаем. Да гэтага ёсць узаемная цікавасць, падкрэсліў міністр.

На кірмашы турпаслуг “Адпачынак-2018” былі прадстаўлены больш за 120 удзельнікаў з 16 краін.

Акрамя беларускіх кампаній, у кірмашы прынялі ўдзел прадстаўнікі турыстычнай індустрыі з Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Егіпта, КНР, Кубы, Латвіі, Літвы, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Сербіі, Турцыі, Украіны, Чэхіі.